Паланіза́цыя (польск.: polonizacja) — запазычанне або насаджэнне польскай культуры, асабліва, польскай мовы ў землях з няпольскім насельніцтвам, кантраляваных Польшчай або падвержаных польскаму культурнаму ўплыву.
У 1569 годзе была заключаная унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай у Любліне (напярэдадні ўкраінскія землі Вялікага Княства Літоўскага былі далучаныя да Польшчы). Паводле акту Люблінскай уніі Літвой і Польшчай правіў сумесна абіраны кароль, а дзяржаўныя справы вырашаліся ў агульным Сойме. Аднак прававыя сістэмы, войска і ўрады заставаліся асобнымі.
У XVI—XVIII стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім панавала шляхецкая дэмакратыя, адбывалася паланізацыя літоўскай шляхты і яе збліжэнне з польскай. Вялікае Княства Літоўскае губляла свой нацыянальны характар, у ім развівалася польская культура.
Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Увесну 1919 года Польшча стала ажыццяўляць ваенную акупацыю беларускіх земляў. Палякамі пачалі стварацца часовыя інстытуты польскай адміністрацыі для правядзення палітыкі паланізацыі і акаталічвання насельніцтва — спачатку ў выглядзе структур грамадзянскага кіравання ўсходніх земляў, пазней пад ваенным кантролем кіравання прыфрантавых тэрыторый. Масавымі сталі сістэматычныя рабаванні насельніцтва і вываз рознай маёмасці. Палітыка польскай адміністрацыі ў 1919—1920 гг. характарызавалася татальным тэрорам па стаўленні да мясцовага насельніцтва паводле нацыянальнай прыкметы; беларусам, яўрэям, украінцам, рускім. Да восені 1919 г. было арыштавана, а затым адпраўлена на прымусовую працу ў Польшчу каля 20 000 грамадзянскіх асоб. За чэрвень—лістапад 1919 г. з акупаваных земляў было адпраўлена ў Польшчу 5 894 вагоны[крыніца?].
У адпаведнасці з савецка-польскай мірнай дамоваю, а таксама з пагадненнем паміж Польшчай і краінамі Захаду ў 1919 г., Польшча абавязалася даць магчымасць нацыянальнага развіцця для беларусаў і іншых нацыянальных меншасцяў на сваёй тэрыторыі. На самай справе, гэтыя абавязальніцтвы Польшчай былі парушаныя[1][2].
Кіруючыся пануючым настроям у польскім грамадстве,[3] улады распачалі жорсткую палітыку асіміляцыі беларускага насельніцтва.[4] У беларускіх крыніцах прыводзіцца цытата высокапастаўленага польскага чыноўніка Леапольда Скульскага, прыхільніка палітыкі асіміляцыі, які ў сваім выступе з Сейме ў канцы 30-х гг. прамаўляў: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце [ў Заходняй Беларусі] ні аднаго беларуса»[5][6][7].
Радыкальная паланізацыйная палітыка фармавалася пад уплывам нацыяналістычнага руху «Нацыянальная дэмакратыя» на чале з Раманам Дмоўскім. Дмоўскі адмаўляў беларусам і іншым народам рэгіёна ў праве на вольнае нацыянальнае развіццё і называў іх «горшым гатункам палякаў»[8].
Уладыслаў Студніцкі, уплывовы польскі чыноўнік у адміністрацыі «Усходніх крэсаў» (назва, якой у міжваеннай Польшчы абазначаліся тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны), адкрыта заяўляў, што гэты рэгіён патрэбны Польшчы для мэтаў каланізацыі[9].
Масавы характар насіла дыскрымінацыя беларускай мовы[10]. Было забароненае яе выкарыстанне ў органах дзяржаўнай улады[11].
Паводле гісторыка Пэра Андэрса Рудлінга, беларуская мова была выціснутая з школьнай адукацыі ў Заходняй Беларусі[2].
Да 1921 г. у Беларусі існавала 514 беларускіх школаў[12]. У 1928 г. іх заставалася толькі 69, што складала толькі 3% ад усіх існуючых навучальных установаў у Заходняй Беларусі на той момант[13].
Усе яны былі закрытыя да 1939 г.[1][12] Польскія чыноўнікі адкрыта супрацьстаялі альбо сабатажавалі адкрыццё беларускіх школаў, насаджалі польскамоўную адукацыю ў Заходняй Беларусі.[14] Даходзіла да таго, што ўлады часта разглядалі любую беларускую грамадскую актыўнасць і любыя патрабаванні навучання на беларускай мове ў якасці выніку камуністычнай змовы.[15]
Праваслаўныя таксама сутыкаліся з дыскрымінацыяй у міжваеннай Польшчы.[11] Мэтаю палітыкі польскіх уладаў была асіміляцыя праваслаўных беларусаў.[16] Улады насаджалі польскую мову ў жыцці праваслаўнай царквы,[16] ініцыявалі стварэнне Польскіх праваслаўных таварыстваў у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі (Слонім, Беласток, Ваўкавыск, Наваградак).[16]
Беларускія каталіцкія святары, як а. Вінцэнт Гадлеўскі,[16] якія прасоўвалі беларускую мову ў Касцёле і займаліся падтрыманнем беларускай нацыянальнай свядомасці, таксама былі пад моцным ціскам уладаў і кіраўніцтва Касцёла.[16] Польская каталіцкая іерархія выдавала дакументы, якія забаранялі святарам выкарыстоўваць беларускую мову ў касцёлах і нядзельных школках у Заходняй Беларусі. У 1921 г. у Варшаве была выдадзеная брашура, у якой беларускія святары крытыкаваліся за выкарыстанне беларускае мовы: «Яны хочуць перайсці з багатай польскай мовы да мову, якую сам народ называе простай і ўбогай».[17]
Грамадскасць міжваеннай Заходняй Беларусі чыніла супраціў паланізацыі і масаваму закрыццю беларускіх школаў. Асноўнай арганізацыяй, якая займалася развіццём беларускамоўнай асветы ў Заходняй Беларусі ў 1921 - 1937 гг., было Таварыства беларускай школы на чале з Браніславам Тарашкевічам і іншымі дзеячамі.
Найбольшая беларуская палітычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, патрабавала спынення паланізацыі і прадстаўленне аўтаноміі Заходняй Беларусі.