Лясныя браты (эст.: metsavennad, лат.: mežabrāļi, літ.: miško broliai) — агульная назва партызанскага супраціўлення ў краінах Балтыі супраць савецкай улады, якая ўсталявалася там паводле Пакта Молатава-Рыбентропа. Гэты рух налічваў каля 170 тысяч чалавек, з іх 50 тысяч загінулі ці прапалі без вестак.
У сучаснай гістарыяграфіі Літвы, Латвіі і Эстоніі гэты рух характарызуецца як нацыянальна-вызваленчы, у савецкай і сучаснай расійскай — як прафашысцкі. Аналагічны рух супраціву ў гэты перыяд існаваў таксама ў Заходняй Украіне (УПА), Заходняй Беларусі (БКА), Польшчы і Румыніі.
Назва «лясныя браты» была ўзятая ад латышскіх партызанаў-рэвалюцыянераў, якія дзейнічалі ў перыяд Расійскай рэвалюцыі 1905-07 гадоў[1].
У Эстоніі рух супраціву налічваў да 15 тысяч мужчын на працягу 1944—1953 гадоў. Актыўна лясныя браты дзейнічалі ў раёнах Пярнумаа і Ляэнемаа, Тартумаа і Іда-Віру. За перыяд з 1944 — па 1947 яны здзейснілі 773 узброеных напады, знішчыўшы каля 1000 байцоў савецкіх спецслужбаў.
У Латвіі шэрагі лясных братоў у значнай ступені складаліся з былых воінаў латышскага легіёна СС[2]. Агульная колькасць партызанаў налічвала да 10 тысяч, яшчэ 20 тысяч чалавек актыўна дапамагалі партызанам правіянтам і прыстанішчам[3][4]. Да 1947 Цэнтральнае камандаванне латышскага супраціву мела штаб-кватэру на вуліцы Маціса ў Рызе[4].
Латышскім партызанам удалося знішчыць ад 1,5 тысяч (паводле савецкіх крыніц[5]) да 3 тысяч (паводле латышскіх крыніц[3]) чэкістаў, байцоў карных батальёнаў і партыйных актывістаў. За гэта тысячы партызанаў былі арыштаваны і больш за дзясятак тысяч членаў сем'яў і тых, хто падтрымліваў партызанаў — дэпартаваныя.
У Літве партызанскі супраціўленне быў найбольш моцным сярод краін Балтыі, асобныя рэгіёны кантраляваліся паўстанцамі да 1949 года[6]. Пазбягаючы прамых сутыкненняў з чырвонаармейцамі і войскамі НКУС, літоўскія партызаны змагаліся метадам сабатажу, засадаў і забойстваў асобных камуністычных дзеячаў[7]. Кіраўніком лясных братоў у Літве быў Ёнас Жэмайціс-Вітаўтас, імем якога ў 1998 годзе была названа ваенная школа ў Каўнасе.