Майсей Саламонавіч Кульбак | |
---|---|
ідыш: משה קולבאַק | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 20 сакавіка 1896[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 кастрычніка 1937[1] (41 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне |
|
Жонка | Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973) |
Дзеці | Элі Кульбак, Рая Кульбак |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | |
Гады творчасці | 1916 — 1937 |
Мова твораў | ідыш і іўрыт |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
![]() | |
![]() |
Майсе́й Саламо́навіч Ку́льбак (ідыш: משה קולבאַק — Мо́йшэ Ку́льбак; 20 сакавіка 1896, Смаргонь — 29 кастрычніка 1937, НКУС, Менск) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. Пісаў на ідышы.
Нарадзіўся ў сям’і служачага (прыказчыка ў лесагандлёвым прадпрыемстве).
Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце (1909—1914). Здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка, працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні. У 1918 годзе жыў у Менску, дзе быў лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, у пачатку 1919 года выехаў у Вільню. У 1920—1923 гадах жыў і працаваў у Берліне, у 1923—1928 гадах у Вільні, дзе ў 1927 годзе яго выбралі старшынёй «яўрэйскага ПЭН-клуба»[2], у канцы 1928 года вярнуўся ў Менск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года[3].
Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года ў Менску па адрасе: Омскі завулак, д. 4а, кв. 1[4].
28 кастрычніка 1937 года прыгавораны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка[3].
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года. Асабовая справа № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Жонка Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973), настаўніца сярэдняй школы, была арыштаваная 5 лістапада 1937 года ў Менску, 28 лістапада асобнай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў і этапаваная праз Оршу ў Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы НКУС Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года[3].
Дзеці Ілья і Рая. Ілья (Элі) загінуў ад рук нацыстаў у 1942 годзе ў мястэчку Лапічы Магілёўскай вобласці. Рая (Раіса) Кульбак-Шавель жыве ў Ізраілі[5][6].
Спачатку пісаў вершы на іўрыце, але неўзабаве перайшоў на ідыш. Друкавацца пачаў восенню 1916 года, першая публікацыя — верш «Зорачка» («Штэрндл»), які хутка атрымаў папулярнасць як народная песня. Аўтар зборнікаў «Вершы» (Вільня, 1920), «Новыя вершы» (Варшава, 1922), «Паэмы і вершы» (Мінск, 1929), раманаў «Месія сын Эфроіма» (Берлін, 1924), «Панядзелак» (Варшава, 1926). Для дзяцей напісаў казку «Вецер, які гняваўся» (Вільня, 1921).
Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923), п’ес «Разбойнік Бойтра» (была надрукавана ў менскім часопісе «Штэрн» у 1936 годзе, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у тым жа годзе, Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у 1937 годзе, яўрэйскім драматычным калектывам Вільнюскага дома культуры прафсаюзаў у 1961 годзе[7], а тэль-авіўскім Камерным тэатрам — у 1996 годзе; перакладзена на беларускую мову Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра», 2014[8]), «Беньямін Магідаў» (рыхтавалася да пастаноўкі ў 1937 годзе; рукапіс страчаны пасля арышту аўтара).
Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, п’есу Мікалая Гогаля «Рэвізор » (1933), зрабіў літаратурную апрацоўку перакладу на ідыш рамана Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь » (1937). Разам з З. Вітэнзонам падрыхтаваў да друку (пераклаў на ідыш асобныя творы, выступіў у якасці ўкладальніка) зборнік «Рэвалюцыйныя навелы» (1931).
Паэт і педагог Рыгор Рэлес лічыў, што на творчасць Майсея Кульбака, асабліва на п’есу «Бойтра», пэўны ўплыў аказала творчасць Янкі Купалы[8].
Збор твораў Майсея Кульбака ў 1929 годзе быў выдадзены ў Вільні ў 3 тамах. У Менску выйшлі «Вершы і паэмы» (1929), раман «Зельманцы» (кн. 1, 1931; кн. 2, 1935; пазней выходзіў у перакладах на беларускую, рускую, англійскую, нямецкую, французскую), паэма «Дзісенскі Чайльд Гарольд» (1933), «Выбранае» (1934), у Маскве — зборнік вершаў і паэм «Чалавек добры» (1979). Творы Майсея Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся таксама ў Аргенціне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.
У 1960 годзе ў Мінску выйшаў раман «Зельманцы» ў перакладзе на беларускую мову Віталя Вольскага[9]. У 2015 годзе раман быў перавыдадзены і трапіў у спіс кніг года паводле шэрагу экспертаў[10]. П’еса «Разбойнік Бойтра» перакладзена на беларускую Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра» для часопіса «Дзеяслоў» (2014)[8]. Асобныя вершы Майсея Кульбака перакладалі з ідыш на беларускую Эдзі Агняцвет, Сцяпан Гаўрусёў, Васіль Жуковіч, Генадзь Кляўко, Язэп Семяжон, Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя паэты. У 1970 годзе ў Мінску выйшаў паэтычны зборнік Майсея Кульбака «Выбранае», у 2016 — двухмоўны (на ідыш і беларускай) зборнік «Eybik/Вечна»[11]. У 2016 годзе таксама з’явіліся пераклады казкі «Вецер, які гняваўся»[12] і апавядання «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ»[13]. У 2018 і 2019 гадах выдадзены раманы «Панядзелак» і «Месія з роду Эфраіма» ў перакладзе Сяргея Шупы.
У 2022 годзе выйшаў двухтомнік Мойшэ Кульбака. Першы том быў выдадзены на ідыш, мове арыгіналу[14]; у другі том уключылі лацінскую транслітарацыю вершаў і іх пераклад на беларускую мову[15].
У 2024 годзе выйшаў пераклад Сяргея Шупы раману «Зэлмэняне»[16].
![]() |
Майсей Саламонавіч Кульбак у Вікікрыніцах |
---|---|
![]() |
Майсей Саламонавіч Кульбак на Вікісховішчы |