World Wide Web Consortium | |
---|---|
![]() | |
Тып | кансорцыум |
Заснаванне | кастрычнік 1994 |
Заснавальнікі | Цім Бернерс-Лі |
Краіна | |
Размяшчэнне |
МІТ/CSAIL — ЗША ERCIM — Францыя Універсітэт Кэё — Японія Бэйханскі ўніверсітэт — Кітай |
Адрас | |
Галіна | World Wide Web |
Колькасць супрацоўнікаў |
|
Дэвіз | Leading the Web to its full potential і Un seul web partout et pour tous[3] |
Даччыныя кампаніі | Improving Web Advertising Business Group[d], WebAssembly[d] і Schema.org[d] |
Сайт | w3.org |
Кансорцыум Сусветнага павуціння (англ.: World Wide Web Consortium, W3C) — міжнародная арганізацыя, якая распрацоўвае і ўкараняе тэхналагічныя стандарты для Сусветнага Павуціння. Заснавальнікам і дырэктарам кансорцыума з'яўляецца сэр Цім Бернерс-Лі[4], аўтар шматлікіх распрацовак у галіне інфармацыйных тэхналогій. Кансорцыум складаецца з арганізацый-членаў, мэтай якіх з'яўляецца сумесная распрацоўка стандартаў World Wide Web. Па стане на 14 красавіка 2015 г., кансорцыум складаецца з 397 членаў[5].
Кансорцыум Сусветнага павуціння быў заснаваны Цімам Бернерсам-Лі ў кастрычніку 1994 г., пасля таго як ён пакінуў працу ў Еўрапейскай арганізацыі па ядзерных даследаваннях (CERN). Месцам заснавання з'яўляецца Масачусецкі тэхналагічны інстытут. Падтрымлівалі заснаванне Еўрапейская камісія і Агенцтва па перспектыўных абаронных навукова-даследчых распрацоўках ЗША (DARPA).[4]
W3C спрабуе дасягнуць пагаднення паміж членамі індустрыі ў прыняцці новых стандартаў. Ранейшыя версіі HTML, якія выкарыстоўвалі розныя кампаніі, былі несумяшчальнымі, што прыводзіла да некарэктнага адлюстроўвання вэб-старонак. Каб унесці аднастайнасць, кансорцыум прапанаваў кампаніям прытрымлівацца адзіных правілаў і стандартаў.
Планавалася, што CERN будзе валодаць еўрапейскай галіной W3C, аднак CERN вырашыў сканцэнтравацца на фізіцы элементарных часціц, а не на інфармацыйных тэхналогіях. У красавіку 1995 г. уладальнікам еўрапейскай галіны W3C стаў Дзяржаўны інстытут даследванняў у інфарматыцы і аўтаматыцы Францыі (INRIA). Японская галіна W3C запрацавала ў верасні 1996 г. ва Універсітэце Кэё. Пачынаючы з 1997 года, W3C адчыніў 18 сваіх прадстаўніцтваў па ўсім свеце.
Зараз кансорцыум сумесна адмініструюць чатыры арганізацыі: Масачусецкі тэхналагічны інстытут, Еўрапейскі кансорцыум па інфарматыцы і матэматыцы, Універсітэт Кэё і Бэйханскі ўніверсітэт.[6]
Рэкамендацыі кансорцыума адкрытыя, гэта значыць не абароненыя патэнтамі і могуць укараняцца любым чалавекам без усялякіх фінансавых адлічэнняў кансорцыуму. У адрозненне ад іншых арганізацый, якія займаюцца распрацоўкай стандартаў для Інтэрнэту, Кансорцыум Сусветнага павуціння не мае праграм сертыфікацыі на адпаведнасць рэкамендацыям кансорцыума і не плануе іх ўводзіць, таму рэкамендацыі W3C атрымалі значна большае распаўсюджванне, чым стандарты любых іншых арганізацый. У той жа час, з-за адсутнасці сертыфікацыі шматлікія вытворцы выконваюць рэкамендацыі толькі часткова.
Часам, калі спецыфікацыя становіцца занадта вялікай, яна разбіваецца на незалежныя модулі, якія могуць распрацоўвацца розны перыяд часу. Кожнае наступнае выданне модуля ці спецыфікацыі завецца узроўнем (англ.: Level) і пазначаецца цэлым лікам пасля назвы (напрыклад CSS3 = Узровень 3). Змены, якія адбываюцца на кожным узроўні, пазначаюцца лічбай пасля кропкі (CSS2.1 = Версія 1).
Любы стандарт W3C праходзіць наступныя стадыі ўзгаднення:[7]
Пасля збору інфармацыі ад рэдактараў і абмеркавання, спецыфікацыя можа быць апублікавана ў якасці працоўнага праекта для разгляду з боку супольнасці. Гэта першая публічна даступная версія спецыфікацыі. Прымаюцца любыя каментары, але няма гарантый, што пасля іх будуць прадпрынятыя якія-небудзь дзеянні.
На гэтым этапе дакумент, хутчэй за ўсё, мае вялікія адрозненні ў параўнанні з канчатковай версіяй.
Магчымая рэкамендацыя спецыфікацыі больш поўная за чарнавік. На гэтым этапе працоўная група прызнае, што стандарт робіць тое, што ад яго патрабуецца. Адной з мэтаў гэтага этапу з'яўляецца атрыманне дапамогі ад супольнасці распрацоўшчыкаў.
Дакумент можа змяняцца і далей, але істотныя функцыі застаюцца нязменнымі.
Варыянтам стандарту на ўзроўні прапанаванай рэкамендацыі дакумент робіцца пасля праходжання папярэдніх этапаў. Карыстальнікі ужо ўнеслі свае прапановы, а аўтары — змены ў стандарт. Дакумент падаецца на канчатковае сцвярджэнне Кансультатыўнаму савету W3C.
Гэты этап з'яўляецца асабліва важным, звычайна на ім не ўносяцца істотныя змены ў стандарт.
Гэта апошні этап развіцця стандарту. Стандарт ужо прайшоў шырокі агляд і тэставанне як у тэарэтычных, так і ў практычных умовах. На гэтым этапе стандарт ужо ўхвалены W3C для шырокага выкарыстоўвання ў адпаведнай вобласці.
Рэкамендацыі могуць абнаўляцца пазней асобна апублікаванымі выпраўленнямі, якія адлюстроўваюць досыць істотныя змены, зробленыя з часу апошняй публікацыі. W3C таксама публікуе розныя віды інфармацыйных нататак, не прызначаных для разгляду ў якасці стандарту.
У 2012-2013 гг. W3C пачаў працаваць над прапановай дадаць у HTML5 API для DRM (Encrypted Media Extensions), што было сустрэта вельмі негатыўна тымі, хто лічыць адной з галоўных уласцівасцяў вэб-стандартаў адкрытасць, ці незалежнасць ад пэўнага пастаўшчыка праграмнага ці апаратнага забяспячэння. [8][9][10][11][12]