Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||
Ла-Рашэль (фр.: La Rochelle) — партовы горад на захадзе Францыі на ўзбярэжжы Біскайскага заліва ў рэгіёне Новая Аквітанія.
Ла-Рашэль з’яўляецца сталіцай дэпартамента Прыморская Шаранта і важным гандлёвым цэнтрам на атлантычным узбярэжжы Францыі. Адлегласць да Парыжа складае прыкладна 480 км. У Ла-Рашэлі пражываюць 77 тысяч жыхароў.
Ла-Рашэль была заснавана ў X стагоддзі. У XII і XIII стагоддзі была важным горадам у сетцы ордэна тампліераў, якія пабудавалі ў ёй вялікі порт. Па сённяшні дзень у Ла-Рашэлі існуе rue des Templiers, вуліца тампліераў. Да XV стагоддзя горад заставаўся самым буйным портам Францыі на атлантычным узбярэжжы. Гандаль вёўся першым чынам віном і соллю. У эпоху Адраджэння Ла-Рашэль адкрыта прыняла ідэі Рэфармацыі і з 1568 года стала цэнтрам гугенотаў, што падарыла гораду недоўгачасовы перыяд росквіту і міру. У 1622 годзе герцаг дэ Гіз знішчыў флот Ла-Рашэлі, які знаходзіўся пад камандаваннем Жана Гітана.
Пасля таго, як салдаты Ла-Рашэлі 10 верасня 1627 года выступілі ў баі супраць каралеўскіх французскіх войскаў, кароль Людовік XIII загадаў пачаць аблогу Ла-Рашэлі, якая скончылася яе ўзяццем у 1628 годзе, а таксама новым пераследам гугенотаў, які дасягнуў піку ў адмене Нанцкага эдыкта Людовікам XIV. Шматлікія гугеноты беглі з краіны і заснавалі ў 1689 годзе ў Паўночнай Амерыцы горад Нью-Рашэл. У эпоху каланіялізму Ла-Рашэль адыгрывала важную ролю ў гандлі паміж Афрыкай, Паўночнай Амерыкай і Еўропай.
Падчас Другой сусветнай вайны немцы пабудавалі каля Ла-Рашэлі бункер для падводных лодак, захаваны да сённяшніх дзён. З-за моцнага супраціву захопнікаў, Ла-Рашэль стала апошнім вызваленым горадам Францыі. Нямецкі камендант здаўся толькі апоўначы 8 мая 1945 года.