Невары

Невары
(नेवार)
Агульная колькасць 1321933 (2011)
Рэгіёны пражывання Непал
Мова неварская мова
Рэлігія індуізм, анімізм, будызм
Блізкія этнічныя групы кіраты, лепча

Нева́р, нева́ры (саманазва: नेवार) — лінгва-культурная група непальцаў, карэнныя жыхары даліны Катманду. Агульная колькасць (2011 г.) — 1 321 933 чалавек.

Назва Невар — пракрыцкая форма слова «Непал». У дачыненні да жыхароў даліны Катманду яна ўжывалася з 512 г.

Сучасныя невары — нашчадкі розных народаў, што асядалі ў даліне, пераважна індаарыйскага і сіна-тыбецкага паходжання. Яны адасабляюць сябе па рэлігійнаму, каставаму або племянному прынцыпу, тым не меней карыстаюцца адзінымі неварскай мовай і культурай. Апошнія пачалі складвацца ў V — IX стст., калі ў даліне Катманду валадарыла дынастыя кірацкага паходжання.

У 1768 г. неварскія княствы трапілі ў склад дзяржавы Горкха, але да сярэдзіны XIX ст. мясцовыя высакародныя колы карысталіся культурнай аўтаноміяй.

У другой палове XIX — XX стст. неварская тоеснасць і мова паступова выціскаліся непальскай тоеснасцю і непальскай мовай. Аднак яны захаваліся і аказваюць моцны ўплыў на сучаснае культурнае становішча ў Непале.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Невары падзяляюцца на плямёны і касты джаці, якія вылучаюцца адзіным паходжаннем, сацыяльным статусам, эндагаміяй і прыкладна аднолькавай прафесійнай спецыялізацыяй. Вышэйшымі лічацца джаці брахманаў губхаджу, будысцкіх святароў баджрачар’я, кшатрыяў чатарыя шрэшта. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаяць рыбакі і прыбіральшчыкі чамаха, пральнікі дхобі, гарбары кулу і інш. Аднак большасць джаці спецыялізуецца на земляробстве, гандлі і рамёствах. Асобную джаці ўтвараюць шак’я, якія лічаць сябе прамымі нашчадкамі Буды, займаюцца ювелірнай справай і маюць права прыслужваць падчас набажэнстваў. З іх ліку выбіраюць багіню Кумары.

Замкнёнасць кожнай джаці стварае спецыфічныя адрозненні ў паўседзённай культуры і побыце. Тым не меней, існуюць некаторыя агульныя рысы, абумоўленыя агульнай гістарычнай спадчынай. Так, у неварскіх дзяржавах XV — XVIII стст. была створана асобная песенная традыцыя дапха. Першапачаткова яна развівалася пры дварах раджаў пад уплывам музычнага мастацтва паўночнай Індыі. Адным з найбольш выбітных аўтараў песень лічыцца раджа Джагадж’ёці Мала (XVII ст.) з Бхактапура. У XIX ст. традыцыя выйшла з прыдворных колаў і стала агульнанароднай. Для яе характэрны наяўнасць вакальных груп, выкарыстанне некалькіх моў, суправаджэнне танцавальнай драмай. У рэлігійным мастацтве як будыстаў, так і індуістаў асаблівую ролю адыгрывае паубха, мясцовы тып танкі. Неварская архітэктура адметна яркай цаглянай муроўкай і ўнікальным стылем разьбы па дрэве.

Невары звычайна маюць пашыраныя сем’і, падтрымліваюць шчыльныя зносіны са сваякамі. Шлюбы патрылінейныя, калі адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі. Спадчына размяркоўваецца паміж сынамі, але бацькі абавязаны забяспечваць дачок пасагам. У пубертатным узросце хлопцы і дзяўчаты праходзяць рытуал сталення, які можа адрознівацца ў залежнасці ад звычаяў джаці.

Неварская мова мае сіна-тыбецкае паходжанне, хаця ў ёй шмат запазычванняў з санскрыту і непальскай мовы. На працягу гісторыі ўжывалася некалькі варыянтаў пісьма. У нашы дні распаўсюджана дэванагары. Неварская мова выкарыстоўваецца ў прафесійнай літаратуры.

У пабытовым жыцці невараў захоўваюцца анімістычныя вераванні. Яны вераць у шматлікіх мясцовых багоў і духаў, якія выступаюць як станоўчыя, так і адмоўныя істоты, але патрабуюць шанавання. Для абароны ад адмоўных духаў практыкуюць магію. Папулярны прадказанні і астралогія.

Большасць вернікаў спавядаюць індуізм і будызм. Пры гэтым прадстаўнікі дзвюх канфесій святкуюць супольныя святы і ўдзельнічаюць у супольных рытуалах. Так, культ багіні Кумары мае індуісцкае паходжанне, але «жывую багіню» выбіраюць з ліку будыстаў. Індуісцкія багі ўваходзяць у пантэон будыстаў. Неварскія будысты прытрымліваюцца вучэння махаяна. Сярод іх не распаўсюджаны манаскі лад жыцця. Асноўныя святарскія функцыі выконваюць прадстаўнікі баджрачар’я, эндагамнай джаці, што нагадвае індуісцкую касту.