Лемуравыя (Lemuridae) — сямейства паўмалпаў, эндэмікі Мадагаскара.
Даўжыня цела да 50 см, хваста да 51 см. Валасяное покрыва густое, чорнае, бурае, шэрае або рыжаватае, можа адрознівацца ў самцоў і самак. На хвасце часам чаргуюцца светлыя і цёмныя папярочныя палоскі. Вочы збліжаныя, вялікія.
Вядомыя з плейстацэну і галацэну вострава Мадагаскар. Пашыраны на в-ве Мадагаскар і суседніх астравах. Адрозніваецца каля 20 відаў з 5-6 родаў, у т.л. макі, або звычайныя лемуры (Eulemur), паўмакі, або лагодныя лемуры (Hapalemur) і інш.
Жывуць у лясах на дрэвах, некаторыя на зямлі. Трымаюцца паасобку, парамі, невялікімі групамі або статкамі (да 20 асобін). Карлікавыя і мышыныя лемуры ў засушлівы сезон упадаюць у спячку.
Селяцца ў дуплах або робяць гнёзды з лісця і травы. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.