Нукуора

Нукуора
англ. Nukuoro
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча40 км²
Насельніцтва372 чал. (2007)
Шчыльнасць насельніцтва9,3 чал./км²
Размяшчэнне
3°50′38,80″ пн. ш. 154°58′16,60″ у. д.HGЯO
АрхіпелагКаралінскія астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Нукуора (Федэратыўныя штаты Мікранезіі)
Нукуора
Нукуора
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нукуора (англ.: Nukuoro) — атол на поўдні Каралінскіх астравоў. Уваходзіць у склад дзяржавы Федэратыўныя Штаты Мікранезіі. Агульная плошча — каля 40 км². Плошча сушы — 1,67 км². Насельніцтва — 372 чалавекі (2007 г.).

Атол Нукуора месціцца амаль за 500 км на паўднёвы захад ад вострава Панпеі. Уяўляе сабою шырокую лагуну ў атачэнні працяглага каралавага рыфа, на паверхні якога вылучаецца каля 47 астраўкоў-моту. 42 з іх пакрыты расліннасцю. Найбуйнейшы моту на паўднёвым усходзе лагуны мае назву Нукуора. Заходняя частка рыфа нізкая, падчас прыліваў цалкам пакрываецца вадой.

Клімат экватарыяльны вільготны. Сярэднедзённыя тэмпературы вагаюцца на працягу года ад +22 °C да +28 °C. Пераважаюць усходнія вятры.

Першыя людзі пасяліліся на Нукуора ўжо ў VIIIIX стст. Іх паходжанне невядома. Сучасныя насельнікі складаюць дробную этнічную супольнасць, якая адносіцца да знешніх палінезійцаў. Паводле іх паданняў, яны паходзяць з Самоа, адкуль іх правадыр Вавэ перасяліўся праз атол Капінгамарангі.

У 1806 г. атол быў адкрыты іспанскім суднам з Філіпінаў. З 1870 г. яго наведвалі хрысціянскія місіянеры.

У 1873 г. і 1877 г. культуру насельнікаў Нукуора даследаваў Ян Станіслаў Кубары. Дзякуючы яму стала шырока вядома пра арыгінальныя статуі ціна аіту, што выразаліся тубыльцамі ў рэлігійных мэтах з драўніны хлебнага дрэва.

З XIX ст. атол знаходзіўся пад фармальным кантролем Іспаніі, Германіі, Японіі і ЗША. З 1986 г. уваходзіць у якасці асобнага муніцыпалітэта ў склад штата Панпеі (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі).

Тубыльцы атола Нукуора — знешнія палінезійцы, якія размаўляюць на мове, блізкай да моў Капінгамарангі і Тувалу. Асноўныя заняткі — рыбалоўства, вырошчванне какосавай пальмы і тара. У нашы дні на атоле працуе ферма па вырошчванню жэмчугу.

Традыцыйна нукуорцы падзяляюцца на 5 родаў, прычым род правадыроў лічыцца асобным. Да прыняцця хрысціянства яны спавядалі політэістычную рэлігію, шанавалі багоў тупуа і духаў продкаў аіту таната. Правадары сумяшчалі палітычныя функцыі з рэлігійнымі. Галоўным сакральным цэнтрам з'яўляўся штучны пагорак мараэ з храмавым будынкам амалау на востраве Нукуора.

Старажытнае мастацтва нукуорцаў адмета вырабам драўляных статуй ціна аіту. Іх выразалі з дапамогай ракавін (пазней —еўрапейскіх інструментаў), а потым шліхтавалі пемзай. У нашы дні захавалася 37 статуй з Нукуора, усе яны знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

Статуі з Нукуора: