Горад
| ||||||||||||||||||||||||||
Лунд (шведск.: Lund [lɵnd]) — горад на поўдні Швецыі, у правінцыі Сконэ. Назва горада перакладаецца на беларускую як «гай».
Лунд быў заснаваны каля 990 года. Такім чынам, ён з'яўляецца, разам з Сігтунай і Скарай адным з найстарэйшых гарадоў Швецыі, аднак у адрозненне ад вышэйназваных, ён не з'яўляецца спрадвечна шведскім: як і ўвесь Сконэ, ён быў далучаны да Швецыі толькі ў 1658 годзе, а да таго быў дацкім. У XI стагоддзі Лунд становіцца цэнтрам біскупства. У той самы час, гэта быў найбуйнейшы горад Даніі: у ім жыло прыкладна 3—4 тысячы жыхароў. Аднак пачынаючы з XIV стагоддзя, ён паступова страчвае сваю значнасць з-за росту суседняга Мальмё. Неўзабаве пасля далучэння да Швецыі, у 1666 годзе тут быў заснаваны ўніверсітэт, аднак да XIX стагоддзя ў ім кожны год навучалася ўсяго толькі сотня студэнтаў. У пачатку XVIII стагоддзя горад перажыў некалькі пажараў і чуму. У 1716—1718 гадах тут жыў і кіраваў краінай кароль Карл XII. У 1856 годзе ў Лунд з Мальмё была пракладзена чыгунка, і пачалася індустрыялізацыя горада, а ў канцы XIX стагоддзя значна павялічылася колькасць студэнтаў. Апасля Другой сустветнай вайны горад пачынае расці па-сапраўднаму: насельніцтва вырасла з 40 000 чалавек у 1950 годзе да амаль 74 000 чалавек у 2000, былі пабудаваны новыя дарогі, жылыя кварталы, заснавана Вышэйшая Тэхнічная школа.