Мідлсекс (Middlesex) — адно з 39 гістарычных графстваў Англіі, якое з 1965 года ўтварае паўночныя і заходнія акругі Вялікага Лондана.
Упершыню згадана ў 704 годзе як сярэдняя зона рассялення саксаў (даслоўна: Middleseaxan) — паміж Уэсэксам і Эсэксам, характарызуючы племянную прыналежнасць яго насельніцтва. З XII стагоддзя графства знаходзілася ў цені Лондана, адкуль прызначаліся мясцовыя шэрыфы. У XVII—XVIII стст. па берагах Тэмзы адна за іншай будуюцца раскошныя загарадныя рэзідэнцыі лонданскай знаці — Свэйкліс-хаус, Остэрлі-хаус, Саян-хаус і каралеўскі палац Хэмптан-корт.
У XIX стагоддзі графства і цалкам становіцца юрыдычнай фікцыяй — большую частку Мідлсекса займаюць прамысловыя прадмесці Лондана — Камдэн, Ізлінгтан, Таўэр-Хамлетс і Хаўнслау. Ужо ў віктарыянскую эпоху ўся тэрыторыя Мідлсекса была занята лонданскай агламерацыяй. У 1965 годзе графства было расфарміравана.
Назва азначае тэрыторыя сярэдніх саксаў (middle Saxons) і паказвае на племянны склад яе насельніцтва. Слова ўтворана ад англасаксонскіх (старажытнаанглійскіх) каранёў «middel» і «Seaxe»[1]. У VIII стагоддзі назва вобласці запісвалася Middleseaxon[2][2][3], а ў 704 годзе яна было зафіксавана як Middleseaxan[4].
Паселішчы на тэрыторыі Мідлсекса існавалі за тысячу гадоў да ўтварэння акругі[5]. У Кнізе страшнага суда яго тэрыторыя была падзелена на шэсць соцень: Эдмантан, Элсран, Гор, Хонслау, Осулстаўн і Спелсрау. Лонданскі Сіці, які з XIII стагоддзя адрозніваўся аўтаноміяй, геаграфічна знаходзіўся ў межах акругі, як і Вэстмінстэр, які таксама быў у вялікай ступені аўтаномны. Графства мае прадстаўніцтва ў парламенце з XIII стагоддзя. Тытул графа Мідлсекса ствараўся двойчы, у 1622 і 1677 гадах, але быў скасаваны ў 1843 годзе[6].
Эканоміка графства з самых ранніх часоў залежала ад лонданскага Сіці, у першую чаргу з-за гандлёвых сувязяў[7]. З Мідлсекса ў Сіці пастаўляліся разнастайныя тавары, такія як збожжа, сена, скаціна і будаўнічыя матэрыялы. Аднак, у XIII стагоддзі Мідлсекс усё больш набліжаецца да Сіці і становіцца ўрбанізаваным[7].
Будаўніцтва чыгуначных ліній у 1839 годзе прывяло да пераходу ад сельскагаспадарчай дзейнасці да будаўніцтва высокіх дамоў[8]. Паўночна-усходнія рэгіёны, адкуль лёгка было дабрацца да цэнтра Лондана, — Тотэнхэм, Эдмантан і Інфілд — пачалі засяляцца рабочым класам. Будаўніцтва лініі ў Віндзар, якая праходзіла праз Мідлсекс, завяршылася ў 1848 годзе, у Потэрс-Бар у 1850 годзе, а ў 1878 годзе пачалося пашырэнне гарадскога метро, якое цяпер даходзіла і да графства. У найбліжэйшых да горада дыстрыктах Актан, Вілісдэн, Іэлінг і Хорнсей ужо хадзілі трамваі і аўтобусы, забяспечваючы танны транспарт да цэнтра[8].
Пасля Першай сусветнай вайны наяўнасць рабочай сілы, а таксама блізкасць да Лондана прывялі да таго, што такія вобласці як Хэіс і Парк-Раяль сталі ідэальнымі месцамі для развіцця новых тэхналогій[8]. Вялікая колькасць рабочых месцаў прыцягвала ў графства людзей, насельніцтва расло і дасягнула піка ў 1951.
Пасля стварэння Лонданскага графства ў 1889 годзе, а пазней і пасля Другой сусветнай вайны яго насельніцтва Лондана памяншалася[9]. Насельніцтва ж Мідлсекса, насупраць, стабільна расло[10]. З 1951 па 1961 год насельніцтва ўнутраных раёнаў стала памяншацца, а расло насельніцтва толькі прыгарадных раёнаў[11]. У адпаведнасці з перапісам 1961 года, у кожным з дыстрыктаў Іэлінг, Інфілд, Харау, Хендан, Хестан-анд-Іслеварт, Тотэнхэм, Уэмблі, Вілесден і Твікенхэм колькасць насельніцтва была большая за 100 000 чал., гэта значыць яе ўжо хапала для прадастаўлення ўсім гэтым дыстрыктам статусу бора графства. Калі б ім быў прысвоены гэты статус, то насельніцтва адміністрацыйнага графства Мідлсекс скарацілася б амаль удвая, упаўшы ніжэй за адзін мільён.
Пасля Каралеўскай камісіі па пытаннях мясцовага самакіравання ў Вялікім Лондане, парламентам быў прыняты Закон аб лонданскім самакіраванні, які ўступіў у сілу 1 красавіка 1965 года.
Закон адмяніў адміністрацыйныя графствы Мідлсекс і Лондан[12]. У 1965 годзе амаль увесь Мідлсекс стаў часткай Вялікага Лондана, стаў кантралявацца Саветам Вялікага Лондана і сфармаваў раёны знешняга Лондана: Барнет (толькі частка), Брэнт, Ілінг, Энфілд, Харынгей, Харау, Хілінгдан, Хаўнслау і Рычманд-апан-Тэмс (часткова)[13].
Фота і Відэа на Вікісховішчы |