Мура́шкі-мі́рмікі (Myrmica) — род насякомых сямейства мурашак.
Даўжыня цела 4-5 (рабочых), 6-7 (самкі), 5-6 (самцы) мм. Грудзі злучаны з брушкам 2-членікавай сцяблінкай. Колер ад чорна-бурага да рыжа-жоўтага. Задняспінка з зубцамі або шыпікамі. Галёнкі задняй нагі з грабеньчатай шпорай. Кукалкі свабодныя, без коканаў. У самак і рабочых мурашак добра развітае джала.
У сусветнай фаўне больш за 55 галарктычных відаў. На Беларусі найбольш трапляюцца мірміка рыжая (Myrmica rubra) і мірміка маршчыністая (Myrmica ruginodis).
Жывуць у глебавых гнёздах. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, выдзяленнямі тлей.
- Панкевіч Т. Мурашкі-мірмікі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. — Мн.: БелСЭ, 1984.