Карная псіхіятрыя

Карная псіхіятрыя, выкарыстанне псіхіятрыі ў палітычных мэтах — злоўжыванне псіхіятрычным дыягназам, лячэннем і ўтрыманнем у ізаляцыі ў мэтах абмежавання фундаментальных правоў чалавека для пэўных асоб ці груп у грамадстве[1][2]:491.

У кнізе «Психиатрия. Национальное руководство» (пад рэдакцыяй Таццяны Дзмітрыевай, Валерыя Краснова ды інш., 2011) адзначаецца:

" Злоўжыванні псіхіятрыяй заўважаны ў многіх краінах, культурных рэгіёнах, палітычных сістэмах.[3]. "

Тэрмін «карная псіхіятрыя» быў распаўсюджаны ў асяроддзі праваабаронцаў[4].

Як адзначае псіхіятр, прэзідэнт Асацыяцыі псіхіятраў Украіны, былы дысідэнт і палітвязень Сямён Глузман, злоўжываннем псіхіятрыяй, у тым ліку і ў палітычных мэтах, з’яўляецца, у прыватнасці, наўмысная экскульпацыя[5] грамадзян, якія па сваім псіхічным стане не маюць патрэбы ані ў псіхіятрычных мерах абмежавання, ані ў псіхіятрычным лячэнні[6].

Юрый Савенка мяркуе, што «карная псіхіятрыя — гэта не нейкі асобы прадмет, не нейкая асобая псіхіятрыя, а з’ява, якая ўзнікае ў таталітарных краінах з многімі дастасоўнымі навукамі, якія ў многіх выпадках вымушаны абслугоўваць злачынны рэжым»[7].

Расійскі праваабаронца Аляксандр Падрабінек у кнізе «Карная медыцына» піша, што «…карная медыцына — прылада барацьбы з іншадумцамі, якіх немагчыма рэпрэсаваць на падставе закона за тое, што яны мысляць іначай, чым гэта прадпісана»[8].

Выкарыстанне псіхіятрыі ў палітычных мэтах было распаўсюджана з ХІХ стагоддзя ў розных краінах з рознымі палітычнымі рэжымамі, аднак у некаторых краінах яно набывала сапраўды вялікія памеры.

У XIX стагоддзі некаторыя амерыканскія псіхіятры імкнуліся дыягнаставаць у чарнаскурых рабоў так званую «драпетаманію» — нібыта існае псіхічнае захворванне, якое схіляла рабоў да ўцёкаў, і «Dysaethesia Aethiopica» — «захворванне», якое схіляла да таго, каб ламаць, знішчаць плён сваёй працы, адмаўляцца працаваць[9], і да непаслухмянасці, дзёрзкасці[10]. Менавіта сацыяльна-палітычныя абставіны, пры якіх адна сацыяльная група дамінавала над іншай, абумоўлівалі такую сітуацыю, пры якой актывісты падпарадкаванай групы лічыліся «хворымі» і «тымі, хто патрабуе лячэння».[11]:41—42

Паводле меркавання амерыканскага ўрача Сэмюэла Картрайта, прычынай уцёкаў рабоў з’яўлялася «такая самая хвароба розума, як і пры любых іншых відах псіхічных парушэнняў». Для Картрайта і для іншых абаронцаў рабства любы чарнаскуры раб, які спрабаваў уцячы, з’яўляўся «вар’ятам».[10] У якасці аднаго з «лячэбных сродкаў» пры «драпетаманіі» прадпісвалася адсячэнне вялікіх пальцаў ног, пасля чаго ўцёкі ставалі фізічна немагчымымі.[11]:42

Сэмюэл A. Картрайт (1793—1863)

Да асноўных сімптомаў Dysaethesia Aethiopica Картрайт адносіў частковую неадчувальнасць скуры і «такую моцную слабасць інтэлектуальных здольнасцей, нібыта чалавек знаходзіцца ў паўсне».[12] У якасці «лячэбных мер» ён прапаноўваў лупцаванне, а таксама працягненне чарнаскурых да цяжкай працы.[13]

У ХХ стагоддзі ў ЗША былі выпадкі змяшчэння палітычных іншадумцаў на прымусовае лячэнне. Напрыклад, у 1927 годзе Аўрора Д’Анжэла была накіравана ў псіхіятрычную бальніцу на экспертызу пасля таго, як яна прыняла удзел у мітынгу ў падтрымку Сака і Ванцэці.[14]

Кленан Вашынгтон Кінг, пастар і выкладчык (пазней — кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША[15]), які марна спрабаваў паступіць у прызначаны выключна для белых універсітэт у Місісіпі і пераадолець тым самым расавы бар’ер, 5 чэрвеня 1958 года быў накіраваны ў псіхіятрычную ўстанову паліцэйскімі пад маркай яго патэнцыйнай небяспечнасці. Пасля побыту ў псіхіятрычнай клініцы камісія, якая складалася з 27 урачоў, прызнала яго псіхічна здаровым.[16]

У 2000-я гады адзначалася выкарыстанне псіхіятрычных сродкаў пры допытах у ваенных амерыканскіх турмах, якое парушала прынцыпы медыцынскай этыкі.[17]

У 2006 годзе была апублікавана кніга канадскага псіхіятра Колина А. Роса пад назвай «Дактары ЦРУ: Парушэнні правоў чалавека амерыканскімі псіхіятрамі». У кнізе прадстаўлены доказы (заснаваныя на 15 000 старонак дакументаў, атрыманых ад ЦРУ дзякуючы Закону аб свабодзе інфармацыі) таго, што цягам апошніх 65 год да выхаду кнігі мелі месца шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека з боку амерыканскіх псіхіятраў.[18]

У 2010 годзе выйшла кніга псіхіятра Джонатана Мецла «Пратэст як псіхоз: як шызафрэнія стала хваробай чорных».[19] У кнізе сцвярджаецца, што тэндэнцыя звязваць расавую прыналежнасць і вар’яцтва захавалася з часоў дыягназа «драпетаманія» да ХХ стагоддзя.[20] У другой палове ХХ стагоддзя ў папулярнай культуры, сродках масавай інфармацыі і ў навуковых часопісах афраамерыканцы сталі асацыявацца з праблемай шызафрэніі і з уяўленнем аб агрэсіі, абумоўленай вар’яцтвам.

Дж. Мецл адзначыў таксама, што тэрмін «пратэст як псіхоз» быў выкарыстаны ў псіхіятрычнай літаратуры ў 1960-я гады для пазначэння афраамерыканцаў, якія прымалі ўдзел у руху за грамадзянскія правы, як вар’ятаў. Гэта быў спосаб паталагізаваць грамадзянскі пратэст. З падачы ФБР многія прадстаўнікі грамадскага руху, у прыватнасці Малкальм Ікс і Роберт Уільямс, атрымалі дыягназ «шызафрэнія».[21]

Падрабязней гл. таксама: Праграма забіцця Т-4
Мемарыяльная стэла ў Берліне ў памяць пра ахвяр Праграмы забіцця «Т-4»

Злоўжыванні псіхіятрыяй у палітычных мэтах былі складовай часткай злачынстваў, якія здзяйсняліся пры нацыянал-сацыялісцкім рэжыме ў Германіі ў дачыненні як да псіхічнахворых, так і да здаровых[22]. Да палітычных злоўжыванняў псіхіятрыяй адносяць масавую стэрылізацыю (якой падвергліся 300 000 чалавек) і масавыя забойствы пацыентаў у нацысцкай Германіі[23]. Забойствы пацыентаў псіхіятрычных бальніц праводзіліся таксама і на акупаваных нацысцкай Германіяй тэрыторыях, у тым ліку ў Беларусі.

Праграма эўтаназіі «Т-4», створаная ў нацысцкай Германіі на аснове еўгенікі 1920-х гадоў, прадугледжвала «ачышчэнне» «арийской расы» ад так званых «непаўнавартасных элементаў», перадусім пацыентаў псіхіятрычных клінік[24][25][26]. Колькасць забітых на момант фармальнага закрыцця аперацыі (1941 год) склала 70 тысяч чалавек. Нават пасля фармальнага заканчэння праграмы, з 1942 па 1945 год масавыя забойствы працягвалі здзяйсняцца: так, тысячы пацыентаў памерлі ў выніку ўвядзення скопаламіна; каля мільёна чалавек загінула ад голада[24].

Загад Гітлера, які ініцыяваў акцыю эўтаназіі, фактична паклаў пачатак і практыцы масавых забойстваў усіх непажаданых нацысцкаму рэжыму.[27] Праз увод тэрміна «замаскаваная прыдуркаватасць» нацысцкія псіхіятры пашырылі рамкі генетычных тэорый аб прыдуркаватасці, што дазволіла апраўдаць знішчэнне псіхічна здаровых людзей па палітычных матывах: камуністаў, пацыфістаў і дэмакратаў — як і ў выпадках з псіхічна хворымі, іх доляй станавіліся стэрылізацыя і смерць. Пераследам падвяргаліся і прадстаўнікі розных канфесій і этнічных груп, а таксама «асацыяльныя элементы» — «дармаеды», правапарушальнікі, алкаголікі, бадзягі, жабракі ды інш.[28]

Ад самага пачатку расавая прыналежнасць была адным з крытэраў адбору ахвяр. Сістэматычнае забойства яўрэйскіх пацыентаў у газавых камерах Праграмы забіцця «Т-4», якое ажыццяўлялася з лета 1940 года, з’явілася першым актам генацыду еўрапейскіх яўрэяў. Пасля жніўня 1941 году апошнія з яўрэйскіх пацыентаў, якія знаходзіліся на той момант у клініцы Бенторф-Сайн пад г. Нойвид, былі накіраваны на ўсход у лагеры смерці[29].

Сістэматычныя злоўжыванні псіхіятрыяй у палітычных мэтах мелі месца ў СССР[6][30][31][32][33][34][35][36][37]. У першыя гады існавання савецкай дзяржавы выпадкі выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах былі адзінкавымі[38], нашмат больш часты характар яны набылі ў 1930—50-я гады[38][39], аднак толькі ў 1960-х гадах псіхіятрыя стала адным з галоўных інструментаў рэпрэсій у Савецкім Саюзе[38].

Наталля Гарбанеўская

Аналіз канкрэтных выпадкаў псіхіятрычнага рэпрэсавання іншадумцаў паказвае, што дыягнастычнымі «маскамі», якія выкарыстоўваліся ў рэпрэсіўных мэтах, часцей за ўсё з’яўляліся «сутяжно-паранойяльное развитие личности» і «вялотекущая шизофрения»[6][40]. Многія выпадкі шпіталізацыі палітычных зняволеных былі добра задакументаваныя. У прыватнасці, такога рода рэпрэсіям падвяргаліся актывісты-праваабаронцы, прадстаўнікі нацыянальных рухаў[41][42], грамадзяне, якія імкнуліся да эміграцыі з СССР, рэлігійныя іншадумцы[36][41][42], удзельнікі неафіцыйных групаў, якія спрабавалі адстойваць свае працоўныя правы[36][43], і асобы, якія адстойвалі іх самі-адны[43]. Нярэдка вязні сумлення апыналіся ў псіхіятрычных бальніцах па такім прычынам, як адмова вернікаў ад службы ў войску, незаконны пераход мяжы, сфальсіфікаваныя крымінальныя абвінавачанні ды інш.[44] У псіхіятрычныя бальніцы нярэдка накіроўвалі і асоб, якія звярталіся са скаргамі на бюракратызм і тыя ці іншыя злоўжыванні мясцовых уладаў у вышэйшыя органы дзяржаўнай улады: Цэнтральны Камітэт КПСС, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР, Савет Міністраў СССР[41].

Двойчы на год людзі, якія стаялі на псіхіятрычным уліку, недобраахвотна шпіталізаваліся ў псіхіятрычныя стацыянары не паводле медычных паказанняў, а паводле ўказанняў чыноўнікаў. За два тыдні да вялікіх савецкіх святаў — 7 лістапада і 1 мая — райкамы і гаркамы КПСС сакрэтна накіроўвалі галоўным урачам псіхбальніц распараджэнні на час шпіталізаваць у псіхіятрычныя бальніцы людзей з непрадказальнымі паводзінамі[45] (у тым ліку іншадумцаў і многіх вернікаў[46]), каб забяспечыць грамадскі парадак пад час святаў, і псіхіятрычныя бальніцы станавіліся часовымі турмамі для «сацыяльна небяспечных» людзей[47]. Сходная сітуацыя мела месца пад час партыйных з’ездаў[8], візітаў замежных дзяржаўных дзеячаў[8][47], калі многія дысідэнты змяшчаліся ў псіхіятрычныя бальніцы агульнага тыпа на 1—2 тыдні ці месяц[8]. Падрыхтоўка да Алімпійскія гульні 1980 года стала нагодай да хвалі арыштаў, якая пачалася ў 1979 годзе і мела мэтай канчатковае падаўленне дысідэнцкага руху: некаторыя з дысідэнтаў атрымлівалі асабліва працяглыя тэрміны лагераў, іншыя шпіталізаваліся ў псіхіятрычныя бальніцы[48].

Да ліку найбольш вядомых ахвяр выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах адносяцца, у прыватнасці, Наталля Гарбанеўская[41][49]:11[50], Пятро Грыгарэнка[41][49]:11[51], Валерыя Навадворская[41][52][53], Жарэс Мядзведзеў[41][49]:11[54][55], Леанід Плюшч[41][49][56], Уладзімір Барысаў[41][52], Віктар Файнберг[41][57], Вячаслаў Ігруноў[58][59], Аляксандр Ясенін-Вольпін]][41][60][61][62], Уладзімір Гершуні[32][36][58][63], Валерый Тарсіс[41][52], Пётр Старчык[41][52][53], Міхаіл Нарыца[64][65][66], Міхась Кукабака[41][67]:188.

Тыя з савецкіх грамадзян, хто прайшоў праз заключэнне і ў лагерах, і ў спецыяльных псіхіятрычных бальніцах, нязменна ацэньвалі свой досвед перабывання ў псіхбальніцах як значна больш прыніжальны для чалавечай годнасці і як больш цяжкае перажыванне[32]. У ліку стрэсараў маральна-псіхалагічнага характара, якім падвяргаліся вязні спецыяльных псіхіятрычных бальніц, даследчыкі называюць адсутнасць элементарных юрыдычных правоў, неад’емлемых нават у турмах і лагерах; пазбаўленне магчымасці мець у камеры паперу і асадку, строгае абмежаванне паступлення кніг і часопісаў; перабыванне ў адной камеры з выключна цяжкімі хворымі, якія здзейснілі цяжкія злачынствы; адсутнасць канкрэтнага тэрміна зняволення[68] (перабыванне ў спецпсіхбальніцах нярэдка бывала вельмі доўгім[69]). Да палітзняволеных псіхіятрычных бальніц прымяняліся такія меры, як ін’екцыі сульфазіна ў якасці пакарання[32][68]; атрапінакаматозная тэрапія[31][68][70][70]; інсулінакаматозная тэрапія[31][48][68] курсамі, якія складаліся з 25—30 гіпаглікемічных ком[32], пастаяннае і працяглае (гадамі) выкарыстанне нейралептыкаў, у тым ліку і прымяненне іх у пакаранне за парушэнні бальнічных правіл і з мэтай «вылечвання» ад «антысавецкіх» поглядаў і выказванняў[31]. Вязні часам падвяргаліся збіццю з боку санітараў[68] (крымінальных злачынцаў[8][68], набраных з ліку звычайнага турэмнага кантынгента для прымусовай працы ў спецыяльных бальніцах[8]); прымянялася таксама закручванне непакорных мокрымі прасцінамі (ці ручнікамі), якія пры высыханні нясцерпна сціскалі цела[36][69][71][72]. Многія ахвяры злоўжыванняў псіхіятрыяй у СССР знаходзіліся не ў спецыяльных, а ў агульных псіхіятрычных бальніцах, дзе рэжым утрымання быў у цэлым нашмат менш жорсткім[8][70], але псіхафармакалагічнае «лячэнне» палітычных вязняў — як правіла, не менш інтэнсіўным[8].

Інфармацыя пра выкарыстанне ў СССР псіхіятрыі ў палітычных мэтах дасягнула заходніх краін у 1960-я гады[32][39], а на шостым кангрэсе Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, які адбыўся ў 1977 годзе ў Ганалулу, Генеральная асамблея Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі прыняла рэзалюцыю, у якой асудзіла палітычныя злоўжыванні псіхіятрыяй у СССР[41][73][74]:330. Перад VII кангрэсам Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі (СПА) ў Вене, які адбыўся ў 1983 годзе, шэраг нацыянальных псіхіятрычных асацыяцый — сяброў СПА прынялі рашэнне дамагацца выключэння Усесаюзнага навуковага таварыства неўрапатолагаў і псіхіятраў з СПА па прычыне палітычных злоўжыванняў псіхіятрыяй у СССР[75]. У 1983 годзе, напярэдадні VII кангрэса, Усесаюзнае навуковае таварыства неўрапатолагаў і псіхіятраў добраахвотна выйшла з Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі, каб не згубіць сваю рэпутацыю канчаткова[41]. Стасункі псіхіятрыі СССР з заходняй наладзіліся толькі ў гады перабудовы, калі Савецкі Саюз пагадзіўся прызнаць, што сістэматычныя злоўжыванні псіхіятрыяй у палітычных мэтах сапраўды мелі месца, спыніць гэтыя злоўжыванні і рэабілітаваць пацярпелых[76].

Некаторыя з ахвяр карнай псіхіятрыі ў БССР:

Зміцер Жылуновіч;

Кім Хадзееў;

Анатоль Сідарэвіч;

Міхась Кукабака;

Лідзія Валенда;

Іван Карэйша;

Вячаслаў Зайцаў;

Іван Мірончык;

Міхаіл Наскавец.

Рэспубліка Беларусь

[правіць | правіць зыходнік]

Крысціна Шацікава, стрыечная сястра забітага аператара Дзмітрыя Завадскага[77], актыўна ўдзельнічала ў моладзевым апазіцыйным руху, з’яўлялася нефармальнай лідаркай. 23 сакавіка 2007 года К. Шацікава была выклікана на допыт у КДБ як сведка. Там ёй настойліва параілі не прымаць удзелу ў пратэстных акцыях і не ездзіць на Дзень Волі ў Мінск, на што яна адказала адмовай. Пасля выхаду з будынка КДБ Шацікаву схапілі людзі ў штацкім, якія гвалтам пасадзілі яе ў легкавік і даставілі ў Магілёўскую абласную псіхіятрычную бальніцу. К. Шацікава была стацыяніравана, і ёй прызначылі «лячэнне»: рабілі ўнутрымышачныя ін’екцыі сібазону. Калі ў бальніцу прыйшла яе маці, жаданне Крысціны падысці да вакна і паказацца маці было расцэнена як парушэнне рэжыма — за гэта яна была на цэлы дзень фіксіравана на вязках да ложку і атрымала дадатковыя ін’екцыі. 26 сакавіка, пасля камісійнага агляду, К. Шацікаву выпісалі з бальніцы. Спробы прайсці дзесьці ў Беларусі незалежны псіхіятрычны агляд не мелі поспеху; спецыялісты Незалежнай псіхіятрычнай асацыяцыі ў Маскве, якія абследавалі Крысціну, прыйшлі да высновы, што яна псіхічна здаровая і што шпіталізацыя ў псіхіятрычны стацыянар была неабгрунтаванай[78]. 21 верасня 2012 года Крысціна Шацікава памерла пасля цяжкай хваробы (раку). Вядома, што адной з прычын раку з’яўляецца стрэс, і пераслед з боку псіхіятраў (роўна як і міліцыі, і КДБ) быў адной з крыніц стрэсу для Крысціны Шацікавай.[79]

Ігар Пастноў, урач-псіхіятр з Віцебску, быў зволены з працы за публічную крытыку мясцовых уладаў і стана аховы здароўя. Не раз выступаў з відэазваротамі, размешчанымі ў Інтэрнэце. 16 жніўня 2013 года Пастнова гвалтам змясцілі ў 2-е закрытае аддзяленне Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі[80], дзе яму былі прызначаны псіхатропныя прэпараты. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Ігара Пастнова вязнем сумлення[81]. 20 верасня Пастнова перавялі ў дзённы стацыянар[82], у пачатку кастрычніка выпісалі.

Іншыя людзі, якія былі за апошнія гады накіраваныя ў Беларусі на прымусовае лячэнне і пры тым не мелі прыкмет псіхіятрычных захворванняў:

Аляксандр Круты, бацька пацярпелай ад выбуху ў метро [83];

Віталь Калгін, мастак [84];

Андрэй Кашэўскі [85];

Аляксандр Лапіцкі [86];

Славамір Адамовіч, паэт [87].

Зноскі

  1. van Voren, Robert (January 2010). "Political Abuse of Psychiatry—An Historical Overview". Schizophrenia Bulletin. 36 (1): 33–35. doi:10.1093/schbul/sbp119. PMC 2800147. PMID 19892821.
  2. Helmchen, Hanfried; Sartorius, Norman (2010). Ethics in Psychiatry: European Contributions. Springer. p. 491. ISBN 90-481-8720-6.
  3. Психиатрия. Национальное руководство / Под ред. Дмитриевой Т.Б., Краснова В.Н., Незнанова Н.Г., Семке В.Я., Тиганова А.С. — Москва: ГЭОТАР-Медиа, 2011. — С. 70.
  4. «Когда болит душа», В.Выжутович, интервью с А. С. Тигановым // Российская газета — Неделя № 5624 (248) от 03.11.2011 года
  5. Пад «экскульпацыяй» маюць на ўвазе выняцце з ліку суб’ектаў злачынства псіхічна хворых асоб, якія не здольныя ў сілу свайго псіхічнага стану дзейнічаць віноўна.
  6. а б в Глузман С.Ф. (Студзень 2010). "Этиология злоупотреблений в психиатрии: попытка мультидисциплинарного анализа". Нейponews: Психоневрология и нейропсихиатрия (1 (20)). Архівавана з арыгінала 17 лістапада 2015. Праверана 20 сакавіка 2016.
  7. Савенко Ю.С. (2005). "«Карательная психиатрия в России» Рецензия". Независимый психиатрический журнал (1).
  8. а б в г д е ё ж Подрабинек А.П. Карательная медицина. — Нью-Йорк: Хроника, 1979. — 223 с. — ISBN 0897200225.
  9. Hickling FW The Political Misuse of Psychiatry: An African-Caribbean Perspective // J Am Acad Psychiatry Law. — 2002. — Т. 30. — № 1. — С. 112–19. — PMID 11931358.
  10. а б Pilgrim, David. Question of the Month: Drapetomania(недаступная спасылка). Jim Crow Museum of Racist Memorabilia (1 лістапада 2005). Архівавана з першакрыніцы 4 чэрвеня 2011. Праверана 4 кастрычніка 2007.
  11. а б White, Kevin (2002). An introduction to the sociology of health and illness. SAGE. pp. 41, 42. ISBN 0-7619-6400-2.
  12. Cartwright, Samuel A. (1851). "Report on the Diseases and Peculiarities of the Negro Race". DeBow's Review. XI. Праверана 2007-10-04.
  13. Paul Finkelman (1997). Slavery & the Law. Rowman & Littlefield. p. 305. ISBN 0-7425-2119-2.
  14. Moshik, Temkin (2009). The Sacco-Vanzetti Affair. Yale University Press Publishers. p. 316. ISBN 978-0-300-12484-2.
  15. Semple, Kirk. «Meet the Candidate: The Rev. Clennon King is unique. Period.» Архівавана 17 ліпеня 2012. Miami New Times, February 24, 1993
  16. «Negro Pastor Pronounced Sane; Demands Mississippi Apologize». UPI. Sarasota Journal 20 June 1958: 3.
  17. López-Muñoz F, Alamo C, Dudley M, et al Psychiatry and political-institutional abuse from the historical perspective: the ethical lessons of the Nuremberg Trial on their 60th anniversary. // Prog Neuropsychopharmacol Biol Psychiatry. — 2007 May 9. — Т. 31. — № 4. — С. 791-806. — PMID 17223241.
  18. Ross, Colin (2006). The C.I.A. Doctors: Human Rights Violations by American Psychiatrists. Manitou Communications. ISBN 0-9765508-0-6.(недаступная спасылка)
  19. Metzl, Jonathan (2010). The Protest Psychosis: How Schizophrenia Became a Black Disease. Beacon Press. ISBN 0-8070-8592-8.(недаступная спасылка)
  20. Delese Wear The Protest Psychosis: How Schizophrenia Became a Black Disease // JAMA. — 2010. — Т. 303. — № 19. — DOI:10.1001/jama.2010.629
  21. Pride, Felicia. Schizophrenia as Political Weapon. The Root (25 студзеня 2010). Праверана 4 чэрвеня 2017.
  22. Мейер-Линденберг И., президент Немецкого общества психиатров и неврологов (1990-е гг.) О горечи и оптимизме в психиатрии // Новости медицины и фармации. — 2011. — В. 398.
  23. Birley JLT Political abuse of psychiatry // Acta Psychiatrica Scandinavica. — January 2000. — Т. 101. — № 399. — С. 13–15. — PMID 10794019.
  24. а б Strous R.D. (Май 2006). "Психиатры Гитлера: целители и научные исследователи, превратившиеся в палачей, и их роль в наши дни (расширенный реферат) Врачи и их преступления против человечества в нацистской Германии". Психиатрия и психофармакотерапия. 8 (5). Архівавана з арыгінала 23 сакавіка 2013. Праверана 4 чэрвеня 2017.{{cite journal}}: Папярэджанні CS1: бот: невядомы статус арыгінальнага URL (спасылка)
  25. Euthanasia Program // Holocaust Encyclopedia Архівавана 30 ліпеня 2007.
  26. Torrey E.F., Yolken R.H. (September 16, 2009). "Psychiatric Genocide: Nazi Attempts to Eradicate Schizophrenia". Schizophrenia Bulletin: 1–7. doi:10.1093/schbul/sbp097.
  27. Иванюшкин А.Я., Игнатьев В.Н., Коротких Р.В., Силуянова И.В. Глава XII. Этические проблемы оказания психиатрической помощи // Введение в биоэтику: Учебное пособие / Под общ. ред. Б.Г. Юдина, П.Д. Тищенко. — Москва: Прогресс-Традиция, 1998. — 381 с. — ISBN 5898260064.
  28. Петрюк П. Т., Петрюк А.П. Психиатрия при нацизме: проведение «Акции T-4» с активным участием психиатров. Сообщение 3 // Психічне здоров’я. — 2011. — № 2. — С. 53–63.
  29. Хандорф Г. Убийства под знаком эвтаназии при нацистском режиме // Новости медицины и фармации. — 2010. — В. 329.
  30. British Medical Association (1992). Medicine betrayed: the participation of doctors in human rights abuses. Zed Books. ISBN 1-85649-104-8.
  31. а б в г Richard J., Bonnie L.L.B. (2002). "Political Abuse of Psychiatry in the Soviet Union and in China: Complexities and Controversies" (PDF). The Journal of the American Academy of Psychiatry and the Law. 30 (1): 136–144. PMID 11931362. Архівавана з арыгінала (PDF) 28 верасня 2011. Праверана 20 сакавіка 2016.
  32. а б в г д е Gershman, Carl (1984). "Psychiatric abuse in the Soviet Union". Society. 21 (5): 54–59. doi:10.1007/BF02695434. PMID 11615169.(недаступная спасылка)
  33. Knapp, Martin (2007). Mental health policy and practice across Europe: the future direction of mental health care. McGraw-Hill International. p. 406. ISBN 0-335-21467-3.
  34. Abuse of psychiatry for political repression in the Soviet Union: Hearing, Ninety-second Congress, second session, Part 1. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office. 1972.
  35. Abuse of psychiatry for political repression in the Soviet Union: Hearing, Ninety-second Congress, second session, Volume 2. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office. 1975.
  36. а б в г д Abuse of psychiatry in the Soviet Union: hearing before the Subcommittee on Human Rights and International Organizations of the Committee on Foreign Affairs and the Commission on Security and Cooperation in Europe, House of Representatives, Ninety-eighth Congress, first session, September 20, 1983. — Washington: U.S. Government Printing Office, 1984. — 106 с.
  37. Ван Ворен Р. От политических злоупотреблений психиатрией до реформы психиатрической службы // Вестник Ассоциации психиатров Украины. — 2013. — № 2.
  38. а б в Ван Ворен Р. Психиатрия как средство репрессий в постсоветских странах. — Европейский парламент. Департамент политики. Генеральное управление по внешней политике, 2013. — 28 с. — ISBN 978-92-823-4595-5. — DOI:10.2861/28281. Архівавана 30 снежня 2013. Гл. таксама:Ван Ворен Р. Психиатрия как средство репрессий в постсоветских странах // Вестник Ассоциации психиатров Украины. — 2013. — № 5.
  39. а б Ougrin D, Gluzman S, Dratcu L Psychiatry in post-communist Ukraine: dismantling the past, paving the way for the future // The Psychiatrist. — February 16, 2007.
  40. Глузман С. Ф. Украинское лицо судебной психиатрии // Новости медицины и фармации. — Издательский дом «ЗАСЛАВСКИЙ», 2009. — № 15 (289).
  41. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Bloch, Sidney; Reddaway, Peter. Soviet psychiatric abuse: the shadow over world psychiatry. — Westview Press, 1985. — ISBN 0-8133-0209-9.(недаступная спасылка)
  42. а б Finlayson J Political Abuse of Psychiatry with a Special Focus on the USSR Report of a meeting held at the Royal College of Psychiatrists on 18 November 1986 // Psychiatric Bulletin. — 1987. — № 11. — С. 144—145. — DOI:10.1192/pb.11.4.144
  43. а б Документы Московской Хельсинкской группы / [Моск. Хельсинк. группа; о-во «Мемориал»; сост. Д. И. Зубарев, Г. В. Кузовкин]. — Москва: Моск. Хельсинк. группа, 2006. — 592 с. — ISBN 5-98440-30-8.
  44. Сахаров А.Д. Часть третья. Горький. Глава 2. Вновь Москва. Форум и принцип «пакета» // Сахаров А.Д. Воспоминания.
  45. Гл. 28:00 ад пачатку фільма Ярошевский А.. Фильм «Тюремная психиатрия». rutube (22 кастрычніка 2005). Праверана 21 сакавіка 2010.
  46. Сахаров А.Д. Часть вторая. Глава 7. Обыск у Чалидзе. Суд над Красновым-Левитиным. Проблема религиозной свободы и свободы выбора страны проживания. Суд над Т. Обращение к Верховному Совету СССР о свободе эмиграции. В марте 1971 года открылся ХХIV съезд КПСС // Сахаров А.Д. Воспоминания.
  47. а б Bloch S. Psychiatry as ideology in the USSR // Journal of medical ethics. — 1978. — Vol. 4. — Iss. 3. — P. 126—131. — PubMed.
  48. а б Ван Ворен Р. О диссидентах и безумии: от Советского Союза Леонида Брежнева к Советскому Союзу Владимира Путина / Пер. с англ. К. Мужановского; предисл. И. Марценковского. — Киев: Издательский дом Дмитрия Бураго, 2012. — 332 с. — ISBN 978-966-489-158-2.
  49. а б в г Коротенко А.И., Аликина Н.В. Советская психиатрия: Заблуждения и умысел. — Киев: Сфера, 2002. — 329 с. — ISBN 9667841367.
  50. Garrabé J. Histoire de la schizophrénie. — Paris, 1992. Перевод: История шизофрении. См. Вялотекущая шизофрения (в гл. XI).
  51. Райч В. Четвертая экспертиза (приложение) // Григоренко П.Г. В подполье можно встретить только крыс. — Нью-Йорк: Детинец, 1981. — С. 806—815. — 845 с.
  52. а б в г Карательная психиатрия в России: Доклад о нарушениях прав человека в Российской Федерации при оказании психиатрической помощи. — Москва: Изд-во Международной хельсинкской федерации по правам человека, 2004. — 496 с. Архівавана 18 красавіка 2013.
  53. а б Abuse of Psychiatry against Dissenters // Economic and Political Weekly. — Feb. 7, 1981. — Т. 16. — № 6.
  54. Терновский Л. Б. Сага о «Хронике» / Воспоминания и статьи. — Москва: Возвращение, 2006.
  55. "Заключение Медведева в психиатрическую больницу". Хроника текущих событий (Вып. 14). 30 чэрвеня 1970.
  56. Буковский В., Глузман С. (Студзень–люты 1975). "Пособие по психиатрии для инакомыслящих" (PDF). Хроника защиты прав в СССР (13): 43. {{cite journal}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  57. Абрамкин В. (2009). "Что было: свидетельствует Наталья Горбаневская" (PDF). Независимый психиатрический журнал (3): 73–77.
  58. а б Блох С., Реддауэй П. Диагноз: инакомыслие // Карта: Российский независимый и правозащитный журнал. — 1996. — № 13—14. — С. 56—67. Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2006.
  59. Glasser, Susan (Dec 15, 2002). "Psychiatry's Painful Past Resurfaces in Russian Case; Handling of Chechen Murder Reminds Many of Soviet Political Abuse of Mental Health System". The Washington Post (USA). Архівавана з арыгінала 5 лістапада 2012. Пераклад: Болезненное прошлое российской психиатрии вновь всплыло в судебном деле Буданова // ИноСМИ.ру. — 2002.
  60. Василенко Н. Ю. «Основы социальной медицины», учебное пособие, Владивосток: Дальневосточный университет, 2004. С. 33.
  61. Человек имеет право [Обсуждение с участием А. Прокопенко, Р. Чорного, В. Лапинского. Ведущий К. Агамиров] // Радио «Свобода». — 25.01.05.
  62. Асриянц С., Чернова Н. (17 лютага 2010). "Юрий Савенко и Любовь Виноградова (Интервью)". Новая газета. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2013. Праверана 6 чэрвеня 2017.
  63. Писатели-диссиденты: биобиблиографические статьи (Начало) // Новое литературное обозрение. — 2004. — № 66.
  64. Документы Инициативной группы по защите прав человека в СССР / Составители Г. В. Кузовкин, А. А. Макаров. — Москва, 2009.
  65. Писатели-диссиденты: Биобиблиографические статьи (Продолжение) // Новое литературное обозрение. — 2004. — № 67.
  66. Автор Татьяна Вольтская, ведущий Иван Толстой. Поверх барьеров: судьба Михаила Нарицы. Радио «Свобода». Праверана 18 кастрычніка 2013.
  67. Van Voren R. On Dissidents and Madness: From the Soviet Union of Leonid Brezhnev to the “Soviet Union” of Vladimir Putin. — Amsterdam—New York: Rodopi, 2009. — 296 с. — ISBN 9789042025851.
  68. а б в г д е Адлер Н., Глузман С. Пытка психиатрией. Механизм и последствия // Социально-психологические и медицинские аспекты жестокости. — 2001. — № 1. — С. 118–135.(недаступная спасылка) Гл. таксама іншыя публікацыі артыкула: Обозрение психиатрии и медицинской пси­хологии им. В. М. Бехтерева, № 3, 1992. С. 138—152; Вiсник Асоціації психiатрiв України, № 2, 1995. С. 98-113.
  69. а б Сахаров А.Д. Часть вторая. Глава 6. «Памятная записка». Дело Файнберга и Борисова. Михаил Александрович Леонтович. Использование психиатрии в политических целях. Крымские татары // Сахаров А.Д. Воспоминания.
  70. а б в Report of the U.S. Delegation to assess recent changes in Soviet psychiatry // Schizophr Bull. — 1989. — Т. 15, suppl. 1. — № 4. — С. 1—219. — PMID 2638045. На рускай мове: Доклад делегации США по оценке недавних перемен в советской психиатрии Архівавана 7 красавіка 2014.
  71. Рафальский В. Репортаж из ниоткуда // Воля: журнал узников тоталитарных систем. — 1995. — № 4—5. — С. 162—181. Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2020.
  72. Обращение Виктора Файнберга // Казнимые сумасшествием: Сборник документальных материалов о психиатрических преследованиях инакомыслящих в СССР / Редакторы: А. Артемова, Л. Рар, М. Славинский. — Франкфурт-на-Майне: Посев, 1971. — С. 381—398. — 508 с. Архівавана 23 верасня 2010.
  73. Merskey, Harold (1978). "Political neutrality and international cooperation in medicine" (PDF). Journal of Medical Ethics. 4 (2): 74–77. PMC 1154638. PMID 671475.
  74. Блох С., Реддауэй П. Диагноз: инакомыслие. Как советские психиатры лечат от политического инакомыслия. — Лондон: Overseas Publications Interchange, 1981. — 418 с. — ISBN 0903868334.
  75. Abuse of psychiatry in the Soviet Union: hearing before the Subcommittee on Human Rights and International Organizations of the Committee on Foreign Affairs and the Commission on Security and Cooperation in Europe, House of Representatives, Ninety-eighth Congress, first session, September 20, 1983. Washington: U.S. Government Printing Office. 1984.
  76. van Voren R. (2002). "Comparing Soviet and Chinese political psychiatry" (PDF). The Journal of the American Academy of Psychiatry and the Law. 30 (1): 131–135. PMID 11931361. Архівавана з арыгінала (PDF) 26 ліпеня 2011. Праверана 4 чэрвеня 2017.
  77. "Спасти Кристину Шатикову". Белорусский партизан. 2012-07-18. Архівавана з арыгінала 18 лістапада 2012. Праверана 5 чэрвеня 2017.
  78. Использование психиатрии в политических целях в Белоруссии // Независимый психиатрический журнал. — 2007. — № 2.
  79. "Кристина Шатикова умерла". Белорусский партизан. 2012-09-21. Архівавана з арыгінала 5 кастрычніка 2012. Праверана 5 чэрвеня 2017.
  80. "За что витебского врача-правдоруба закрыли в психбольнице?". Салідарнасць. 2013-09-14.
  81. "Доктора Постнова из Витебска признали узником совести". 5MIN.BY. 2013-08-29. Архівавана з арыгінала 5 кастрычніка 2016. Праверана 5 чэрвеня 2017.
  82. "Витебского врача Игоря Постнова 20 сентября перевели из психиатрической больницы на содержание в дневном стационаре". Свободный регион. 2013-09-20. Архівавана з арыгінала 6 жніўня 2016. Праверана 5 чэрвеня 2017.
  83. http://novychas.by/hramadstva/aljaksandr_kruti_taksama_pal_t
  84. https://www.svaboda.org/a/25031293.html
  85. http://humanrightshouse.org/Articles/20054.html Архівавана 1 чэрвеня 2016.
  86. http://novychas.by/hramadstva/80-hadovaha-invalida-aljaksandra-lapickaha-adpraul
  87. https://www.svaboda.org/a/27837126.html