Мікмак

Мікмак
Mi'kmaq
Агульная колькасць 20200 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання  Канада — 17 тыс.

 ЗША — 3,2 тыс.

Мова мікмак
Рэлігія анімізм, каталіцызм
Блізкія этнічныя групы беатук, абенакі, малісіт, пасамакуоды

Мі́кмак (саманазва: Mi'kmaq, англ.: Micmac, фр.: Micmacs) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Новай Шатландыі. У нашы дні жывуць пераважна на ўсходзе Канады, амерыканскіх штатах Мэн і Масачусетс. Тэрыторыі, населеныя мікмак, завуцца Мігмагі (Mi’gma’gi). Агульная колькасць (2016 г.) — 20 200 чал.[1]

Лічыцца, што продкі мікмак пасяліліся на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна каля 10 тысяч гадоў таму. Да прыходу еўрапейцаў яны разам з іншымі ўсходнімі алганкінамі склалі канфедэрацыю Вабанакі, варожую ў дачыненні да аб’яднанняў іракезаў. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з канца XV ст. Мікмак актыўна ўдзельнічалі ў гандлі футрам, падтрымлівалі саюзныя адносіны з французскімі каланістамі. У XVI ст. з-за распаўсюджання эпідэмічных захворванняў колькасць мікмак скарацілася амаль удвая.

1 кастрычніка 1610 г. правадыр Анры Мемберту адным з першых сярод тубыльцаў Канады прыняў каталіцызм і падпісаў канкардат, які прадугледжваў як сталыя рэлігійныя зносіны, так і ўзаемны гандаль. У наш час 1 кастрычніка разглядаецца як нацыянальнае свята мікмак — Дзень Дамовы. Правы мікмак на суверэнітэт былі пацверджаны брытанскім каралём Георгам III у 1763 г. У гэты перыяд частка народа перасялілася на Ньюфаўндленд. Аднак у другой палове XVIII ст. правы мікмак часцяком парушаліся лаялістамі — выхадцамі з ЗША.

У 1876 г. мікмак трапілі пад нагляд урада Канады. У 1880 г. іх дзеці былі абавязаны наведваць так званыя мясцовыя школы, якія фінансаваліся ўрадам і з’яўляліся праваднікамі еўрапейскіх моў і рэлігійных звычаяў. У 1940-х гг. каля 2000 мікмак былі прымушаны перасяліцца на тэрыторыю рэзерватаў.

У нашы дні мікмак маюць статус першаснай нацыі ў Канадзе і карыстаюцца правамі аўтаноміі, удзельнічаюць у экалагічным руху. У 1999 г. вярхоўны суд Канады пацвердзіў правы мікмак на месцы палявання і рыбалоўства, гарантаваныя дагаворамі 1760 г. і 1761 г.

Плямёны мікмак

[правіць | правіць зыходнік]
Плямёны мікмак на ўсходзе Канады

На ўсходзе Канады на традыцыйных землях жывуць прадстаўнікі 7 плямён:

  • Анамак
  • Геспагоітнак
  • Геспегеаяк
  • Пігтагеаяк і эпегаітнак
  • Сігенігтэаяк
  • Сігепенегатык
  • Эсгігеаяк

Акрамя таго, на Ньюфаўнлендзе жывуць кваліпу[2], якія адасобіліся ад астатніх мікмак у XVIII — XX стст. У штаце Мэн (ЗША) афіцыйна прызнаным з’яўляецца племя арустук[3].

Традыцыйнае кіраванне

[правіць | правіць зыходнік]

Да 1876 г. галоўную ролю ў кіраванні мікмак адыгрывала Вышэйшая рада Sante’ Mawio’mi, у якую ўваходзілі прадстаўнікі keptin розных плямён. На чале Вышэйшай рады стаяў абраны вярхоўны правадыр Kji Sagamaw. Плямёны таксама мелі рады на чале з правадырамі родаў Sagamore.

Пасля ўсталявання ўрадавага нагляду абавязкі Вышэйшай рады перайшлі да прызначаных прадстаўнікоў. У нашы дні дзейнічае некалькі арганізацый, накшталт Прававой ініцыятывы мікмак Kwilmu’kw Maw-klusuaqn[4], якія каардынуюць супольныя сувязі плямён незалежна ад урада.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд першых кантактаў мікмак з еўрапейцамі іх асноўнымі заняткамі былі рыбалоўства, паляванне, збіральніцтва, камерцыйная здабыча і гандаль футрам. Важнымі жывёламі для здабычы былі лось, малюскі, траска, карыбу, мядзведзь, футравыя звяры. Распаўсюджаная зброя для здабычы — дзіда, лук, розныя капканы, крукі, сеткі. Для руху па вадзе майстравалі каноэ. Ужо ў XVI ст. запазычылі еўрапейскую традыцыю будавання невялікіх суднаў з ветразямі. Узімку карысталіся снегаступамі. Да распаўсюджвання еўрапейскіх прылад шырока карысталіся бярозавай карой. Ёй пакрывалі жытлы, ладзілі з яе кошыкі і пасудзіны.

Мікмак падзяляліся на групы, якія часам дасягалі 300 чалавек, на чале са спадчынным правадыром Sagamore. Кожная група вандравала па пэўнай паляўнічай тэрыторыі. У асноўным міграцыі мелі сезонны характар. Падчас недахопу ежы групы маглі падзяляцца. Жылі ў часовых вігвамах, крытых бярозавай карой або скурамі. Звычайна кожная нуклеарная сям'я карысталася сваім вігвамам. Вопратку шылі са скур, на ногі апраналі макасіны. У XIX ст. мужчынская вопратка шылася з прывезеных ваўняных тканін і знешне нагадвала еўрапейскую ваенную, жанчыны насілі на галаве капелюшы, падобныя на ваенныя, аднак упрыгожвалі іх бісерам.

Старажытныя мікмак знакаміты петрогліфамі, што выразаліся на мяккіх сланцах[5]. Да нашых дзён шырока распаўсюджаны разьба па дрэву, мастацкае пляценне скруткаў кары. Танцы імітуюць паводзіны жывёл[6]. Захаваліся святочныя і паляўнічыя песні.

Мова мікмак належыць да ўсходняй алганкінскай групы моў. У 1691 г. французскі місіянер «Бацька» Ле Клерк склаў пісьмовасць на аснове іерогліфаў. З 1894 г. карыстаюцца пісьмовасцю на аснове лацінкі.

Па звестках французскіх місіянераў XVII ст., мікмак шанавалі сонца і верылі ў шматлікіх духаў mntu або manitu. У 1610 г. быў заключаны канкардат з каталіцкім касцёлам. Каталіцызм практычна выціснуў традыцыйныя вераванні і аказаў значны ўплыў на духоўнае жыццё.

Зноскі

  1. Micmac
  2. Qalipu — Qalipu First Nation Band
  3. Welcome to the Official Website of the Aroostook Band
  4. Mi'kmaq Rights Initiative
  5. Mi'kmaq Petroglyphs Архівавана 1 студзеня 2017.
  6. The Mi’kmaq Of Eastern Canada - Traditional Dances(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2016. Праверана 13 верасня 2016.