Мацей Казімір Сарбеўскі | |
---|---|
польск.: Maciej Kazimierz Sarbiewski | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 24 лютага 1595[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 красавіка 1640[1][2] (45 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, паэт, пісьменнік, выкладчык універсітэта |
Мова твораў | лацінская мова[3] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мацей Казімір Сарбеўскі (лацінізаванае імя Sarbievius, польск.: Maciej Kazimierz Sarbiewski, літ.: Motiejus Kazimieras Sarbievijus; 24 лютага 1595, в. Сарбева, каля Плоцка, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча — 2 красавіка 1640, Варшава) — новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра, тэолаг, філосаф.
Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіуме (1618-1620, 1626-1621), Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі (1620-1622, 1628-1635). Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове. З асобай Мацея Сарбеўскага звязана з’яўленне ў Віленскім універсітэце кола гуманістаў, якое ўключала прафесараў рыторыкі, прамоўцаў і паэтаў (Жыгімонта Лаўксміна, Яна Рывоцкага, Томаша Клягэ, Яна Хадзынскага, Мікалая Кміціца)[5].
3 1635 года каталіцкі прапаведнік пры двары караля Уладзіслава IV у Варшаве.
М. Сарбеўскі — аўтар трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і антычнай міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зборнікі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выдадзеныя ў Польшчы на лацінскай і ў перакладзе на польскую мову).
Засноўваючыся на працы антычных аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю. Скалігер, Я. Пантан), распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. М. Сарбеўскі развіваў прагрэсіўныя тэндэнцыі, выступаў за свабоду мастацкай творчасці. Паводле яго, паэзія не толькі пераймае тварэнні прыроды, але і паляпшае іх (прынцып ідэалізацыі). Асновай зместу паэтычнага твора лічыў фабулу. А паколькі фабула найбольш поўна раскрываецца ў эпічным жанры, то эпас уяўляўся яму вянцом паэзіі. Эпас, на думку М. Сарбеўскага, сумясціў у сабе ўсе навукі і мастацтвы, а эпічная паэма здавалася яму цэлым сусветам, народжаным фантазіяй паэта. Да недасканалых відаў паэзіі М. Сарбеўскі адносіў элегію і часткова лірыку, а эпіграму зусім выключаў з паэзіі. Гэта не перашкодзіла яму прысвяціць лірыцы вялікі трактат, у якім даследавалася своеасаблівасць лірычнай выяўленчасці і лірычны стыль. Падрабязна спыніўся ён таксама і на элегічнай паэзіі. Драматычную паэзію М. Сарбеўскі змясціў недзе пасярэдзіне паміж эпасам і лірыкай. Ён ахарактарызаваў «недасканалыя віды» паэзіі: сатыру і букалічную паэзію, байку, ідылію, панегірык, гімн і інш.
Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы таго часу. У спецыяльным трактаце Сарбеўскі выклаў тэорыю досціпу, вызначаючы яго як «адзінства згоднага і нязгоднага», сумяшчэнне гармоніі з дысгармоніяй (барочная канцэпцыя).
Арыентуючыся на антычнае мастацтва, М. Сарбеўскі ў той жа час высока ставіў творчасць Дантэ і асабліва Яна Каханоўскага. Такі падыход быў наватарскі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрапейскіх прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве.
Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.
Мацей Казімір Сарбеўскі на Вікісховішчы |