Горад
Дзісна
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Дзісна́[2] (трансліт.: Dzisna) — горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну. За 45 км на ўсход ад г. Мёры, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Боркавічы на лініі Полацк — Даўгаўпілс (Латвія), аўтамабільнай дарогай Р14 звязаны з Мёрамі і Полацкам. Насельніцтва налічвае 1 500 чал. (2017)[3].
Назва паселішча ад рачной назвы Дзісна — гідроніма балцкага паходжання.
У назве Дзісна аснова Di-s- можа быць звязаная з індаеўрапейскім *dei- / dī- "свяціць" (> літоўскае diena "(светлы) дзень"), які таксама бачаць у назве Дзітва[4]. Тады Дзісна мусіла б значыць "Блішчастая (рака)", як і назвы Лучоса, Свіцязь.
Старажытнае паселішча, папярэднік сучаснага горада, існавала на мысе правага берага рэчкі Дзісна яшчэ ў X—XI стст. як горад Полацкай зямлі. З XIII ст. пачалося паступовае засяленне левага берага. У 1301 г. мясцовасць далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[5].
Першы пісьмовы ўспамін пра Дзісну як умацаваны замак Капец-гарадок (ад слова «капа́ць») датуецца 1374 г. Замак выконваў ролю фарпоста Полацка на Дзвіне, кантраляваў увесь рачны рух і подступы да сталіцы Полацкай зямлі. У 1461 г. паселішча ўпершыню згадваецца пад цяперашняй назвай (двор Дзісна).
У 1566 г. вялікі князь Жыгімонт Аўгуст загадаў пры Дзісенскім замку і пад яго аховай заснаваць горад, жыхарам якога даў розныя палёгкі тэрмінам на 8 гадоў. У 1567 г. Жыгімонт Аўгуст надаў Дзісне першы герб («тры вежы з муру»), а 20 студзеня 1569 г. — магдэбургскае права і новы герб: «у блакітным полі ладдзя з разгорнутым парусам»[6]. У часы Інфлянцкай вайны ў 1579 г. тутэйшы замак стаў цэнтрам збору войскаў караля і вялікага князя Стэфана Баторыя перад вызваленчым паходам на Полацк.
У 1581 г. у Дзісне заснавалі фарны касцёл (пры ім з 1775 г. дзейнічала школа), у 1630 г. — кляштар францысканцаў, а ў 1633 г. — манастыр пры Уваскрасенскай царкве. Пасля атрымання статусу горада, з XVII ст. Дзісна стала цэнтрам староства Полацкага ваяводства, значным гандлёва-рамесніцкім асяродкам.
У пачатку Трынаццацігадовай вайны ў 1654 г. бурмістар Дзісны здаў горад войску Маскоўскай дзяржавы. 10 красавіка 1661 г. шляхта, казакі, мяшчане і павятовыя мужыкі, што знаходзіліся ў замку, звязалі акупантаў і адчынілі браму войску Вялікага Княства Літоўскага (здрадніка-бурмістра павесілі ў замкавай браме)[7]. У 1773 г. завяршылася будова мураванага касцёла пры кляштары францысканцаў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дзісна апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам павета Мінскай, з 1842 г. — Віленскай губерні. 23—24 красавіка 1831 г. паўстанцы ў колькасці да 3000 чалавек вызвалілі Дзісну з-пад расійскай улады.
Значную шкоду Дзісне і яе гаспадарцы прычынілі пажары і паводкі (у 1865, 1870, 1872, 1878 і 1882 гг.), у часе якіх пацярпелі Уваскрасенская (мураваная, збудаваная ў 1870 г.) і Мікалаеўская (да 1842 г. касцёл) цэрквы. Напярэдадні пажару 1882 г. вядомы расійскі падарожнік П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну найлепшым горадам Віленскай губерні.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Дзісна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам павета Віленскага ваяводства.
У 1939 г. Дзісна ўвайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 г. зрабілася цэнтрам раёна Вілейскай, з 20 верасня 1944 г. Полацкай, з 8 студзеня 1954 г. Маладзечанскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 гг. Дзісна пад нямецкай акупацыяй; гітлераўцы стварылі тут лагер смерці. У чэрвені 1942 г. у горадзе было знішчана 2181 чал.[8]
З 3 кастрычніка 1959 г. Дзісна ўваходзіць у склад Мёрскага раёна.
Прадпрыемствы лёгкай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Дзісны |
---|
|
У Дзісне працуюць сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат.
Медыцынскія паслугі аказвае бальніца.
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, дом рамёстваў.
Спыніцца можна ў гарадской гасцініцы[12].
Адноўлены касцёл | Сінагога | Руіны бальніцы |