Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Драгічын, Драгічын-Надбужскі (польск.: Drohiczyn) — горад у Польшчы, уваходзіць у склад Семятыцкага павета Падляскага ваяводства. Сядзіба вяскова-гарадской гміны Драгічын. Знаходзіцца на поўдзень ад Беластока, на аўтамагістралі Стрэльна — Сямяцічы, на Драгічынскім узвышшы, на рацэ Буг, ля паўднёва-заходняй мяжы этнічнай тэрыторыі беларусаў. Колькасць насельніцтва — 2,1 тыс. чал. (2004).
Паводле версіі, якую ў сярэдзіне XV ст. высунуў Ян Длугаш, тапонім Дарагічын паходзіць з яцвяжскай (балцкай) мовы.
Упершыню Дарагічын упамінаецца ў XI ст., калі ён уваходзіў у склад Тураўска-Пінскага княства[1]. У XII—XIII стагоддзях Дарагічын знаходзіўся пад уладай Галіцка-Валынскага княства, дзе быў цэнтрам Дарагічынскай зямлі. У 1230-я гады горада захапіў мазавецкі князь Конрад і перадаў яго дабжынскім рыцарам. У 1238 годзе галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч разбіў рыцараў і вярнуў Дарагічын пад сваю ўладу. У 1254 годе тут адбылася каранацыя Данілы Раманавіча.
У 1273 годзе Дарагічын занялі войскі Трайдзеня, потым горада спустошылі мангола-татары.
У 1325 годзе згодна з дамовай паміж вялікім князем Гедзімінам і каралём польскім Уладзіславам I Лакатком, Падляшша разам з Дарагічынам прызнавалася за Вялікім Княствам Літоўскім. У 1390 годзе мазавецкі князь Януш захапіў Дарагічын, а ў 1391 годзе вялікі князь Ягайла падараваў яму горада. У 1405 годзе Дарагічын вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае. 4 кастрычніка 1498 года кароль і вялікі князь Аляксандр надаў гораду Магдэбургскае права.
29 жніўня 1513 года Дарагічын стаў цэнтрам Падляскага ваяводства[2]. У XVI ст. у месце існавалі Спаскі і Траецкі манастыры, цэрквы Багародзіцы, Барбары і Ільі[3]. У гэты час Дарагічын атрымаў уласны герб «у чырвоным полі залатая галава зубра з чырвонымі вачыма»[4].
У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Дарагічын перайшоў да Каралеўства Польскага. У гэты час ён знаходзіўся ў валоданні Кішкаў. На 1576 год тут было 327 будынкаў. У часы Паўночнай вайны (1655—1660) у 1657 годзе шведскае войска зруйнавала горада разам з замкам. У 1660 годзе яго спустошылі маскоўскія захопнікі. У XVII—XVIII стагоддзях у Дарагічыне існавала праваслаўнае Мікалаеўска-Спаскае брацтва. У 1646 годзе ў месце знаходзілася езуіцкая рэзідэнцыя, якую ў 1747 годзе ператварылі ў калегіум. У 1661 годзе тут працавала езуіцкая школа (існавалі музычная бурса, бібліятэка, аптэка, дзейнічаў тэатр). У 1696—1709 гадах езуіты збудавалі ў Дарагічыне касцёл Найсвяцейшай Тройцы. На 1713 год у месце было 117 будынкаў. У сярэдзіне XVIII ст. тут збудавалі кляштары бенедыкцінак і францысканцаў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Дарагічын падзялілі паміж Прусіяй (правабярэжжа) і Аўстрыяй (левабярэжжа, Руская Старана), у 1807 годзе правабярэжная частка горада апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе ў 1808 годзе стала цэнтрам павету. У 1842 годзе Дарагічын стаў заштатнам горадам. 13 ліпеня 1864 года з'явіўся праект расійскага гарадскага герба.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Дарагічын занялі войскі Германскай імперыі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Драгічын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 289 жылых дамоў.
З пачаткам Другой сусветнай вайны 15 верасня 1939 года Драгічын акупавалі войскі Трэцяга Рэйха, але праз тыдзень горад перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбентропа. У лістападзе 1939 года Драгічын увайшоў у склад БССР. У 1941—1944 гадах горад зноў знаходзіўся пад акупацыяй нацысцкай Германіі. 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Драгічын Польскай Народнай Рэспубліцы. 10 чэрвеня 1999 года горад наведаў Ян Павел II.