Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Егва́рд (арм.: Եղվարդ) — горад у Арменіі ў Катайкскай вобласці. Знаходзіцца ля падножжа гары Ара на шырокай тэрасе сярод фруктовых садоў, вінаграднікаў і палёў; за 14 км на паўночны ўсход ад Аштарака і за 19 км ад Ерэвана.
Упершыню згадваецца ў 574 годзе ў сувязі з абраннем каталікоса Маўсеса II Егвардскага (574—604), потым — у 603 годзе ў сувязі з вызвольным змаганнем армянаў супраць Сасанідскага панавання. Блізу Егварда адбыліся 3 буйныя бітвы.
Егвард вядомы сваімі гістарычнымі помнікамі. З іх найболей значная базіліка V стагоддзя. Ніжняя частка яе сцен захавалася дагэтуль. Пабудавана з высечанага туфа.
У 3 км ад горада знаходзіцца паўразбураная двух'ярусная царква Заравар сярэдзіны VII стагоддзя. Паводле гісторыкаў, яна была збудавана армянскім князем Грэгарам Маміканянам. Захавалася толькі паўночная частка будынка. Ніжні ярус мае 8 вялікіх трохвугольных выступаў — апсід, верхні ярус — знадворку шматсценны, знутры мае цыліндрычную форму. Аздабленне царквы, розныя геаметрычныя матывы і матывы з жывёламі, хораша апрацаваныя карнізы надаюць невялікаму па памерах будынку манументальны выгляд.
У цэнтры Егварда знаходзіцца двухпавярховая царква-магільны склеп Аствацацын, пабудаваная ў 1301 годзе. На першым паверсе, квадратным у плане, знаходзіцца магільны склеп. Другі паверх у плане амаль крыжаваты, тут знаходзіцца памінальны храм. Каменныя кансольныя ступені зроблены толькі ва ўваходу на другі паверх — да іх прыстаўляліся драўляныя ўсходы. Купал цэрквы конусападобны, падтрымваецца 12-ю калонамі. Сцены царквы вылучаюцца вылучным багаццем дэкаратыўнага аздаблення. Царква Аствацацын — адна з добра захаваных цэркваў эпохі Сярэднявечча ў Арменіі[1].
Дамы ў горадзе шматпавярховыя, каменныя, гарадскога тыпу, вялікая частка — з чорнага туфа.
Насельніцтва Егварда ў 1831 складала 279 чалавек, у 1897 — 2144, у 1926 — 2865, у 1939 — 3021, у 1959 — 3940, у 1970 — 5398, у 1974 — 6050. Па дадзеных на 2006 год насельніцтва горада склала 10 656 чалавек.
Тут нарадзіліся каталікосы Маўсес II (574—604) і Маштоц I (897—898), які заснаваў Севанскі манастыр і з'яўляецца прататыпам галоўнага героя драмы Лявона Шанта «Старыя багі».