Кальцавая сістэма Нептуна значна меней істотная, чым, напрыклад, у Сатурна. У сістэму кольцаў Нептуна ўваходзіць 5 кампанентаў.
Кольцы могуць складацца з ледзяных часціц, пакрытых сілікатамі, ці заснаваным на вугляродзе матэрыялам, — найбольш верагодна, гэта ён надае ім чырванаватае адценне[1].
Адносна вузкае, самае вонкавае, размешчанае ў 63 000 км ад цэнтра планеты — кольца Адамса; кольца Левер'е на аддаленні ў 53 000 км ад цэнтра і шырэйшае; больш слабое кольца Гале на адлегласці ў 42 000 км. Кольца Араго размешчана на адлегласці ў 57 000 км. Ад вонкавых межаў кольца Левер'е да ўнутраных межаў кольца Араго размяшчаецца шырокае кольца Ласел[2].
Першае кольца Нептуна было выяўлена ў 1968 годзе камандай астраномаў на чале з Эдвардам Гайненам[3][4]. Але пазней лічылася, што гэта кольца магло быць няпоўным, дэфектным[5]. Такое меркаванне ўзяло верх пасля назірання за пакрыццём кольцамі зоркі ў 1984 годзе, калі кольцы зацямнілі зорку падчас яе ўваходу ў цень, а не па выхадзе з яе[6]. Выявы «Вояджэра-2» ад 1989 гады вырашылі гэту праблему, паколькі было выяўлена яшчэ некалькі слабых кольцаў, але з досыць масіўнай структурай[7]. Прычына гэтага так і не высветлена дагэтуль, але гэта магло адбыцца з-за гравітацыйнага ўзаемадзеяння з маленькімі спадарожнікамі на арбіце паблізу ад кольцаў[8]. Найбольш аддаленае кольца Адамс, як зараз вядома, утрымлівае 5 «дужак» пад назвай: «Адвага», «Liberté», «Egalité 1», «Egalité 2», і «Fraternité» (Свабода, роўнасць 1, роўнасць 2 і братэрства)[9]. Існаванне гэтых дуг было цяжка растлумачыць, таму што законы механікі прадказваюць, што яны павінны былі б за досыць кароткі момант часу злучыцца ў аднароднае кольца. Лічылася, што ў такім становішчы дугі ўтрымлівае гравітацыйны ўплыў спадарожніка Нептуна — Галатэі, якая абарачаецца вакол Нептуна блізка ад унутранай мяжы кольца Адамса[10][11]. Аднак новыя даследаванні паказваюць, што ўплыў гравітацыі Галатэі недастатковы для таго, каб утрымліваць матэрыял кольцаў у тым становішчы, у якім ён знаходзіцца цяпер. Назіраемыя вынікі можна растлумачыць прысутнасцю яшчэ аднаго спадарожніка Нептуна, які можа мець досыць малы памер (да 6 км), і з прычыны гэтага можа быць яшчэ не адкрыты[12]. Назіранні з паверхні Зямлі, апублікаваныя ў 2005 годзе, паказалі, што кольцы Нептуна нашмат больш нясталыя, чым лічылася раней. Выявы, атрыманыя абсерваторыяй Кек (Гавайскія астравы) у 2002 і 2003 годзе, паказваюць значныя змены ў параўнанні з выявамі «Вояджэра-2». У прыватнасці, здаецца, што дуга «Liberte» можа знікнуць усяго праз стагоддзе[13].