Мэцью Шэпард | |
---|---|
англ.: Matthew Shepard | |
Імя пры нараджэнні | англ.: Matthew Wayne Shepard |
Род дзейнасці | студэнт |
Дата нараджэння | 1 снежня 1976[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 12 кастрычніка 1998[5][1][…] (21 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | ЗША |
Веравызнанне | Епіскапальная царква |
Бацька | Дэніс Шэпард |
Маці | Джудзі Пек |
Альма-матар | |
Сайт | matthewshepard.org |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мэ́цью Уэ́йн Шэ́пард (англ.: Matthew Wayne Shepard, 1 снежня 1976, Каспер, Ваёмінг, ЗША — 12 кастрычніка 1998, Форт-Колінс, Каларада, ЗША) — амерыканскі студэнт, ахвяра злачынства на глебе нянавісці да гомасексуалаў, які стаў сімвалам барацьбы з гамафобіяй, гвалтам і забабонамі ў дачыненні да ЛГБТ-людзей[6][7][8]. Яго забойства ў 1998 годзе выклікала шырокі рэзананс і прыцягнула ўвагу грамадскасці да праблем ЛГБТ-супольнасці[9][10]. Пасля ў ЗША быў прыняты так званы «Акт Мэцью Шэпарда і Джэймса Бёрда-малодшага», які пашырыў заканадаўчае вызначэнне злачынства на глебе нянавісці[11].
Старэйшы сын Дэніса і Джудзі Шэпард Мэцью Уэйн нарадзіўся 1 снежня 1976 года ў горадзе Каспер, штат Ваёмінг. Ён з’явіўся на свет неданошаным і выжыў дзякуючы старанням урачоў. Мэт вучыўся ў пачатковай школе Крэст-Хіл, затым у школе Дына Моргана і два гады ў школе акругі Натрона ў Касперы. Пасля гэтага Шэпард з’ехаў у Еўропу — падарожнічаў, вывучаў італьянскую і нямецкую мову, у 1995 годзе скончыў Амерыканскую школу ў Лугана[12]. Вярнуўшыся ў ЗША, ён вучыўся ў каледжы Катоба ў Солсберы, затым у Касперы, а ў 1998 годзе паступіў на першы курс бакалаўрыята па паліталогіі і міжнародных адносінах ва Універсітэце Ваёмінга ў Ларамі. Яго бацькі ў той час знаходзіліся ў Саудаўскай Аравіі, дзе Дэніс Шэпард працаваў у нафтавай кампаніі «Saudi Aramco»[10]
З ранніх гадоў Мэцью праяўляў цікавасць да мастацтва, іграў у тэатральных пастаноўках у школе і каледжы. Ён таксама займаўся футболам, плаваннем, бегам, лыжным спортам і танцамі. Паводле слоў сваякоў, Мэцью ведаў, што ён «далёка не лепшы спартсмен у свеце», але любіў спаборніцкі дух і ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах проста з азарту. Разам з бацькамі ён быў вернікам Епіскапальнай царквы Святога Марка. Апроч гэтага, Шэпард быў экалагічным актывістам і нават абіраўся студэнцкім прадстаўніком у Савет па ахове навакольнага асяроддзя штата Ваёмінг.
«Мэцью вельмі прывязаны да сям'і: ён любячы сын, брат і ўнук, з ім наша жыццё значна багацейшае і паўнейшае. Жыццё Мэцью праходзіла ў пастаяннай барацьбе: ён дачасна нарадзіўся, і, быўшы вельмі слабым немаўлём, зрабіў усё для таго, каб выжыць. Ад прыроды Мэцью быў невялікага росту, але калі мы ўспамінаем, наколькі паважліва ён адносіўся да навакольных, то ўяўляем яго гігантам. Мы ведаем, што Мэцью марыў зрабіць лепшым жыццё хоць бы аднаго чалавека. У яго гэта ўжо атрымалася. І гэта тая адзіная яго мера поспеху, да якога ён заўсёды так імкнуўся»
Па ўспамінах блізкіх, Мэцью быў добрым, спагадным, таварыскім, умеў схіляць да сябе людзей, лёгка заводзіў сяброў, заўсёды быў гатовы дапамагчы. Пры гэтым ён быў даверлівым, наіўным, бачыў у навакольных толькі добрае і выступаў за роўнасць і прызнанне адрозненняў паміж людзьмі. Знаёмыя Шэпарда адзначалі яго розум, эрудыцыю і жывы гумар. Шэпард быў гомасексуалам, часта наведваў гей-бары, быў членам мясцовай ЛГБТ-суполкі, дзе пазнаёміўся з актывісткай Рамэйн Патэрсан, якая стала яго сяброўкай. Ён быў досыць адкрыты ў пытанні сексуальнасці, і калі сустракаў чалавека, які здаваўся яму спакойным і прыязным, мог расказаць пра сваю арыентацыі[9][13].
Зрэшты, назваць жыццё Шэпарда беспраблемным нельга. За тры гады да забойства ён стаў ахвярай жорсткага нападу падчас турыстычнай паездкі ў Марока. У адну з начэй Мэцью не мог заснуць і адправіўся прагуляцца на вуліцу, дзе да яго прычапілася банда мараканцаў, якія згвалтавалі яго, збілі і абрабавалі. Пасля гэтага Шэпард стаў схільным да дэпрэсіі, прыступаў панікі і начных кашмараў[14][15]. Паводле некаторых паведамленняў, ён быў ВІЧ-інфіцыраваны і нават падумваў пра самагубства, аднак патолагаанатам, які праводзіў анатаміраванне, заявіў, што абследаванне не выявіла прыкмет заражэння ВІЧ[15].
6 кастрычніка 1998 года члены ўніверсітэцкага ЛГБТ-альянсу Ларамі сабраліся, каб распрацаваць план мерапрыемстваў на наступны тыдзень, галоўным з якіх павінна была стаць дыскусія на тэму «Наколькі бяспечна быць адкрытым геем у Ваёмінгу». Пасля сустрэчы з таварышамі Мэцью Шэпард вырашыў адправіцца ў мясцовы бар. Ён запрашаў сяброў пайсці з ім, але тыя адмовіліся і папярэдзілі яго пра небяспеку начных прагулак[13].
Неўзабаве пасля паўночы 7 кастрычніка Мэцью пазнаёміўся ў бары з 21-гадовым Раселам Хендэрсанам і 22-гадовым Ааранам Мак-Кіні[16]. Хлопцы здаліся Шэпарду прыемнымі, і ён распавёў ім пра сябе. У адказ на гэта хлопцы сказалі, што яны і самі геі. Пасля, спрабуючы зразумець, як Шэпард мог пайсці з бара з двума сумнеўнымі незнаёмцамі, сябры катэгарычна адкінулі верагоднасць таго, што Мэцью спакусіўся на выпадковую сувязь[13]. Паводле слоў Мак-Кіні, Мэцью папрасіў іх падвезці яго дамоў, матывуючы гэта тым, што ён дужа п’яны[17].
Калі Шэпард сеў у машыну хлопцаў, Мак-Кіні стукнуў яго пісталетам па галаве. Яны з Хендэрсанам павезлі Мэцью за горад, у бязлюднае месца, дзе прывязалі яго да загарадзі, жорстка збілі, абрабавалі і пакінулі паміраць на холадзе. Злачынцы таксама даведаліся адрас Мэцью і намерваліся абрабаваць яго дом, але былі арыштаваны да таго, як паспелі здзейсніць задуму. Вяртаючыся ў горад, яны ўвязаліся яшчэ ў адну бойку, і іх затрымаў паліцэйскі. Абшукаўшы машыну, ён выявіў скрываўлены пісталет, чужыя рэчы і бумажнік і выказаў здагадку, што гэтыя двое здзейснілі штосьці яшчэ[15].
Праз 18 гадзін Шэпарда выпадкова ўбачыў веласіпедыст, які праязджаў міма. Мэцью быў яшчэ жывы, але настолькі знявечаны, што мужчына спачатку прыняў прывязанае да плота бязвольна вісячае цела за нежывы прадмет — агароднае пудзіла[18][19]. Мэцью адвезлі ў бальніцу Падрэ-Вэлі ў Форт-Колінсе, штат Каларада. У яго быў пералом касцей чэрапа ад асновы да пярэдняга краю правага вуха, цяжкае пашкоджанне ствала мозгу і органаў брушной поласці, а таксама мноства дробных ран і ранак на галаве, твары, шыі і грудзях[20][21]. Траўмы былі настолькі цяжкімі, што ўрачы не сталі яго аперыраваць. Шэпарда падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, і праз пяць дзён, 12 кастрычніка, у 12:53 ён сканаў, не прыходзячы ў прытомнасць[22][23].
Фрэд Фелпс і яго дэманстранты.
Вонкавыя выявы | |
---|---|
Фелпс з плакатамі «Matt in Hell» («Мэт у пекле») і «No special laws for fags» («Не спецыяльным законам для підараў») перад будынкам суда у Тапіцы, Канзас, 05.04.1999. У гэты дзень у судзе адбыўся допыт Расела Хендэрсана |
Адразу пасля нападу на Мэцью яго сябры і мясцовыя ЛГБТ-актывісты заявілі паліцыі, што ён быў геем, напад быў відавочна здзейснены на глебе гамафобіі, і яны не дазволяць ігнараваць гэты факт. Яны прыцягнулі да нападу ўвагу СМІ і ладзілі пікеты з патрабаваннем сумленнага і аб’ектыўнага расследавання[6][7]. Суд праходзіў у становішчы беспрэцэндэнтнага палітычнага ціску з боку як гей-актывістаў, так і іх праціўнікаў. Баптысцкая царква Уэстбара Фрэда Фелпса ладзіла пікеты каля будынка суда, патрабуючы змякчыць пакаранне забойцам і не прыгаворваць іх да смяротнага пакарання. Пры гэтым члены арганізацыі трымалі ў руках плакаты: «Matthew is now in Hell» (Мэцью цяпер у пекле), «God Hates Fags» (Бог ненавідзіць підараў), «God Hates Fag Enablers» (Бог ненавідзіць памагатых підараў), «Fags Doom Nation» (Підары вядуць нацыю да краху) і іншыя падобныя надпісы. З гэтымі ж лозунгамі яны пікетавалі могілкі падчас пахавання Шэпарда[24][25][26]. Актывісты ЛГБТ-руху спрабавалі дамагчыся таго, каб муніцыпалітэт Ларамі забараніў арганізацыі Фрэда Фелпса праводзіць свае пікеты. Аднак гарадскі суд пастанавіў, што, паводле Першай папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая гарантуе ўсім грамадзянам свабоду слова, ніхто не мае права забараняць Фелпсу і яго актывістам выказваць свой пункт гледжання, тым больш што ён матываваны іх рэлігійнымі перакананнямі. Тады сяброўка Мэцью Рамэйн Патэрсан і арганізаваны ёю рух «Белыя анёлы» выкарысталі іншую тактыку: апрануўшыся ў белыя балахоны з ружовымі трохвугольнікамі, яны кольцам абкружылі гамафобаў, ізаляваўшы іх ад прэсы і публікі і зрабіўшы нябачным з вокнаў суда іх пратэст. Падобную тактыку яны выкарыстоўвалі і пазней, але ўлады, асцерагаючыся сутыкненняў, неўзабаве пастанавілі, што бакі павінны праводзіць свае акцыі ў розных месцах[25][25][26]. Напружанне было настолькі моцным, што на развітанні з сынам Дэніс Шэпард быў у куленепрабівальнай камізэльцы, паколькі існавала небяспека, што радыкальныя праціўнікі геяў могуць зрабіць замах на яго жыццё. Кэл Рэруча, абвінаваўца на працэсе, са шкадаваннем успамінаў: «Самае сумнае, што гэтыя людзі не далі годна пахаваць Мэцью. Я ніколі не бачыў людзей, у якіх настолькі шмат нянавісці»[27].
Забойцы Расел Артур Хендэрсан і Ааран Джэймс Мак-Кіні выраслі ў праблемных сем’ях. Хендэрсан выхоўваўся без бацькі і рана прыахвоціўся да алкаголю. Бацька Мак-Кіні рэдка з’яўляўся дома і, урэшце, развёўся з яго маці, якая пазней памерла праз доктарскую памылку. Ааран атрымаў 100 000 долараў у якасці кампенсацыі, але большую частку грошай змарнаваў на машыны і наркотыкі, праз што да 18 гадоў ужо меў сур’ёзную метамфетамінавую залежнасць[15]. Былая дзяўчына Мак-Кіні Крысцін Прайс і адзін з яго сяброў заявілі, што Ааран быў бісексуалам і таму не меў нянавісці да прадстаўнікоў секс-меншасцей, але сам абвінавачваны катэгарычна абверг здагадкі пра якія-небудзь сувязі з мужчынамі, сказаўшы, што ставіцца да гэтага з грэблівасцю і агідай[8][15].
Адразу пасля арышту злачынцы звязаліся са сваімі сяброўкамі і папрасілі даць ім алібі. Дзяўчыны спачатку пацвярджалі іх сведчанні, але калі даведаліся, што Шэпард не проста збіты, а памёр ад атрыманых траўмаў, і што ім пагражае абвінавачванне ў саўдзеле ў забойстве, а таксама ў дачы лжывых сведчанняў, адклікалі алібі і выступілі супраць абвінавачваных[28]. Мак-Кіні і Хендэрсан паспрабавалі апраўдаць свае дзеянні так званай «гей-панікай». Забойцы абвінавацілі Шэпарда ў сексуальных дамаганнях, якія нібыта ўвялі іх у стан афекту, праз што яны не кантралявалі свае дзеянні.[8] Аднак іх дзяўчыны заявілі, што Шэпард не прыставаў да Аарана і Расела. Судова-псіхіятрычная экспертыза паказала, што абодва падсудныя былі цалкам пры свядомасці на момант здзяйснення злачынства і ўсведамлялі свае ўчынкі[15]. Таксама абвінавачваныя не змаглі растлумачыць, чаму яны абрабавалі сваю ахвяру і намерваліся ўлезці ў дом Шэпарда, калі знаходзіліся ў стане афекту, выкліканага гей-панікай. Калі гэта версія правалілася, Хендэрсан і Мак-Кіні сталі сцвярджаць, што хацелі толькі абрабаваць Мэцью, але не забіваць, а матывам для нападу была не гамафобія, а прага да нажывы і некантралюемая агрэсіўнасць, выкліканая наркотыкамі. Аднак следства ўсталявала, што ў той дзень яны не знаходзіліся пад дзеяннем наркотыкаў. Акрамя таго, высветлілася, што абвінавачваныя і раней неаднаразова выказвалі жаданне «збіць якога-небудзь гея». Кіраўнік расследавання забойства сяржант Роб Дэ Бры заявіў, што ўсё магло пачацца са звычайнага рабавання, але астатнія дзеянні злачынцаў звязаны з тым, што Мэт быў геем[29]. Калі перад Раселам Хендэрсанам паўстала пагроза быць прысуджаным да смяротнага пакарання за забойства з асаблівай жорсткасцю, ён ва ўсім прызнаўся і даў падрабязныя сведчанні супраць саўдзельніка ў абмен на захаванне свайго жыцця. Пасля гэтага прызнаўся і Мак-Кіні[30].
Бацькі Мэцью папрасілі суд захаваць злачынцам жыццё ў памяць пра сына. Яны сказалі, што жадаюць загаіць свае душэўныя раны, праявіўшы гуманнасць да тых, хто адмовіў Мэту ў міласэрнасці, калі той маліў пра літасць. Яшчэ адной прычынай такога рашэння было жаданне, каб седзячы ў турме без шанцаў на вызваленне, забойцы кожны дзень думалі пра тое, што здзейснілі. Шэпарды засталіся цвёрдыя ў сваім намеры, нягледзячы на тое, што гэтыя падзеі пазбавілі Дэніса не толькі сына, але і бацькі. Дзед Мэцью не вынес і памёр праз тры тыдні пасля ўнука[13]. Расел Хендэрсан і Ааран Мак-Кіні былі прысуджаны судом прысяжных да двух пажыццёвых тэрмінаў зняволення кожны без права на датэрміновае вызваленне[19][31].
«Я глыбока засмучаны актам гвалту супраць Мэцью Шэпарда. Не існуе нічога важнейшага для будучыні гэтай краіны за нашае агульнае адзінства ў барацьбе з нецярпімасцю, забабонамі і фанатызмам. Кангрэсу яшчэ не позна прыняць Закон аб злачынствах на глебе нянавісці, які б прадухіляў падобнае ў будучыні. Гэта магло б зрабіць жыццё ўсіх амерыканцаў больш бяспечным»
Напад на Мэцью Шэпарда выклікаў абурэнне шматлікіх людзей у ЗША і іншых краінах і даў пачатак грамадскаму руху за ўключэнне сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці ў лік матываў, па якіх здзяйсняюцца злачынствы на глебе нянавісці. Такія законы былі прыняты ў шэрагу штатаў ЗША[19]. Адпаведныя папраўкі ў агульнанацыянальнае заканадаўства спрабаваў правесці Біл Клінтан, аднак яны былі адхілены Кангрэсам. Наступны прэзідэнт, Джордж Буш-малодшы, сам быў праціўнікам паправак, і ў часы яго кіравання закон таксама не быў зменены. Нарэшце, у 2009 годзе «Акт Мэцью Шэпарда і Джэймса Бёрда-малодшага», які прыраўноўваў гамафобію, трансфобію і сексізм як матывы для нападаў да расізму і нацыяналізму, быў зацверджаны заканадаўцамі і 28 кастрычніка падпісаны Баракам Абамам[32][33].
Дэніс і Джудзі Шэпард, якія пры жыцці сына так і не змаглі да канца прыняць яго гомасексуальнасць, пасля забойства сталі ўдзельнікамі руху за правы секс-меншасцей. Яны падтрымалі аб’яднанне бацькоў геяў і лесбіянак і заснавалі «Фонд Мэцью Шэпарда», які ўзнагароджвае дзеячаў мастацтва, якія ў сваёй творчасці закранаюць тэму талерантнасці. Бацькі Мэта далі мноства інтэрв’ю і публічных лекцый пра неабходнасць памяркоўнага стаўлення да гомасексуалаў[19][34]. Рамэйн Патэрсан таксама стала актывісткай ЛГБТ-руху і стварыла сайт, адзін з раздзелаў якога цалкам прысвечаны яе сябру Мэцью[35].
Уладальнік участку зямлі, дзе стаяў плот, да якога прывязалі Мэта, паставіў на гэтым месцы помнік Шэпарду, а тэлевядучая і актрыса Элен Дэджэнерэс правяла цырымонію памяці Мэцью ў Вашынгтоне[36]. У 2008 годзе ў прысутнасці губернатара Дэйва Фройдэнтала быў усталяваны помнік у Ваёмінгскім універсітэце[37]. Фрэд Фелпс спрабаваў стварыць у цэнтральным парку Ларамі мемарыял з высечанымі на ім словамі пра тое, што Шэпард гарыць у пекле, што божая кара напаткае ўсіх геяў, і цытатамі з Бібліі на адпаведную тэму. Гэта выклікала рэзкі пратэст у грамадстве, і гарадскі савет адмовіў гамафобам ва ўзвядзенні помніка, які прапагандуе нянавісць. Тады Фелпс стварыў яго віртуальны аналаг на сваім сайце[38][39][40].
Пра трагедыю зняты фільмы «Гісторыя Мэцью Шэпарда»[41], «Анатомія злачынства на глебе нянавісці»[42] і «Праект Ларамі»[43]. Апошні заснаваны на аднайменнай тэатральнай пастаноўцы, якая пазней атрымала працяг у спектаклі «Праект Ларамі. Праз 10 гадоў»[44]. Мэцью пры жыцці можна ўбачыць у кароткім інтэрв’ю ў дакументальнай стужцы пра сенатара-гамафоба Джэсі Хелмса «Дарагі Джэсі»[45][46].
Памяці Мэта прысвечана мноства песень, сярод якіх «Scarecrow» Мелісы Этэрыдж, «American Triangle» Элтана Джона, «M. Shepard» хард-рок гурта «Thursday», «What Matters» Рэндзі Дрыскала, «Fear and Loathing in Laramie» гурта «Protest the Hero», «Above the Clouds» Сіндзі Лопер, «The Ballad of Matthew Shepard» Браяна Хаўстана, «God Loves Everyone» Рона Сексміта, «And Sadness Will Sear» гурта «Trivium», «Cheyenne» гурта «Good Riddance», «Trouble the Waters» гурта «Big Country», «Merman» Торы Эймас і іншыя[19][47].
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: залішняя пунктуацыя (спасылка) Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)Мэцью Шэпард на Вікісховішчы |
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |