Каракал, або пустынная (стэпавая) рысь (Caracal caracal) — драпежнае млекакормячае сямейства каціных.
Назва «каракал» паходзіць ад турэцк.: karakulak «чорнае вуха», бо задні бок вушэй гэтых жывёл чорны. У Паўночнай Афрыцы каракала таксама называюць берберыйскай рыссю.
Знешне нагадвае рысь, але драбнейшы па памерах, больш стройны і аднастайнай афарбоўкі. Даўжыня цела 65—82 см, хваста — 25—30 см, вышыня ў карку 45 см; вага — 11—19 кг. Вушы з кутасікамі (да 5 см) на канцах. На лапах развітая шчотка з шорсткай поўсці, якая аблягчае перасоўванне па пяску.
Футра кароткае і дыхтоўнае. Афарбоўкай нагадвае паўночнаамерыканскую пуму (Felis concolor): пясчаны альбо чырвона-карычневы верх, белаваты ніз; па баках пысы чорныя адмеціны. Пэндзлікі і вонкавы бок вушэй чорныя. Вельмі рэдка сустракаюцца чорныя каракалы-меланісты.
Пашыраны ў пустынях Азіі і Афрыкі. Жыве ў расколінах скал, пячорах, густых зарасніках, норах іншых жывёл.
Занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.
Корміцца зайцамі-талаямі, дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі.
Нараджае 2—4 кацяняці.
- Caracal caracal caracal
- Caracal caracal algira
- Caracal caracal damarensis
- Caracal caracal limpopoensis
- Caracal caracal lucani
- Caracal caracal michaelis
- Caracal caracal nubicus
- Caracal caracal poecilictis
- Caracal caracal schmitzi