Джозеф Баерлі | |
---|---|
англ.: Joseph R. Beyrle | |
Дата нараджэння | 25 жніўня 1923 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 снежня 2004 (81 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Дзеці | John Beyrle[d] |
Грамадзянства | |
Род войскаў |
паветрана-дэсантныя войскі (у ЗША), бранятанкавыя войскі (у СССР) |
Званне | старшы сяржант |
Часць |
506-ы парашутна-пяхотны полк 101-й паветрана-дэсантнай дывізіі (1942—1944) 1-ы гвардзейскі танкавы батальён 1-й гвардзейскай танкавай брыгады (1945) |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Джозеф Баерлі (англ.: Joseph Beyrle; 25 жніўня 1923 — 12 снежня 2004) — амерыканскі вайсковец. Падчас Другой сусветнай вайны змагаўся спачатку ў амерыканскай арміі, а потым у РСЧА. Ягоны сын, Джон Баерлі, у 2008—2012 гадах працаваў паслом ЗША ў Расіі.
Нарадзіўся ў мястэчку Маскігон (штат Мічыган, ЗША).
Пасля заканчэння ў 1942 годзе школы запісаўся добраахвотнікам у войска. Накіраваны ў 506-ы парашутна-пяхотны полк 101-й дэсантнай дывізіі. Служыў у англійскім горадзе Рамсберы, дзе яго часць рыхтавалася да адкрыцця Другога фронту. У красавіку і маі 1944 года ўдзельнічаў у двух баявых аперацыях па дастаўцы золата французскаму супраціўленню.
6 чэрвеня 1944 года, у дзень адкрыцця Другога фронту, самалёт С-47, у якім знаходзіўся Баерлі (у той час сяржант), трапіў пад абстрэл над узбярэжжам Нармандыі. Выскачыўшы з самалёта баец страціў сувязь з іншымі парашутыстамі, але ўсё ж змог падарваць электрычную падстанцыю. Вайсковец падарваў яшчэ некалькі аб’ектаў, пакуль праз некалькі дзён не трапіў у палон да немцаў.
На працягу наступных сямі месяцаў Баерлі ўтрымліваўся ў сямі розных германскіх турмах. Ён двойчы бег, але абодва разы быў злоўлены. Разам з іншымі палоннікамі сяржант спадзяваўся дабрацца да Чырвонай арміі, якая знаходзілася непадалёк. Падчас другой спробы, апынуўшыся ў Польшчы, ён і іншыя беглыя ваеннапалонныя памылкова селі ў цягнік, які ішоў у Берлін. Там амерыканец трапіў да гестапа, але неўзабаве яго перадалі вайскоўцам.
Байца накіравалі ў канцлагер у Альт-Дрэвіцы, прадмесце польскага гарадка Костшын над Одран. У пачатку студзеня 1945 года палоннік яшчэ раз бег, на гэты раз паспяхова, ідучы ў напрамку гукаў кананады 1-га Беларускага фронту. Праз пару тыдняў сяржант змог дайсці да лініі фронту і, пасля перасячэння яе, знайсці савецкую танкавую брыгаду. Выходзячы насустрач чырвонаармецам з паднятымі рукамі і пачкам цыгарэт Lucky Strike, ён паўтараў з акцэнтам: «Я — амерыканскі таварыш! Я — амерыканскі таварыш!». Баерлі, трапіўшы да саюзнікаў, угаварыў камандзіра танкавага батальёна дазволіць яму застацца і ваяваць разам з імі. У савецкіх войсках ён служыў як падрыўнік і кулямётчык[2].
Батальён, у якім ваяваў Баерлі, у канцы студзеня вызваліў той самы канцлагер, з якога ён збег. У пачатку лютага амерыканец атрымаў цяжкае раненне (трапіў пад бамбёжку Ju.87) і быў адпраўлены ў савецкі шпіталь у Ладсбергу (цяпер гэта польскі горад Гожаў Велькапольскі). У шпіталь прыехаў маршал Георгій Жукаў і, даведаўшыся пра амерыканскага дэсантніка, захацеў з ім пазнаёміцца. Баерлі папрасіў маршала дапамагчы яму вярнуцца дадому. Па загадзе Жукава вайскоўцу далі афіцыйны ліст, які ён прад’яўляў пры праверцы дакументаў па шляху ў Маскву, так як усе яго дакументы засталіся ў немцаў. У лютым 1945 года ён дабраўся да пасольства ЗША.
Ад дыпламатаў сяржант даведаўся, што ваенны дэпартамент абвясціў яго загінулым яшчэ 10 чэрвеня 1944 года. У царкве роднага горада была адслужана паніхіда, а ў мясцовай газеце быў апублікаваны некралог. Да таго, як па адбітках пальцаў пацвердзілі асобу ваеннаслужачага, Баерлі ўтрымліваўся пад аховай марскіх пяхотнікаў у гасцініцы «Метраполь».
21 красавіка 1945 года вярнуўся ў Мічыган.
Пасля вайны 28 гадоў працаваў у кампаніі «Brunswick Corporation», адкуль сышоў на пенсію на пасадзе начальніка аддзела дастаўкі.
Памёр 12 снежня 2004 года ад прыступу сардэчнай недастатковасці. Пахаваны на Арлінгтонскіх вайсковых могілках.
У 1946 годзе ажаніўся з Джаанай Хэловел.
У Джозефа Баерлі засталіся трое дзяцей, сем унукаў і адзін праўнук. Яго сын Джон Баерлі з 2008 па 2012 год з’яўляўся паслом ЗША ў Расіі.