Размах крылаў 50-80 мм. Даўжыня пярэдняга крыла 25-33 мм. Афарбоўка верхняга боку крылаў карычнева-белая з няправільным звілістым малюнкам, які адрозніваецца вялікай варыябельнасцю. Верхні бок задніх крылаў светла-чырвоны з пяццю вялікімі круглявымі плямамі, колер якіх вар’іруе ад чорнага да блакітнаватага. Галава і грудзі цёмныя, чырвона-бурыя, брушка чырвонае, з чорнымі папярочнымі палоскамі. Матылі адрозніваюцца палімарфізмам. У кожнай асобіны індывідуальны малюнак верхняга боку крылаў. Верхні бок задніх крылаў можа быць чырвонага або жоўтага колеру, са мноствам плям або наогул без іх, або аднатонным чорным.
У асобін, якія развіваюцца ў аднолькавых умовах, часам назіраецца варыябельнасць афарбоўкі, прычым часам гэтыя адрозненні настолькі вялікія, што матылькоў можна прыняць за прадстаўнікоў розных відаў.
Стадыя вусеня — з верасня па май. Зімуе вусень. Даўжыня каля 60 мм. Афарбоўка чорная, пакрыта доўгімі валасінкамі з белымі кончыкамі. Вусені першага ўзросту пакрыты шэрымі валасінкамі, з жаўтлявымі палоскамі на спіне. Пры небяспецы вусень падае з кармавой расліны на зямлю, згортваецца і прыкідваецца мёртвым.
Вусені з’яўляюцца паліфагамі, харчуюцца лісцем розных відаў травяністых і хмызняковых парод раслін. Асноўныя кармавыя расліны: маліна (Rubus idaeus), ажына (Rubus), каліна (Viburnum), бружмель (Lonicera), верас (Calluna), баршчэўнік (Heracleum), жаўтазель (Genista). Харчуюцца таксама лісцем такіх парод, як яблыня (Malus), суніцы (Fragaria), груша (Pyrus), сліва (Prunus).
Трапленне ў вочы валасінак вусеняў прыводзіць да кан’юктывітаў, але ядавітыя і дарослыя матылькі. У брушках самак знойдзены таксічны поліпептыд пад назвай «Каін». Ён атрутны як для іншых насякомых, так і для млекакормячых[1].
Зноскі
↑Орлов Б. Н. Гелашвили Д. Б. Ибрагимов А. К. Ядовитые животные и растения СССР — М.: Высшая школа, 1990. — С. 71. — ISBN 5-06-001027-9