Конга (Esikongo, Bakongo) | |
Агульная колькасць | 4,43 млн (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Цэнтральная Афрыка: Ангола — 2474 тыс. |
Мова | конга, кітуба |
Рэлігія | хрысціянства, анімізм, фетышызм |
Блізкія этнічныя групы | вілі, бубі, чоквэ, амбунду |
Ко́нга, або бако́нга (саманазвы: Esikongo, Bakongo) — народ на захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Жывуць пераважна ў Анголе, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Рэспубліцы Конга. Агульная колькасць (2017 г.) — 4,43 млн чал.[1]
Фарміраванне этнічнай супольнасці народа конга звязана з існаваннем гістарычнай дзяржавы Каралеўства Конга, якое інтэгравала блізкія па мове і культуры групы банту на поўдзень ад ракі Конга. З канца XV ст. валадары маніконга падтрымлівалі актыўныя зносіны з еўрапейскімі краінамі, перш за ўсё Партугаліяй, спавядалі каталіцызм і садзейнічалі ўключэнню сваёй краіны ў трансатлантычны гандаль, у тым ліку гандаль рабамі.
Уплыў хрысціянства і еўрапейскай культуры назіраўся пераважна сярод вышэйшых колаў грамадства. Значную ролю ў гандлі, асабліва ў прыморскіх раёнах адыгрывалі крэолы. Згодна запісам еўрапейцаў, у XVII - XVIII стст. насельніцтва розных правінцый Каралеўства Конга захоўвала некаторыя адрозненні.
У канцы XIX — пачатку XX ст. землі, населеныя конга, былі падзелены паміж Партугаліяй, Францыяй і Бельгіяй. Многія адукаваныя конга актыўна супрацоўнічалі з каланіяльнымі адміністрацыямі. У Анголе, дзе гандляры і чыноўнікі конга атрымалі мянушку "заірцы", яны атаясняліся з карупцыяй. Разам з гэтым палітычныя лідары конга ўзначальвалі рух за вызваленне Кабінды. У Вольнай дзяржаве Конга ў 1955 г. узнікла палітычная партыя Альянс баконга на чале Жазэфа Касавубу, якая прымала ўдзел у барацьбе за незалежнасць краіны.
Пасля абвяшчэння незалежнасці афрыканскіх краін прадстаўнікі конга працягвалі актыўна ўплываць на палітычнае жыццё. У Рэспубліцы Конга яны традыцыйна займаюць вызначальныя дзяржаўныя пасады. У 1961 г. многія конга сучаснай ДРК удзельнічалі ў антыбельгійскім паўстанні, што прывяло да кангалезскага крызісу. У Анголе складаныя ўзаемаадносіны паміж конга і іншымі этнічнымі групамі прывялі да сепаратысцкага руху ў Кабіндзе. У пачатку 1990-х гг. дзейнічаў рух за стварэнне незалежнай федэрацыі конга.
Конга здаўна займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Важную ролю ў гаспадарцы адыгрывалі рыбалоўства і паляванне. Ужо да прыходу еўрапейцаў рамяство вылучылася ў самастойную галіну. Згодна паданням, Лукені луа Німі, першы кароль Конга, паходзіў з рамеснікаў. Конга здабывалі і апрацоўвалі жалеза і іншыя металы, выраблялі кераміку, розныя тканіны, апрацоўвалі дрэва і слановую косць. Значную частку насельніцтва Каралеўства Конга складалі гараджане. У каланіяльны перыяд іх колькасць павысілася ў выніку міграцыі рабочых на прамысловыя прадпрыемствы. У наш час жыхары гарадоў часцей заняты ў гандлі, сферы абслугоўвання, дзяржаўнай адміністрацыі і арміі.
Традыцыйны від сельскага паселішча — вёска з раскіданай планіроўкай, якая можа ўключаць ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў жыхароў. Традыцыйныя жылыя хаціны ўяюляюць двухкамерныя гліняныя пабудовы з саламянымі дахамі. Адзін пакой з’яўляецца агульным месцам для сну і захоўвання харчоў. Другі — кухняй, што лічыцца прытулкам для жанчын. Падобныя хаціны ў канцы XV ст. убачылі партугальцы ў Мбанза-Конга. У выніку кантактаў з еўрапейцамі конга пазнаёміліся з каменнымі пабудовамі[2], пачалі ўжываць абпаленую цэглу і бляху.
Народная кулінарыя вельмі разнастайная, уключае стравы афрыканскага і еўрапейскага паходжання. Ядуць тры разы на дзень. З раніцы пякуць шарападобны хлеб фуфу з маніёку або ўжываюць пакупны салодкі пшанічны хлеб. У прыморскіх раёнах і ў гарадах распаўсюджаны звычай піць каву. Удзень ядуць фуфу з рысам, шматлікімі падлівамі, сушонай рыбай макаябу, насеннем кабачкоў з вострым перцам мбіка. Распаўсюджаная дзённая страва — смажаныя белыя бабы з гароднінай. Увечар даядаюць тое, што засталося з ранішняга і дзённага сняданку. Папулярныя напоі: піва, пальмавае або трысняговае віно.
Традыцыйна сваяцтва і спадчына перадаваліся мужчынам па жаночай лініі. Значную ролю адыгрывалі роды па жаночай лініі маканда на чале спадчыннага правадыра мані. Ім належалі зямля, культурныя дрэвы, члены маканда аказвалі абавязковую ўзаемадапамогу. Статус знутры рода вызначаўся адпаведна ўзросту. Мужчыны з адным статусам называлі адзін аднаго братамі мпангі, малодшых — дзецьмі мванэ. У другой палове XX ст. род маканда страціў сваю важнасць на карысць нуклеарным сем'ям. У ДРК перавага сям'і перад родам вызначана законам. Жанатыя мужчыны і жанчыны маюць падзелены бюджэт, прычым абавязак забеспячэння сям'і ежай і вопраткай кладзецца на жонку.
Вусны фальклор утрымоўвае шматлікія гістарычныя і генеалагічныя паданні. Конга вельмі любяць футбол. Адметнымі для выяўленчага мастацтва з’яўляюцца статуі мінтады. Іх выразаюць з дрэва або косці, адліваюць з металаў, упрыгожваюць тканінамі, ракавінамі, бісерам. Значны ўплыў на выяўленчае мастацтва конга аказала хрысціянства.
Мова кіконга адносіцца да галіны моў банту. Падзяляецца на шматлікія дыялекты. Першым пісьмовым помнікам з’яўляецца катэхізіс XVI ст. Літаратурная мова (Kikongo ya Leta, Kituba) ў розных краінах мае некаторыя адрозненні. Яе шырока ўжываюць ў СМІ, пачатковай адукацыі.
Хаця конга афіцыйна прынялі хрысціянства ў 1491 г., доўгі час яны захоўвалі паганскія звычаі, заснаваныя на веры ў шматлікіх духаў. У нашы дні большасць вернікаў — рымскія каталікі. У ДРК таксама распаўсюджана пяцідзясятніцтва.
Конга (народ) на Вікісховішчы |