Грыква

Грыква
(Griekwa )
Малюнак XIX ст.
Агульная колькасць болей за 100 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка
Мова грыква, афрыкаанс
Рэлігія пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы гатэнтоты, нама, афрыканеры, орлам, бастэры

Грыква (афр.: Griekwa) — група еўрапейска-афрыканскіх крэолаў. Жывуць пераважна ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Намібіі. Агульная колькасць грыква не вядома, паколькі яны не фіксуюцца ў перапісах як цалкам асобны этнас. У 2014 г. каля 100 чалавек размаўлялі на мове грыква.

Адам Кок III, капітан грыква, ў 1848 г.

Грыква сфарміраваліся ў XVII - XVIII стст. у выніку сувязяў паміж еўрапейцамі, насельнікамі галандскай Капскай калоніі, і прадстаўніцамі мясцовых народаў гатэнтотаў і нама. Дырэктар Лонданскага місіянерскага таварыства, які ўпершыню ў 1813 г. выкарыстаў назву "грыква" лічыў іх нашчадкамі гатэнтотаў-чарыгурыква. У канцы XVIII ст., калі Капская калонія была захоплена Вялікабрытаніяй, грыква ўяўлялі сабою адну з груп бастэраў. Яна складалася з некалькіх пашыраных сем'яў.

Пры пасрэдніцве місіянераў грыква атрымалі права на землі на месцы сучаснага паўднёваафрыканскага горада Грыквастада, была сфарміравана іх асабістая структура кіравання на чале капітанаў і магістрата. У выніку перасялення на прасторах унутраных раёнаў Паўднёвай Афрыкі была створана тэрыторыя Грыкваленд. Асноўным заняткам перасяленцаў-крэолаў былі жывёлагадоўля (разводзілі авечак і кароў), здабыча слановай косці, пасрэдніцкі гандаль паміж еўрапейцамі і мясцовымі афрыканскімі народамі, але таксама рабілі напады на бушменаў і зулусаў.

Сутычкі з зулусамі скончыліся паражэннем, якое саслабіла грыква. Сітуацыя ўскладнілася перасяленнем бураў і стварэннем імі сваіх дзяржаўных утварэнняў. Буры адмоўна ставіліся да грыква як "каляровых", ніжэйшых па паходжанню, чым еўрапейцы. У 1859 - 1862 гг. грыква былі вымушаны перадаць бурам за выкуп значную частку сваіх зямель.

У 1860-ыя гг. вялікая частка грыква перасяліліся на ўсход сучаснай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, дзе атрымала ад Вялікабрытаніі землі ў карыстанне. Аднак многія грыква прадавалі зямлю еўрапейцам фактычна за бесцань. У 1878 г. брытанская адміністрацыя прыняла рашэнне аб пазбаўленні грыква іх валоданняў. Гэта прывяло да паўстання ўсходніх грыква. Пасля яго паражэння ў 1879 г. асабістае ўнутранае кіраванне грыква было адменена. У 1898 г. у Наталі зноў успыхнула узброенае паўстанне 50 грыква, якое было задушана брытанскімі салдатамі. У 1927 г. частка грыква арганізавана перасялілася ў раён Кейптаўна.

У перыяд існавання сістэмы апартэіда ў ПАР грыква лічыліся каляровым насельніцтвам і былі пазбаўлены многіх грамадзянскіх правоў.

У нашы дні ў ПАР дзейнічае Нацыянальная рада народа грыква.

Вернікі грыква — пратэстанты. Частка вернікаў складае асобную царкву грыква, сфарміраваную ў XIX ст.

Большасць грыква размаўляе на афрыкаанс. Захавалася таксама асобная мова грыква, блізкая да мовы гатэнтотаў, аднак колькасць яе носьбітаў у нашы дні абмяжоўваецца 100 чалавекамі.