Паўль фон Летаў-Форбек

Паўль фон Летаў-Форбек
ням.: Paul Emil von Lettow-Vorbeck
Паўль фон Летаў-Форбэк
Мянушка Der Löwe von Afrika
Дата нараджэння 20 сакавіка 1870(1870-03-20)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 сакавіка 1964(1964-03-09)[1][2][…] (93 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць  Германская імперыя
Род войскаў Шуцтрупен, Крыгсмарынэ
Гады службы 1890—1920
Званне
Генерал-маёр
Генерал-маёр
Генерал-маёр
Бітвы/войны Ватэрберг, Тавета, Танга, Рэата, Конда Ірынга, Марагора, Ліндзі, Магіва
Узнагароды і званні
ордэн Чырвонага арла Order of the Crown (Prussia) Pour le Mérite Military Merit Order (Bavaria) Merit Order of the Bavarian Crown
Жалезны крыж
Hanseatic Cross ордэн Святога Станіслава
У адстаўцы грамадскі дзеяч, пісьменнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паўль Эмі́ль фон Ле́таў-Фо́рбек (ням.: Paul Emil von Lettow-Vorbeck; 20 сакавіка 1870, Саарлуі, Рэйнская правінцыя, Прусія — 9 сакавіка 1964, Гамбург) — генерал-маёр германскай імперскай арміі, камандуючы нямецкіх войскаў падчас усходнеафрыканскай кампаніі. Цягам чатырох гадоў з сіламі, якія не перавышалі 14 000 чалавек (3000 немцаў і 11 000 афрыканцаў) ён стрымліваў 300-тысячнае войска брытанцаў, бельгійцаў і партугальцаў. Не пазнаўшы ніводнага паражэння на полі бітвы, фон Летаў-Форбек стаў адзіным нямецкім камандуючым у Першай сусветнай вайне, які паспяхова дзейнічаў у імперскіх уладаннях Брытаніі. Ягоныя подзвігі ў гэтай кампаніі былі ахарактарызаваны «як найвялікшая адзінкавая партызанская і найбольш паспяховая апэрацыя ў гісторыі»[5]. Крытыкі фон Летаў-Форбека заўважаюць на гэта, што ён заваёўваў адданасць сваіх падначаленых, закрываючы вочы на іхнія рабаўніцтвы і гвалт[6].

Дом, дзе нарадзіўся фон Летаў-Форбек

Паўль Эміль фон Летаў-Форбек нарадзіўся ў шляхецкай памеранскай сям’і. Навучаўся ў пансіёнах у Берліне, у кадэцкім корпусе ў Патсдаме і Берліне-Ліхтэрфельдэ. У 1890 атрымаў званне лейтэнант у кайзераўскай арміі.

У 1900 годзе ў складзе міжнародных сілаў быў накіраваны ў Кітай на падаўленне паўстання баксёраў. У 1901 годзе вярнуўся і служыў у Генеральным штабе.

У 1904 годзе быў накіраваны ў Германскую Усходнюю Афрыку (цяперашняя Намібія) падчас паўстання намаў і герэраў.

У 1907 годзе атрымаў званне маёра і пераведзены ў штаб 11-й арміі. Ад сакавіка 1909 да студзеня 1913 камандаваў 2-м батальёнам марпехаў у Вільгельсгафене (Ніжняя Саксонія).

У кастрычніку 1913 года атрымаў званне падпалкоўніка і пастаўлены камандзірам каляніяльных войскаў (Schutztruppe) у Германскім Камеруне (цяпер Камерун і часткова Нігерыя). Аднак не паспеў ён прыступіць да камандавання, як атрымаў другое прызначэнне — у Германскую Усходнюю Афрыку (Танганьіка, цяпер Танзанія).

Першая сусветная вайна

[правіць | правіць зыходнік]
Плакат часоў Першай сусветнай вайны. Фон Летаў-Форбек перад афрыканскімі салдатамі. Тэкст зверху: «Ахвяраванне каляніяльных салдат»; унізе факсіміле подпісу фон Летаў-Форбека

План вайны, складзены фон Летаў-Форбекам, быў простым: ведаючы, што Усходняя Афрыка будзе далёка не асноўным фронтам вайны, ён вырашыў проста адцягнуць на сябе як мага большую колькасць брытанскіх войскаў, каб забяспечыць нямецкую перавагу на Заходнім фронце.

На пачатку вайны фон Летаў-Форбек меў у распараджэнні маленькі гарнізон з 2 600 немцаў і 2 472 афрыканцаў[7] з аскары. Праігнараваўшы загады з Берліна і ад губернатара калоніі Гейнрыха Шнэе захоўваць нейтралітэт, у лістападе 1914 ён адбіў дэсантную высадку брытанцаў ля Тангі, пасля чаго вырашыў атакаваць брытанскую чыгунку. Перамогай пад Ясінам ягоныя войскі здабылі неабходнае сучаснае ўзбраенне і абсталяванне, а таксама ўзнялі маральны дух. Аднак фон Летаў-Форбек страціў і вопытных байцоў.

Форбек і Шнэе, губернатар Германскай Усходняй Афрыкі

Schutztruppe арганізавала фарміраванне добраахвотных аддзелаў, у выніку іх колькасць павялічылася да 14 000 салдат, большасць з якіх былі добра падрыхтаваныя і дысцыплінаваныя афрыканцы. Вольнае валоданне моваю суахілі дазволіла фон Летаў-Форбеку заваяваць пашану і гонар у чорных вайскоўцаў; ён прызначаў іх на афіцэрскія пасады і «называў і лічыў усіх разам з сабою афрыканцамі»[8]. З гэтымі войскамі ён здзяйсняў рэйды ў Брытанскі пратэктарат (пазнейшыя Кенія, Уганда і Радэзія), атакуючы форты, чыгункі і камунікацыі, змушаючы Антанту адцягваць усё большыя сілы з асноўнага тэатру ваенных дзеянняў у Еўропе.

Аддзел Schutztruppe з аскары (1914)

У сакавіку 1916 года брытанскі генерал Ян Смутс з 45-тысячным войскам і падтрымкай бельгійцаў распачаў глабальнае наступленне на Табару. Войска фон Летаў-Форбека, да гэтага часу ўзмоцненае камандай і гарматамі з затанулага ў дэльце ракі Руфіджы нямецкага крэйсера «SMS Königsberg», паспяхова супрацьстаялі, карыстаючыся перавагамі клімату і рэльефу. Брытанцы працягвалі павялічваць свой кантынгент, змушаючы фон Летаў-Форбека саступіць тэрыторыю, аднак той уступаў у супрацьстаянне. Так, у значнай бітве пад Магівай у кастрычніку 1917 года нямецкія войскі страцілі 519 чалавек супраць 2 700 брытанцаў[9]. Пасля таго, як гэтая навіна дасягнула Германіі, фон Летаў-Форбек быў павышаны да генерал-маёра[10].

Брытанцы, тым не менш, працягнулі наступленне са значнай перавагай у жывой сіле, у той час як Паўль фон Форбек не меў рэзэрваў. Пад націскам ён пачаў адступленне на поўдзень, і 25 лістапада ягоныя войскі перайшлі мяжу з партугальскім Мазамбікам па рацэ Равума[11]. У гэты час Schutztruppe адчувалі недахоп правіянту і ў першы ж дзень атакавалі партугальскі гарнізон у Нэгамана, захапіўшы вялікую колькасць харчоў. Пасля яны перахапілі рачны параход з мэдыкаментамі і амаль год правялі на ім, харчуючыся захопленаю ў брытанцаў і партугальцаў ежай. У ліпені 1918 года, напаўшы на Намакуру, займелі яшчэ і новае ўзбраенне[12] ў колькасці большай, чым маглі ўзяць з сабой.

Капітуляцыя падраздзялення фон Летаў-Форбека брытанцам пад Аберкорнам. Малюнак афрыканскага мастака

28 верасня 1918 года фон Летаў-Форбек зноў перайшоў раку Равума, вярнуўшыся ў Нямецкую Усходнюю Афрыку. Усё яшчэ пераследуемы брытанцамі, ён павярнуў на захад у Паўночную Радэзію, пазбягаючы пасткі, падрыхтаванай для яго брытанцамі ў Нямецкай Усходняй Афрыцы. 13 лістапада 1918 года, праз два дні пасля перамір’я, ён захапіў Касаму і прадоўжыў далей на паўднёвы захад, у правінцыю Катанга. 14 лістапада, атрымаўшы паведамленне пра спыненне агню[13], ён склаў зброю ў месцы, дзе цяпер знаходзіцца Мемарыял фон Летаў-Форбека (тэрыторыя сучаснай Замбіі).

Пасляваенная кар’ера

[правіць | правіць зыходнік]
На парадзе ў Берліне (1919)

Вярнуўшыся дадому ў сакавіку 1919 года фон Летаў-Форбек быў сустрэты з вялікай пашанаю. Быў арганізаваны парад ля Брандэнбургскіх варотаў, на якім ён праехаў на чорным кані са строем сваіх 120 афіцэраў у паходных падраных уніформах[14]. Хоць у рэшце рэшт ён здаўся, аднак астаўся адзіным нямецкім камандуючым падчас вайны, што здолеў уварвацца на падкантрольную брытанскую тэрыторыю.

У тым самым годзе фон Летаў-Форбек ажаніўся з Мартаю Ўалрот, з якой яны мелі двух сыноў і двух дачок. Працягнуў вайсковую службу, удзельнічаў у спыненні (без ужывання сілы) паўстання спартакістаў у Гамбургу[15]. Летам 1920 года ўзяў удзел у Капаўскім путчы, пасля чаго быў вымушаны сысці ў адстаўку[16][17].

Паўль і Марта фон Летаў-Форбекі

Пасля гэтага працаваў у Брэмэне менеджарам па экспарту-імпарту. З мая 1928 да ліпеня 1930 быў дэпутатам Рэйхстага Веймарскай рэспублікі ад манархісцкай Нямецкай народнай нацыянальнай партыі. Прапанаваў свайму сваяку Гансу-Юргену фон Блюменталю сфармаваць разам са «Стальным шлемам» кааліцыю супраць нацыстаў.

Гітлер спрабаваў перацягнуць фон Летаў-Форбека на свой бок, прапанаваўшы ў 1935 годзе пасаду пасла пры Сент-Джэймскім двары, аднак генерал вельмі холадна і абыякава адмовіўся. Пасля гэтага за фон Летаў-Форбекам было ўсталявана назіранне, зладжаны ператрус у ягонай хаце[15], аднак надзвычайная папулярнасць генерала ў народзе ўратавала яго ад сур’ёзных наступстваў. У 1938 годзе ён нават быў прызначаны генералам па асаблівых даручэннях, аднак фактычна так і не прыступіў да выканання абавязкаў.

Абодва сыны фон Летаў-Форбека, якія служылі ў Вермахце, загінулі на вайне, а ягоны дом у Брэмене быў зруйнаваны падчас бамбардзіровак. Да гэтай пары ён ужо збяднеў і вымушаны быў карыстацца дапамогаю сваіх брытанскіх сяброў. З пачаткам аднаўлення эканомікі Германіі ягоны дабрабыт палепшыўся, і ў 1953 годзе ён наведаў Усходнюю Афрыку, дзе яго ўсё яшчэ памяталі і шанавалі як аскары, так і брытанскія каланізатары.

Памёр у 1964 годзе ў Гамбургу. На ягонае пахаванне былі спецыяльна дастаўлены два былыя аскары з ягонага падраздзялення[18], ганаровая варта складалася з афіцэраў Бундэсвера, а прамову сказаў міністар абароны Кай-Уве фон Гасель, які падкрэсліў, што памершы быў непераможны на полі бою. Пахаваны Паўль фон Летаў-Форбек у Прансторфе (Шлезвіг-Гольштэйн).

Аўтар мемуараў «Мае ўспаміны пра Усходнюю Афрыку» (1921) і іншых.

Помнік фон Летаў-Форбеку ў Аўмюле

У год смерці Форбека заходненямецкі Бундэстаг прыняў рашэнне выплаціць кампенсацыі ўсім выжыўшым аскары. Часовы разліковы пункт быў усталяваны ў Мванзе на возеры Вікторыя. Для атрымання кампенсацыі неабходна было прад’явіць пасведчанне, якое выдаваў Паўль фон Летаў-Форбек у 1918 годзе, аднак з 350 ветэранаў яно захавалася толькі ў некаторых. Астатнія маглі прад’явіць у якасці доказу службы толькі старую ўніформу або яе кавалкі. Тады нямецкі банкір, які прадастаўляў сродкі, прапанаваў кожнаму з заяўнікаў узяць у рукі мяцёлку (замест зброі) і выканаць загады, прамоўленыя па-нямецку[19]. Усе прыбылыя выканалі тэст[20].

У гонар генерала названыя вуліцы ў Вуперталі, Куксгафене, Мёнхенгладбаху, Гале і Радальфцэлі.

Адзін з відаў дыназаўраў Dryosauridae мае назву Dysalotosaurus lettowvorbecki.

Зноскі

  1. а б Paul von Lettow-Vorbeck // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Paul von Lettow-Vorbeck // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Deutsche Nationalbibliothek Record #118779737 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Deutsche Nationalbibliothek Record #118779737 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. Hoyt, p. 229.
  6. World War One: The Global Revolution. Lawrence Sondhaus, Cambridge University Press
  7. Farwell, p. 109.
  8. Garfield, The Meinertzhagen Mystery, p. 85.
  9. Miller, p. 287.
  10. паводле брытанскай класіфікацыі гэтае званне адпавядала брыгаднаму генералу, то бок найніжэйшаму генеральскаму чыну.
  11. Германія і Партугалія знаходзіліся ў стане вайны з 9 сакавіка 1916 года пасля таго, як нейтральная Партугалія пагадзілася на патрабаванне Вялікабрытаніі канфіскаваць нямецкія караблі, інтэрніраваныя ў партугальскіх партах.
  12. Willmott, World War One, p. 93.
  13. Gore-Browne, Sir Stewart (1954). «The Chambeshi Memorial». Архівавана 3 лютага 2020. The Northern Rhodesia Journal, 2 (5) pp. 81-84 (1954). Retrieved 18 May 2007.
  14. Farwell, pp. 355—356.
  15. а б Miller, p. 331
  16. Lettow Vorbeck. My Life pp. 142ff
  17. Farwell, p. 356.
  18. Uwe Schulte-Varendorff: Kolonialheld für Kaiser und Führer. General Lettow-Vorbeck — Mythos und Wirklichkeit. Ch. Links, Berlin 2006, p. 125.
  19. Farwell, p. 357.
  20. Miller, p. 333.
  • Anderson, Ross The Forgotten Front: The East African Campaign, 1914—1918 — London: Tempus Publishing, 2004. ISBN 0-7524-2344-4.
  • Crowson, Thomas A. When Elephants clash. A critical analysis of Major General Paul Emil von Lettow-Vorbeck in the East African Theatre of the Great War. (Fort Leavenworth, Kansas. Faculty of the US Army Command and General Staff College, Masterarbeit, 2003). Washington, DC: Storming Media, 2003. NTIS, Springfield, VA. 2003. Microform-Edition.
  • Garfield, Brian The Meinertzhagen Mystery. Washington, DC: Potomac Books, Inc. 2007. ISBN 1-59797-041-7
  • Haupt, Werner Deutschlands Schutzgebiete in Übersee 1884—1918 [Germany’s Overseas Protectorates 1884—1918]. Friedberg: Podzun-Pallas Verlag. 1984. ISBN 3-7909-0204-7
  • Hoyt, Edwin P. Guerilla: Colonel von Lettow-Vorbeck and Germany’s East African Empire. New York: MacMillan Publishing Co., Inc. 1981; and London: Collier MacMillan Publishers. 1981. ISBN 0-02-555210-4.
  • Miller, Charles Battle for the Bundu: The First World War in German East Africa. London: Macdonald & Jane’s, 1974; and New York: MacMillan Publishing Co., Inc. 1974. ISBN 0-02-584930-1.
  • Mosley, Leonard Duel for Kilimanjaro. New York: Ballantine Books, 1963.
  • Paice, Edward Tip and Run. The untold tragedy of the Great War in Africa. London: Weidenfeld & Nicolson, 2007. ISBN 0-297-84709-0.
  • Schulte-Varendorff, Uwe Kolonialheld für Kaiser und Führer. General Lettow-Vorbeck — Eine Biographie. Berlin: Ch. Links Verlag, 2006. ISBN 3-86153-412-6.
  • Sibley, J. R. Tanganyikan Guerrilla. New York: Ballantine Books, 1973. ISBN 0-345-09801-3.
  • Stephenson, William Der Löwe von Afrika. Der legendäre General Paul von Lettow-Vorbeck und sein Kampf um Ostafrika [Леў з Афрыкі. Легендарны генерал Паўль фон Летаў-Форбек і яго кампанія за Ўсходнюю Афрыку]. Munich: Goldmann, 1984. ISBN 3-442-06719-7.
  • Strachan, Hew The First World War 1914—1918. New York & Oxford: Oxford University Press. 2001. ISBN 0-19-926191-1.
  • Stratis, John C. A Case Study in Leadership. Colonel Paul Emil von Lettow-Vorbeck. Springfield, VA.: NTIS, 2002. Microform-Edition.