Кіраты (किराँत जाति) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 1 229 005 (2019) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Непал — 1222005[1] Бутан — 7200[2] |
Мова | кірацкія мовы |
Рэлігія | індуізм, анімізм, будызм |
Блізкія этнічныя групы | невары, цян, лепча |
Кіра́ты (непальск.: किराँत जाति) — група малых сіна-тыбецкіх народаў у Непале і Бутане. Агульная колькасць — 1 229 005 чалавек.
Назва кіратаў паходзіць ад санскр.: किरात. У Ведах і Махабхараце яна ўжываецца адносна старажытных гімалайскіх народаў. У даліне Катманду кіратаў лічылі першымі валадарамі, якія кіравалі навакольнымі землямі. Пазней назва кіратаў давалася пэўным этнічным або каставым групам сіна-тыбецкага паходжання, якія згодна з уяўленнямі суседніх груп былі першаснымі насельнікамі дадзенай мясцовасці[3]. У другой палове XX ст. дзякуючы працам кірацкага гісторыка Імана Сінь Чэмджонга[4], які атаесаміў продкаў кіратаў з біблейскімі кірэці[5], сярод саміх кіратаў распаўсюдзіўся міф аб іх супольным паходжанні з усходняга Міжземнамор’я.
У нашы дні большасць лінгвістаў прытрымліваецца гіпотэзы, паводле якой носьбіты кірацкіх моў перасяліліся з усходняга Тыбета на тэрыторыі паўднёвых схілаў Гімалайскіх гор прыкладна у 1 тысячагоддзі да н.э.[6][7][8]
Кіраты падзяляюцца на некалькі этна-моўных супольнасцей, геаграфічна ізаляваных адна ад адной. Найбольшыя з іх:
Акрамя таго, існуюць эндагамныя каставыя і тэрытарыяльныя групы накшталт рая, лімбу, якша, хая і інш. Яны размаўляюць на асобных дыялектах кірацкіх моў або моў суседніх народаў.
У апошнія дзесяцігоддзі сярод кіратаў Непала шырыцца рух за прызнанне адзінага кірацкага народа.
Адносная геаграфічная і сацыяльная ізаляванасць розных груп кіратаў прывяла да разнастайнасці ў культурных традыцыях. Большасць кіратаў — земляробы і рамеснікі. У Бутане яны таксама займаюцца горнай жывёлагадоўляй. Многія кіраты даліны Катманду працуюць на гарадскіх прадпрыемствах або ў дзяржаўнай адміністрацыі. У Непале распаўсюджана як прыватная маёмасць на зямлю, так і абшчынная. У Бутане да 1958 г. кіраты знаходзіліся ў стане прыгонных. Да нашых дзён яны працуюць на дзяржаўных землях або наймаюцца на працу ў якасці пастухоў да бхотыя.
У старажытнасці існавалі паліандрыя, матрылакальны адлік сваяцтва і перадача спадчыны па матчынай лініі. У нашы дні толькі некаторыя групы, накшталт лімбу даліны Катманду, фармальна захоўваюць адлік сваяцтва па матчынай лініі, але спадчына падзяляецца паміж усімі дзецьмі незалежна ад іх полу.
У кіратаў захавалася мноства рэлігійных звычаяў, якія адасабляюць іх ад суседніх народаў. Для іх характэрны анімізм, шанаванне старажытных племянных багоў, сямейныя рытуалы. У Непале старажытныя вераванні інтэграваны ў індуізм, у Бутане — у будызм.
Фальклор адметны генеалагічнымі і гістарычнымі паданнямі.
Кірацкія мовы належаць да асобнай галіны сіна-тыбецкай сям’і моў. У XVIII — XIX стст. на асобных мовах пісаліся літаратурныя творы, пераважна рэлігійныя.