Матэ Залка | |
---|---|
венг.: Zalka Máté | |
Дата нараджэння | 23 красавіка 1896 ці 23 красавіка (5 мая) 1896[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 чэрвеня 1937[1] (41 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | Другая Іспанская Рэспубліка[d] |
Званне | генерал |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Матэ Залка (венг.: Zalka Máté), сапраўднае імя Бела Франкль (венг.: Frankl Béla; у СССР Мацвей Міхайлавіч Залка; 23 красавіка 1896 — 11 чэрвеня 1937) — венгерскі пісьменнік і рэвалюцыянер, актыўны ўдзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі 1918—1922 гадоў і грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—1939 гадоў. Кавалер ордэны Чырвонага Сцяга і рэспубліканскага ордэна Вызвалення Іспаніі (пасмяротна).
Матэ Залка нарадзіўся пад імем Бела Франкль у яўрэйскай сям’і (яго бацька быў карчмаром)[2]. Скончыў пачатковую школу ў г. Матэсалька[3]. Скончыўшы камерцыйнае вучылішча ў Сатмары, з пачаткам Першай сусветнай вайны ўступіў у аўстра-венгерскія ўзброеныя сілы. Ваяваў на Італьянскім фронце, затым перакінуты на Усходні. Паранены і палонены рускімі войскамі пад Луцкам у 1916 годзе[4].
У палоне знаходзіўся ў г. Хабараўск. Як і мноства іншых аўстра-венгерскіх ваеннапалонных (Бела Кун, Яраслаў Гашак), натхнёны рэвалюцыяй (пераваротам) 1917 года ў Расіі, захапіўся сацыялістычнымі ідэямі і далучыўся да камуністычнага руху (у забароненую Венгерскую камуністычную партыю ўступіў завочна ў 1920 годзе). Ваяваў на грамадзянскай вайне ў Расіі ў Сібіры ў складзе інтэрнацыянальнага чырвонага атрада, удзельнічаў у сялянскіх паўстаннях у тыле Калчака, з 1919 года — баец 18-тысячнай Сібірскай партызанскай арміі.
Пасля злучэння партызан з асноўнымі сіламі Усходняга фронту Чырвонай Арміі ў 1920 годзе ўступіў у РСЧА і знаходзіўся на камандных пасадах[4]. У 1921—1923 гадах прыняў удзел у баях супраць атрадаў Нестара Махно і ў падаўленні паўстанняў ва Украіне. У 1923 годзе звольнены ў запас[5].
На працягу 1923—1925 гадоў працаваў дыпламатычным кур’ерам, быў на гаспадарчай рабоце. Займаў пасаду дырэктара Тэатра рэвалюцыі ў Маскве. З 1925 года займаўся прафесійнай літаратурнай дзейнасцю. Таксама быў заняты ў апараце ЦК ВКП(б) з пачатку 1928 года. З канца 1920-х гадоў — у бюро Міжнароднага аб’яднання рэвалюцыйных пісьменнікаў (МАРП). Адзін з ініцыятараў стварэння Літаратурнага аб’яднання Чырвонай Арміі і флоту (ЛАЧАФ).
З 1936 года пад імем «генерал Лукач» ваяваў у ахопленай грамадзянскай вайной Іспаніі, камандаваў 12-й інтэрнацыянальнай брыгадай. На шашы блізу Уэскі быў забіты асколкам снарада. Пахаваны на поўдні Іспаніі, але пазней яго астанкі былі перапахаваны ў Венгрыі.
Жонкай Матэ Залка была Вера Іванаўна Залка, затым — медык і літаратар Раіса Майсееўна Азарх.
Творчасць Матэ Залкі прысвечана пераважна ваеннай тэматыцы. Яшчэ падчас службы ў аўстра-венгерскай арміі напісаў антываенную навэлу «Янаш-салдат», за якую камандаванне хацела яго разжалаваць. Першым апублікаваным творам стаў аповед «Ходзячы». Ён выйшаў у свет у 1924 годзе і быў прысвечаны грамадзянскай вайне ў Расіі. Гэтая ж тэма фігуруе ў наступных творах Матэ Залкі — «Кавалерыйскі рэйд» (1929 год) і «Яблыкі» (1934 год). Асноўным матывам усёй яго творчасці застаецца інтэрнацыянальнае братэрства. Бессэнсоўнасці і несправядлівасці імперыялістычнай Першай сусветнай вайны прысвечаны раман «Даберда» (1937 год), скончаны незадоўга да гібелі. Ён стаў самым вядомым творам Залкі. Пісаў на венгерскай і рускай мовах.