Дэзідэрый Ленц | |
---|---|
Дата нараджэння | 12 сакавіка 1832[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 студзеня 1928[1][2][…] (95 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | архітэктар, мастак, скульптар |
Вучоба | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дэзідэрый Ленц (ням.: Desiderius Lenz), пры нараджэнні Петэр Ленц (ням.: Peter Lenz, 12 сакавіка 1832, Хайгерлох, Цюбінген — 28 студзеня 1928, Бойран) — нямецкі мастак, скульптар і архітэктар, манах-бенедыктынец. Адзін з заснавальнікаў і ідэолагаў мастацкай Байронскай школы. Працаваў у галіне рэлігійнага мастацтва.
Нарадзіўся ў сям’і сталяра, гаспадара майстэрні па вырабе прадметаў мэблі. У гэтай майстэрні атрымаў першую спецыяльнасць, такую ж, як і ў бацькі. Затым вывучае жывапіс у мюнхенскай Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Макса фон Відмана, а пазней — у класе Вільгельма фон Каўльбаха. Некаторы час працуе як вольны мастак, пакуль у 1859 годзе не абіраецца прафесарам скульптуры ў Школу прыкладнога мастацтва ў Нюрнбергу. Паспяховая творчасць скульптара перарываецца атрыманнем дзяржаўнай стыпендыі Прусіі для вучэбнай паездкі ў Італію. У планах мастака з’яўляюцца ідэі па стварэнні новага хрысціянскага мастацтва, роднаснага раннехрысціянскаму, якое мела свае вытокі ў Егіпце першых стагоддзяў нашай эры, у копцкім, пазней — у візантыйскім.