Курыльскія астравы

Курыльскія астравы
руск.: Курильские острова
Касмічны здымак Курыльскіх астравоў
Касмічны здымак Курыльскіх астравоў
Характарыстыкі
Колькасць астравоў56 
Найбуйнейшы востраўІтуруп 
Агульная плошча10 500 км²
Найвышэйшы пункт2 339 м
Насельніцтва18 735 чал. (2010)
Шчыльнасць насельніцтва1,78 чал./км²
Размяшчэнне
46°30′ пн. ш. 151°30′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Курыльскія астравы (Расія)
Курыльскія астравы
Курыльскія астравы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Курыльскія астравы — ланцуг астравоў паміж паўвостравам Камчатка і востравам Хакайда, крыху выпуклай дугой аддзяляе Ахоцкае мора ад Ціхага акіяна.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Працягласць — каля 1200 км. Агульная плошча — 10,5 тыс. км². Уключаюць 30 вялікіх і шмат дробных астраўкоў і скал. Складаюцца з Вялікай (даўжыня 1200 км) і Малой (даўжыня 120 км) Курыльскіх град. Астравы падзелены Курыльскімі пралівамі. Глыбокія пралівы Крузенштэрна і Бусоль падзяляюць Вялікую граду на 3 групы астравоў: паўночную (Шумшу, Парамушыр, Анекатан, Шыяшкотан і інш.), сярэднюю (Сімушыр, Кетой, Расшуа, Райкоке і інш.), паўднёвую (Кунашыр, Ітуруп, Уруп і інш.). На ўсход ад вострава Кунашыр за Паўднёва-Курыльскім пралівам Малая Курыльская града (востраў Шыкатан і інш.).

Курыльскія астравы ўваходзяць у Сахалінскую вобласць Расіі. Паўднёвыя астравы архіпелага — Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і так званыя Хабамаі — аспрэчваюцца Японіяй, якая ўключае іх у склад прэфектуры Хакайда.

Спіс астравоў плошчай болей за 1 км² у напрамку з поўначы на поўдзень:

Назва Плошча,
км²
Максімальная
вышыня, м
Шырата Даўгата
Вялікая Курыльская града
Паўночная група
Атласава 150 2339 50°52' 155°34'
Шумшу 388 189 50°45' 156°21'
Парамушыр 2053 1816 50°23' 155°41'
Анцыферава 7 747 50°12' 154°59'
Маканрушы 49 1169 49°46' 154°26'
Анекатан 425 1324 49°27' 154°46'
Харымкатан 68 1157 49°07' 154°32'
Чырынкатан 6 724 48°59' 153°29'
Экарма 30 1170 48°57' 153°57'
Шыяшкотан 122 934 48°49' 154°06'
Сярэдняя група
Райкоке 4,6 551 48°17' 153°15'
Матуа 52 1446 48°05' 153°13'
Расшуа 67 948 47°45' 153°01'
а-вы Ушышыр 5 388
Рыпанкіча 1,3 121 47°32' 152°50'
Янкіча 3,7 388 47°31' 152°49'
Кетой 91 1166 47°20' 152°31'
Сімушыр 353 1539 46°58' 152°00'
Броўтана 7 800 46°43' 150°44'
а-вы Чорныя Браты 37 749
Чырпой 21 691 46°30' 150°55'
Брат-Чырпоеў 16 749 46°28' 150°50'
Паўднёвая группа
Уруп 1450 1426 45°54' 149°59'
Ітуруп 3318,8 1634 45°00' 147°53'
Кунашыр 1495,24 1819 44°05' 145°59'
Малая Курыльская града
Шыкатан 264,13 412 43°48' 146°45'
Палонскага 11,57 16 43°38' 146°19'
Зялёны 58,72 24 43°30' 146°08'
Танфільева 12,92 15 43°26' 145°55'
Юрый 10,32 44 43°25' 146°04'
Анучына 2,35 33 43°22' 146°00'

Будова і рэльеф

[правіць | правіць зыходнік]
Вулкан на востраве Парамушыр

Кожны востраў — вулкан, частка вулкана або ланцуг вулканаў (больш за 160 вулканаў, з іх каля 40 дзеючых), якія зліліся падножжамі або злучаны нізіннымі перашыйкамі. Астравы складзены пераважна з вулканагенных і вулканагенна-асадкавых парод. 3 карысных выкапняў ёсць сера і тэрмальныя воды. Бываюць землетрасенні і цунамі. Рэльеф гарысты, пераважаюць вышыні 500—1000 м, максімальная — 2339 м (вулкан Алаід на востраве Атласава)[1].

Клімат на астравах марскі, даволі суровы, з халоднай і працяглай зімой, прахалодным летам, высокай вільготнасцю паветра. На паўднёвай частцы Курыльскіх астравоў маразы ўзімку могуць дасягаць −25 °C, сярэдняя тэмпература лютага −8 °C. На паўночнай жа частцы зіма мякчэйшая, з маразамі да −16 °C і −7 °C у лютым.

Узімку на астравы ўплывае Алеуцкі барычны мінімум, дзеянне якога слабее да чэрвеня.

Сярэдняя тэмпература жніўня на паўднёвай частцы Курыльскіх астравоў — 17 °C, на паўночнай — 10 °C.

На значных астравах густая сетка рэк і ручаёў. Шмат азёр, у тым ліку кратэрных.

Глебы, расліннасць і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]

Глебы пераважна дзярновыя, лугавыя і алювіяльныя, пад лесам — слабападзолістыя са значнымі дамешкамі вулканічнага матэрыялу. На паўночных астравах альхова-рабінавае крывалессе, кедравы сланік, нізкія кусцікі шыкшы (варанікі). На поўдні трапляецца крывалессе з каменнай бярозы, курыльскі бамбук, ялова-піхтавыя і шыракалістыя лясы з ліянамі і бамбукам, месцамі рэдкалессе з курыльскай лістоўніцы. Для наземнай фаўны характэрны мядзведзь, гарнастай, чорна-бурая і чырвоная лісы, бурундук. Шмат птушак, асабліва марскіх, на скалах птушыныя базары. Мора багатае рыбай, асабліва ласасёвымі, крабамі, марскім зверам (нерпа, сівуч, марскі коцік, калан).

Японскія перасяленцы на Ітурупе, Будыйскі храм (раней за 1939)

Да сярэдзіны ХХ ст. астравы насялялі айны. Першым з еўрапейцаў астравы наведаў галандскі мараплавец М. Г. дэ Фрыз у 1644 г. На карце 1644 г. астравы пазначаны як тэрыторыя японскага клана Мацумаэ. У Расіі першыя звесткі пра Курыльскія астравы атрыманы ад землепраходца У. Атласава ў 1697 г. У 1711 г. іх даследаваў, падрабязна апісаў і склаў іх чарцёж расійскі служылы беларускага паходжання І. Казырэўскі. У 1721 г. І. Яўрэінаў (таксама паходзіў з Беларусі) разам з Ф. Лужыным па заданні Пятра I правёў геадэзічнае вывучэнне Курыльскіх астравоў і ўпершыню пазначыў іх на карце Расіі. У 1745 г. большая частка астравоў нанесена на «Генеральную карту Расійскай імперыі» ў Акадэмічным атласе. 3 канца XVIII ст. пачалася расійская і японская каланізацыя. Паводле расійска-японскага дагавора 1855 г. востраў Ітуруп і іншыя астравы на поўдзень ад яго адыходзілі да Японіі, астатнія Курыльскія астравы прызнаваліся ўладаннем Расіі. У 1875 г. у абмен на прызнанне Японіяй расійскага суверэнітэту над востравам Сахалін Расія перадала ёй сваю частку Курыльскіх астравоў, якія да 1945 г. знаходзіліся пад японскім кіраваннем. У час ІІ сусветнай вайны ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі 1945 г. (апублікавана ў лютым 1946 г.) Курыльскія астравы перададзены СССР і заняты савецкімі войскамі ў час Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945 г.; японскае насельніцтва з іх было эвакуіравана і заменена савецкімі перасяленцамі. 3 1947 г. астравы ў складзе Сахалінскай вобласці Расіі. Японія не пагадзілася з перадачай Савецкаму Саюзу паўднёвых Курыльскіх астравоў (Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан, града Хабамаі) і выказвае свае правы на іх, што стала прычынай нязгоды Японіі падпісаць Дагавор аб міры з СССР, а з 1991 г. — з Расіяй як яго правапераемніцай.

Насельніцтва і гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

Вядзецца рыбалоўства, на поўдні лясная гаспадарка. Развіта рыбаперапрацоўчая і кансервавая прамысловасць. Гарады Курыльск (на востраве Ітуруп), Севера-Курыльск (на востраве Парамушыр).

У цяперашні час на Курылах пражывае каля 20 тыс. чалавек, і іх адзінай сувяззю са знешнім светам застаецца паром на востраў Сахалін, які адбывае раз на тыдзень, — авіярэйсы застаюцца занадта дарагімі. Пры гэтым у рэгіёне вельмі дрэнная сітуацыя з доступам да інтэрнэту і сотавай сувязі і маецца ўсяго 13 км асфальтаваных дарог. Урад РФ планаваў развіваць на астравах турызм, аднак гэтаму перашкаджае адсутнасць інфраструктуры ў выглядзе дарог, гасцініц і сувязі.

  1. Алаід // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 226. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).