Інфекцыя, выкліканая вірусам Зіка | |
---|---|
![]() Сып на руцэ, у хворага на ліхаманку Зіка. | |
МКХ-10 | A92.8 |
МКБ-10-КМ | A92.8, U06 і A92.5 |
МКХ-9 | 066.3 |
DiseasesDB | 36480 |
MedlinePlus | 007666 |
![]() |
Ліхаманка Зіка (таксама — інфекцыя, выкліканая вірусам Зіка) — вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікае вірус Зіка з роду Flavivirus . Яго адносяць да арбавірусных інфекцый. Працякае адносна дабраякасна, з недоўгачасовай ліхаманкай без выражанай інтаксікацыі, сыпу. У апошні час хвароба прыцягвае да сябе пільную ўвагу з-за магчымасці значнага сусветнага распаўсюджвання, лёгкага заражэння падарожнікаў, а таксама з-за верагоднага высокатэратагеннага дзеяння віруса, якога падазраюць у сувязі з павелічэннем колькасці нованароджаных з прыроджанай заганай — мікрацэфаліяй, якая выяўлена сёння ў эндэмічных па вірусе раёнах Бразіліі.
У 1947 годзе навукоўцы, якія даследавалі жоўтую ліхаманку, правялі вірусалагічнае даследаванне крыві на вышыні ліхаманкі ў адной з малп, злоўленай у лесе Зіка (на мове абарыгенаў «Зіка» літаральна азначае «зараснікі») недалёка ад навукова-даследчага інстытута вірусаў у Энтэбэ, Уганда. Навукоўцы чакалі, што выявяць звычайны вірус жоўтай ліхаманкі, але вылучаны імі агент хоць і належаў да флавівірусаў, але да гэтага не быў вядомы. Таму яны яго апісалі, як вірус Зіка. У 1952 годзе ва Угандзе, Танзаніі і 1954 годзе ў Нігерыі вірус удалося вылучыць ад чалавека. З часу адкрыцця да 2007 года пацверджаныя выпадкі Зіка-віруснай інфекцыі ў Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі былі рэдкімі. Але ў 2007 годзе спачатку ўзнікла вялікая эпідэмія хваробы на астравах Мікранезіі, а трохі праз, у Палінезіі. Успышка распаўсюдзілася на астравы Кука і Новую Каледонію[1].
У 2016 годзе ўрада шэраг краін Лацінскай Амерыкі (напрыклад, Ямайкі, Сальвадора, Калумбіі) папрасілі жанчын адкласці цяжарнасць у сувязі з успышкай ліхаманкі Зіка ў рэгіёне. Бразільскі міністр аховы здароўя Марселу Каштру прызнаў, што краіна не спраўляецца з барацьбой супраць камара Aedes aegypti, галоўнага пераносчыка віруса Зіка, колькасць заражаных якім пераходзіць у эпідэмію[2]. У прыватнасці ў Бразіліі за 2014 год было зарэгістравана каля 150 нованароджаных з мікрацэфаліяй, у наступным 2015 годзе падазрэнняў на мікрацэфалію было парадку 4000[3].
Крыніца інфекцыі і рэзервуар у дзікай прыродзе застаюцца невядомымі. Найбольш верагодна, што людзі з’яўляюцца крыніцай інфекцыі прынамсі падчас вострых праяў у іх захворвання. Хвароба перадаецца іншым людзям трансмісіўным шляхам — праз укусы камароў роду Aedes, часцей за ўсё, віду Aedes aegypti, у трапічных і экватарыяльных рэгіёнах.
Акрамя таго, існуе высокая ступень верагоднасці вертыкальнай перадачы. У 2009 годзе ўсталяваны факт палавой перадачы віруса ад чалавека да чалавека[4]. Пра працягласць і сілу імунітэту пасля перанесенай хваробы пакуль дакладна невядома. Хвароба ўяўляе небяспеку з-за магчымасці лёгкага заражэння падарожнікаў у рэгіёнах Акіяніі і Амерыкі.