«Мсціўцы: Вайна бясконцасці» (англ.: Avengers: Infinity War) — амерыканскі супергеройскі фантастычны фільм 2018 года аб прыгодах аднайменнай каманды супергерояў коміксаў кампаніі Marvel Comics. З’яўляецца 19-й па ліку карцінай ў кінематаграфічным сусвеце Marvel. Фільм быў анансаваны ў кастрычніку 2014 года пад назвай «Мсціўцы: Вайна бясконцасці — частка 1». У красавіку 2015 года рэжысёрамі фільма сталі Энтані і Джо Руса, а ў траўні да працы над сцэнарыям далучыліся Крыстафер Маркус і Стывен МакФілі. У ліпені 2016 года студыя Marvel скараціла назву да «Мсціўцы: Вайна бясконцасці». Здымкі пачаліся ў студзені 2017 года на студыі Pinewood Atlanta Studios у графстве Файет, штат Джорджыя, і працягваліся да ліпеня таго ж года. Дадатковыя здымкі праходзілі ў Шатландыі, Англіі, цэнтральнай Атланце і Нью-Ёрку.
Фільм заснаваны на сюжэце і элементах комікса «Пальчатка бясконцасці» (1991) Джыма Старліна і комікса «Бясконцасць» (2013) Джонатана Хікмана.
Прэм’ера стужкі ў Беларусі адбылася 3 траўня 2018 года.
Пакуль Мсціўцы і іх саюзнікі працягваюць абараняць свет ад розных небяспек, з якімі не змог бы зладзіцца адзін супергерой, новая пагроза ўзнікае з космасу: Танас. Міжгалактычны тыран мае на мэце сабраць усе шэсць Камянёў Бясконцасці — артэфакты неверагоднай сілы, з дапамогай якіх можна змяняць рэальнасць па сваім жаданні. Усё, з чым Мсціўцы сутыкаліся раней, вяло да гэтага моманту — лёс Зямлі ніколі яшчэ не быў гэтак нявызначаным.