Кайдановер

Кайдановер
Род дзейнасці рабін
Дата нараджэння 1614[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 1 снежня 1676(1676-12-01)
Месца смерці
Веравызнанне іўдаізм
Дзеці Tsevi Hirsh Ḳaidanoṿer[d]

Кайдановер (Койданавер) Арон (Агарон) Шмуэль (Самуіл) бен Ісраэль; Магаршак (Махаршак, Маhаршак; Мааршак, Magarshak, Маршак) (іўр.: אהרן שמואל קאידנוור, польск.: Aaron Samuel z Kojdanowa, Aaron Samuel ben Izrael, Kojdanower (Kaidanover); 1624 (5384), м. Койданава, цяпер Дзяржынск — 1676, Хмяльнік, цяпер ва Украіне) — вядомы талмудыст, адзін са значных рабінаў свайго часу.

Нарадзіўся ў сям’і рабіна Ізраіля Кайдановера, пры нараджэнні атрымаў імя Арон, потым, пасля цяжкай хваробы, другое імя — Шмуэль (Самуіл), што азначае «Бог пачуў».

Талмудысцкую і рабінскую адукацыю атрымаў у Брэсцкім ешыбоце, спярша пад кіраўніцтвам Якава Гешэля і сына яго, Ёшуі Гешэля (Joshua Hoeschel ben Jacob). Затым Арон Шмуэль Кайдановер быў рабінам у Белай (цяпер г. Бяла Падляска ў Любельскім ваяводстве Польшчы), адкуль ад пагромаў часоў Казацкай вайны (1648—1649) уцёк у Вільню, дзе быў адным з яўрэйскіх суддзяў пад кіраўніцтвам Моўшы, галоўнага суддзі яўрэйскага суда горада Вільні, аўтара кнігі «Хелькат мехокек» (Участак заканадаўцы).

У 1650 (5410) годзе ў Вільні ў яго нарадзіўся сын Цэві Гірш Кайдановер (Рабі Цві-Гірш бар Аарон-Шмуэль Кайдановер; Кав аяшар), з цягам часу вядомы мараліст і кабаліст, выбітны мысляр і настаўнік мусара (яўрэйскай этыкі).

У 1655 годзе, калі маскоўскія стральцы і казакі Б. Хмяльніцкага ўварваліся ў Вільню, яго дом быў абрабаваны, каштоўная бібліятэка спаленая, загінулі ўсе рукапісы, напісаныя да гэтага часу, а ён з сям’ёй паспешліва збег з горада. У 1656 годзе, каля Любліна, яго 5-гадовы сын Цэві Гірш быў цяжка паранены казакамі, а дзве яго дачкі былі забіты ў яго на вачах.

Праз нейкі час мараўская яўрэйская грамада г. Мікольсбурга (Miculov, цяпер у Чэхіі) запрасіла яго выкладаць у іх Тору і Талмуд. Таксама пасля займаў рабінскія пасады ў г. Глогаў (цяпер у Польшчы), Фюрт (Fürth, цяпер у Германіі), Франкфурт-на-Майне (Frankfurt am Main, цяпер у Германіі).

З 1669 па 1674 год жыў і выкладаў у яўрэйскай грамадзе Бярэсця (яўрэйская назва בריסק (Brisk)). Быў рабінам у Кракаве.

Памёр у 1676 годзе ў Хмяльніку (цяпер Украіна) пад час паседжання рабінаў, калі казаў малітву, таму лічаць, што яго смерць адзначана пячаткай святасці, аб чым сведчыць выпіс з кнігі яўрэйскай пахавальнай арганізацыі Кракава: «Памяне Усявышні душу рабіна і настаўніка нашага Арона Шмуэля, сына рабіна Ізраіля, які паехаў з Кракава на рабінскі сход у г. Хмяльнік і там сканаў 19 тамузу 5456 г. (30 чэрвеня 1676 года) Вялікія заслугі яго паслужаць абаронай нам і ўсяму народу Ізраілеваму. Амэн».

Цэві Гірш, сын Арона Шмуэля Кайдановера, вярнуўся ў Вільню і зрабіўся адным з кіраўнікоў гарадской яўрэйскай грамады, і разам з гэтым пачаў паспяхова займаўся камерцыяй. Неўзабаве па «ілжывым даносе» Цэві Гірш Кайдановер разам з сям’ёю (жонкай і дзецьмі) апынуўся на 4 гады ў астрозе. Паводле ўласнага прызнання, Цэві Гірш убачыў у бядзе, якая напаткала яго ў Вільні, пакаранне за тое, што ён дагэтуль не апублікаваў шматлікія рукапісы бацькі.

Пасля вызвалення ён адправіўся ў Франкфурт-на-Майне, дзе жыла сям’я яго цесця, і прыняўся за літаратурную працу. Неўзабаве ён выпусціў у свет цэлы шэраг кніг свайго бацькі, забяспечыўшы іх сваімі прадмовамі і нататкамі.

У 1705 годзе Цэві Гірш Кайдановер выдаў свой асноўны павучальны твор — трактат па этыцы «Kaw ha-jaschar» (Правільная мера), які з’яўляецца пераробкаю і дапаўненнем працы Ёсіпа Дубны. Кніга складаецца з 102 раздзелаў, што адпавядае першай частцы загалоўка קכ (102); другая частка «ha-Jaschar» (הישך) — анаграма імя аўтара היךש. Кніга насычана змрочным аскетызмам, уласцівым той эпосе прыгнёту яўрэйства ў Рэчы Паспалітай. Дэманы і чэрці адыгрываюць значную ролю ў гэтай кнізе. «О чалавек, - усклікае аўтар, - калі б ты ведаў, колькі д’яблаў прагнуць тваёй крыві, то ты падначаліўся б цалкам і целам, і душою Пану Богу»; пра д’яблаў прыводзяцца «дакладныя» аповеды. Кніга шматразова перавыдавалася і зрабілася, з-за таго што Цэві Гірш забяспечыў яе падрадковым перакладам на ідыш, любімым чытаннем жанчын і мужычча, якія, як правіла, не валодалі святой мовай іўрыт. Рабін Цэві Гірш Кайдановер памёр у Франкфурце-на-Майне ў Шушан-Пурым 1712 (15 адара 5472) г.

Арон Шмуэль Кайдановер напісаў некалькі значных твораў, якія перавыдаюцца і вывучаюцца па сённяшні дзень у артадаксальных ешыботах:

  • «Birchat ha-Zebach» [Біркат зэвах — Благаславеннае ахвярапрынашэнне], навелы да талмудысцкіх трактатаў раздзела Кадашым [Ахвярапрынашэнне] (за выключэннем Хулін і Бехарат) з прадмовай-аўтабіяграфіяй (выдадзена зяцем Кайдановера Нахумам Кагенам, братам тагачасных вялікіх знаўцаў Торы і Талмуда Сабатая [Шабтая] і Ішая Кагенаў [Каэнаў] (Амстэрдам, 1669); другое выданне з каментарам «Omer Man», 1773;
  • «Birchat Schemuel» [Біркат Шмуэль — Благаславенне Шмуэля], казанні на тэмы з Торы, з дадаткамі сына аўтара, Цэві Гірша, выдаўца гэтага твора (Франкфурт-на-Майне, 1682);
  • «Emunat Schemuel» [Эмунат Шмуэль — Вера Шмуэля], уяўляе сабой 60 адказаў на пытанні шлюбнага права, таксама ўпершыню выдадзеная сынам аўтара Цэві Гіршам (Франкфурт-на-Майне ib., 1683); другое выданне здзейсненае ва Львове ў 1884 годзе, з яго ўзнаўляюцца сённяшнія выданні (Іерусалім, 1981).
  • «Tiferet Schemuel» [Ціферэт Шмуэль — Веліч Шмуэля], навелы да розных талмудысцкіх трактатаў (ib., 1692).
  • Нататкі да Хашэн Мішпат, якія змешчаны ў апошнім з названых твораў, надрукаваны ў «Ture Zahab» (Гамбург, 1692).

Кайдановер таксама склаў працу пад назвай «Seder Gitin we-Chaliza», аб законах скасавання шлюбу [рукапіс калекцыі Давіда Апенгейма (1664—1736), галоўнага рабіна Маравіі і галоўнага суддзі яўрэйскіх судоў Прагі і Мікольсбурга, які збіраў яўрэйскія друкаваныя кнігі].

Паходжанне мянушкі

[правіць | правіць зыходнік]

Кайдановер меў мянушку Маг(h)аршак ці Мааршак (מהרש"ק), што з’яўляецца абрэвіятурай «настаўнік наш і рабін Шмуэль Кайдановер» (морэйну hа-раб Шмуэль Кайдановер (на іўрыце: «м» — морэйну (настаўнік наш), «р» — раб (рабін), «ш» — Шмуэль (Самуіл), «к» — Кайдановер); Morenu Rabbi Shmuel Kaidanover — מהרש"ק). Таксама лічаць, што такую самую абрэвіятуру меў і рабін Шлёма бен Іhуд Аhарон з Камарова (1788—1869), што пад Люблінам, «настаўнік наш і рабін Шлёма Мудры» (морэйну hа-раб Шлёма Клугер — Morenu Rabbi Selomo Kluger). Іншыя лічаць што Арон Шмуэль Кайдановер меў родавую мянушку «Клюгер» — «Разумны».

Носьбіты прозвішча Маршак жылі ў Рызе, Дзвінску, Полацку, Люцыне, Лепелі і Віцебску. Адзін са знакамітых носьбітаў гэта прозвішча — вядомы рускі паэт і перакладчык Самуіл Якаўлевіч Маршак. У 2002 годзе ў Ізраілі адбыўся міжнародны сход Маршакоў.

Зноскі

  1. Swartz A. Aaron Samuel ben Israel Kaidanover // Open Library — 2007. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Swartz A. Aaron Samuel Kaidanover // Open Library — 2007. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  • Баркоўскі А. Трагічны шлях талентаў // Голас Радзімы. № 6. 6 лютага 2002. С. 6;
  • Баркоўскі А. Ягонае імя ўслаўляла Койданава // Краязнаўчая газета. № 28. Ліпень. 2007. С. 7.