Мемуары

Французскае выданне аўтабіяграфіі Бенджаміна Франкліна (1791)

Мемуа́ры (фр.: mémoires), успаміны — запіскі сучаснікаў, якія апавядаюць пра падзеі, у якіх аўтар мемуараў браў удзел або вядомыя яму ад відавочцаў. Важная асаблівасць мемуараў складаецца ва ўстаноўцы на «дакументальны» характар тэксту, які прэтэндуе на дакладнасць аднаўляемага мінулага.

Да мемуараў належаць літаратурныя партрэты дзеячаў культуры і навукі, нататкі, напісаныя як успаміны; набліжаюцца дзённікі, аўтабіяграфіі і дакументальная літаратура. Ад хронік сучасных падзей мемуары адрозніваюцца тым, што ў іх на першы план выступае асоба аўтара, са сваімі спагадамі і непрыхільнасцямі, са сваімі імкненнямі і відамі. Вельмі часта належаць асобам, якія адыгрывалі значную ролю ў гісторыі, часам ахопліваючы значны перыяд часу, напрыклад, усё жыццё аўтара, нярэдка злучаючы важныя падзеі з дробязямі паўсядзённага жыцця, мемуары могуць быць гістарычным матэрыялам першараднай важнасці.

Гісторыя жанру мемуараў

[правіць | правіць зыходнік]

Вядучай жанравай прыкметай мемуарыстыкі з'яўляецца суб'ектыўнае асэнсаванне пэўных гістарычных падзей, жыццёвага шляху канкрэтна-гістарычнай асобы з прыцягненнем дакументаў, суаднясеннем ўласнага духоўнага вопыту аўтара з унутраным светам яго герояў, сацыяльна-псіхалагічнай прыродзе іх учынкаў, матывацыяй дзеянняў і рашэнняў . Заснавальнікам гэтага жанру лічыцца Ксенафонт — аўтар успамінаў пра Сакрата, ваенны паход грэкаў («Анабасіс», 401 да н.э.). Жанр стаў папулярным ужо ў эпоху элінізму. У рымскую эпоху да мемуараў звяртаўся Юлій Цэзар («Запіскі пра Гальскую вайну»), у эпоху Сярэднявечча — П’ер Абеляр («Гісторыя маіх блуканняў»), у эпоху Адраджэння — Бенвенута Чэліні і іншыя. Цікавасць да мемуараў не згасла і пазней (Іаган Вольфганг Гётэ, мадам дэ Сталь, Стэндаль, Генрых Гейнэ, Іван Тургенеў, Анатоль Франс, Рабіндранат Тагор, Эрнэст Хемінгуэй і іншыя).

Мемуары на старабеларускай мове з'явіліся ў канцы XVI — 1-й пал. XVII ст. («Дзённік Ф. Еўлашоўскага», «Дыярыуш» А. Філіповіча). У новай беларускай літаратуры вядомы мемуары: «3 палераў Альгерда Абуховіча», М. Хведаровіча «Памятныя сустрэчы», М. Лужаніна «Вачыма часу», Я. Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця», Л. Геніюш «Споведзь», С. Грахоўскага «Зона маўчання», П. Пруднікава «Далёкае, але незабытае». Культурнаму жыццю Беларусі прысвечаны мемуарныя творы П. Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», З. Азгура «Незабыўнае», Я. Рамановіча «Знаёмыя сілуэты», а таксама шматлікія зборнікі ўспамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, М. Лынькова, І. Мележа, В. Таўлая, У. Галубка, Р. Шырму і інш. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі адаюстрапаны ў тэматычных зборніках, кнігах В. Казлова, У. Лабанка, Р. Мачульскага, П. Калініна, В. Дзенісевіча і інш.

  • Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. — Мн., 1983.
  • Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. -+ Мн., 1982.
  • Савецкая Беларусь ва ўспамінах сучаснікаў: Анатаваны паказ. мемуар. літ. 1917—1972 гг. — Мн. 1973.
  • Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі // Склад Л. Юрэвіч. Нью-Ёрх, 1999.
  • Гардзіцкі А. Мемуары // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  • Мемуары // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  • Літературознавчий словник-довідник за редакцією Р. Т. Гром’яка, Ю. І. Коваліва, В. І. Теремка. — К.: ВЦ «Академія», 2007. (укр.)