Пераследаванне Сведкаў Іеговы ўключае ў сябе дзейнасць дзяржавы па забароне альбо абмежаванню іх рэлігійнай дзейнасці, грамадзянскіх правоў, пазбаўленню свабоды, маёмасці ці жыцця, а таксама напады праціўнікаў гэтай рэлігійнай арганізацыі яе членаў ці іх маёмасць. Пераследаванні могуць адбывацца як у рэгіёне ці краіне, дзе поўнасцю або часткова забаронена дзейнасць Сведкаў Іеговы, так і там, дзе законы ніяк не абмяжоўваюць іх свабоду пакланення. Найбольш вядомымі ў гісторыі сталі пераследаванні Сведкаў Іеговы ў нацысцкай Германіі.
Сведкі Іеговы з’явіліся як рэлігійная група ў 1870-х гадах у ЗША як група Міжнародных даследчыкаў Бібліі на чале з Ч.Раселам. У ХІХ ст. яе паслядоўнікі не былі распаўсюджаны па свеце, таму выпадкі пераследвання Сведкаў з боку дзяржаўных структур ці рэлігійных актывістаў былі нешматлікімі. Так у Расіі Сімяон Казлоўскі быў адпраўлены ў высылку ў 1891 годзе за пропаведзь вучэнняў Даследчыкаў Бібліі[1].
У ХХ ст. актыўнае пераследванне Сведкаў Іеговы (да 1931 г. — Даследчыкаў Бібліі) пачалося з пачаткам Першай сусветнай вайны ў сувязі з адмовай членаў гэтай рэлігійнай арганізацыі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях па прычыне пазіцыі палітычнага нейтралітэту.
У Вялікабрытаніі некалькі прызыўнікоў былі адпраўлены ў турму за адмову служыць у арміі[2].
У ЗША і Канадзе былі забаронены пэўныя публікацыі Сведкаў Іеговы, а ў 1918 г. дырэктароў Таварыства Вартавой вежы судзілі па абвінавачванню ў шпіянажы на карысць Германіі[3].
У 1920-х гг. паслядоўнікі вучэння Міжнародных даследчыкаў Бібліі пачалі распаўсюджвацца па ўсёй Еўропе і сталі сутыкацца з процідзеяннем кліра мясцовых цэркваў і часткова — мясцовай паліцыі, звычайна па недаказаных абвінавачваннях у сувязях з камуністамі. Таксама абмежаванне ці забарона дзейнасці магла быць звязана з прыходам да ўлады таталітарнага ці аўтарытарнага рэжыму. Так Адольф Гітлер забараніў дзейнасць Сведкаў Іеговы і пачаў іх пераследаваць у Германіі неўзабаве пасля свайго прыходу да ўлады.
У СССР Сведкам Іеговы дазвалялі распаўсюджваць сваю літаратуру ў 1920-х гг., але потым забаранілі[4].
У Лацінскай Амерыцы распаўсюджанне вучэння Сведкаў Іеговы суправаджалася супрацьдзеяннем мясцовага каталіцкага духавенства, звычайна ў форме нападаў каталіцкіх актывістаў на прапаведнікаў.
У ЗША Сведкі Іеговы пачалі сутыкацца з нападамі актывістаў Амерыканскага легіёна і Каталіцкага дзеяння ў 1930 гг. Прафесар права Арчыбальд Кокс пісаў у сувязі з гэтым: «яны пачалі прыцягваць увагу і правакаваць рэпрэсіі ў 1930-х гг., калі іх празелітызм і колькасць паслядоўнікаў рэзка ўзраслі[5].» Яшчэ адна прычына нападаў у Злучаных Штатах была звязана з адмовай дзяцей Сведкаў Іеговы ўдзельнічаць у цырымоніі салютавання нацыянальнаму сцягу.
У 1940 г. Брытанія і яе дамініёны (Аўстралія i Канада) забаранілі літаратуру Таварыства Вартавой вежы, але не забаранілі дзейнасць арганізацыі і свабоду веравызнання Сведкаў Іеговы. Гэтыя абмежаванні распаўсюджвалася і на калоніі Вялікабрытаніі. У ЗША па-ранейшаму Сведкі сутыкаліся з нападам натоўпу падчас прапаведніцкага служэння і арыштамі мясцовай паліцыяй. Таксама ў Злучаных Штатах і Вялікабрытаніі некаторым Сведкам адмаўлялі ў праве на адмову ад мабілізацыі, якую звычайна прадстаўлялі рэлігійным службітам.
У краінах і тэрыторыях, захопленых Германіяй, Італіяй і Японіяй дзейнічала поўная або частковая забарона рэлігійнай дзейнасці Сведкаў Іеговы. Выключэнне склалі Грэцыя i Данія.
У ЗША на працягу 1930-1940-х гг. Сведкі Іеговы школьнага ўзросту сутыкаліся з выключэннем са школы за адмову салютаваць сцягу краіны. У 1940 г. Вярхоўны суд Злучаных Штатаў Амерыкі ў справе «Школа акругі Мінерсвіль супраць Гобціс» вырашыў, што ўдзел у патрыятычных цырымоніях з’яўляецца грамадзянскім абавязкам, які вышэй па значнасці за рэлігійныя перакананні грамадзяніна[6]. Але ў 1943 годзе ў справе «Адукацыйны савет Заходняй Вірджыніі супраць Барнет» Вярхоўны суд ЗША вызначыў, што «адмова Сведкаў салютаваць сцягу нікому не шкодзіць, не парушае нічыя правы і не ўяўляе небяспекі грамадскаму парадку», а таксама «дэмакратыя патрабуе… не толькі талерантнасці большасці адносна розных вераванняў, але і поўную свабоду меншасцяў практыкаваць свае вераванні без боязі большасці[7]». Гэта судовая справа лічыцца прэцэдэнтам у пытанні практычнай рэалізацыі 1-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША і вывучаецца студэнтамі-юрыстамі[8].
У Еўропе пасля ліквідацыі рэжымаў Гітлера і Мусаліні Сведкі Іеговы мелі адносную свабоду пакланення на працягу 1945—1950 гг. У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. камуністычныя ўрады савецкага блока (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Румынія, Польшча i Чэхаславакія) поўнасцю забаранілі дзейнасць Сведкаў Іеговы. Асноўнай прычынай пераследаванняў у гэтых краінах стаў палітычны нейтралітэт Сведкаў, які не дазваляў ім служыць у арміі і падтрымліваць палітычны курс мясцовых рэжымаў. Югаславія дазволіла абмежаваную дзейнасць і пэўныя элементы свабоды веравызнання. У сацыялістычных краінах Еўропы гэты падыход працягваўся да пачатку ці канца 1980-х гг.
У Заходняй Еўропе Сведкі Іеговы былі забаронены толькі ў Іспаніі i Партугаліі да адмовы гэтых краінаў ад аўтарытарызму ў пачатку 1970-х гг. Але некаторыя абмежаванні мелі месца і ў іншых краінах. Так у Нідэрландах у пачатку 1950-х гг. дзейнічалі абмежаванні на вулічны гандаль літаратурай, якія былі адменены рашэннем суда на карысць Сведкаў Іеговы[9]; таксама ў гэтай і шэрагу іншых краін Заходняй Еўропы некалькі пасляваенных дзясяцігоддзяў былі праблемы з адмовай Сведкаў ад службы ў арміі і пэўных варыянтаў альтэрнатыўнай грамадзянскай службы, якія скончыліся вызваленнем Сведкаў Іеговы ад абавязковай вайсковай службы на правах рэлігійных службітоў[10][11].
У былых калоніях еўрапейскіх дзяржаў і краінах, залежных ад Еўропы забарона дзейнасці Сведкаў Іеговы поўнасцю ці часткова была звязана, як правіла, з такімі прычынамі, як іх адмова ўдзельнічаць у нацыяналістычных i патрыятычных цырымоніях (Мазамбік[12]), далучацца да палітычнай партыі дзеючага прэзідэнта (Малаві[13]) альбо арыентацыя краіны на камунізм (Бенін[14], КНР), ці ісламскі фундаменталізм (Іран).
У Лацінскай Амерыцы ў 1940-1980-я гг. актыўнае процідзеянне Сведкам Іеговы было пераважна з боку суперпрэзідэнцкіх рэжымаў: Трухілья ў Дамініканскай рэспубліцы[15], Перона ў Аргенціне[16], Піначэта ў Чылі, Кастро на Кубе[17], і ўраду сандыністаў ў Нікарагуа[18].
Падчас 1990-х гг. сітуацыя з правамі Сведкаў Іеговы палепшылася ў многіх краінах свету, дзе яны былі раней забаронены. У краінах былога СССР Сведкі, якія сутыкнуліся з палітычнымі рэпрэсіямі савецкай улады, былі рэабілітаваны, а іх рэлігійная дзейнасць была легалізавана. У Кітае, В’етнаме і Інданезіі афіцыйная забарона дзейнасці юрыдычных структур гэтай рэлігійнай арганізацыі перастала суправаджацца пераследаваннем яе паслядоў за іх перакананні.
У 1992—1994 гг. у Балгарыі Сведкі Іеговы сутыкаліся з процідзеяннем паліцыі і мясцовай улады, але пасля афіцыйнага прызнання іх права на свабоду веравызнання, члены гэтай рэлігійнай арганізацыі сутыкаліся толькі з асобнымі выпадкамі дыскрымінацыйных законаў у пэўных гарадах краіны і нападамі актывістаў ультраправага руху.
У 1994 г. Эрытрэя забараніла ўсе рэлігіі, акрамя чатырох асноўных, на сваёй тэрыторыі. Пасля гэтага Сведкаў Іеговы пачалі затрымліваць і адпраўляць у турму незалежна ад полу і ўзросту[19][20]. Гэта палітыка працягваецца і ў ХХІ стагоддзі[21] [22][23][24]
З 1938 па 1992 г. у Грэцыі дзейнічалі законы, якія забаранялі празелітызм. У сувязі з гэтым у азначаны перыяд 19147 грэчаскіх Сведкаў затрымлівалі засваю прапаведніцкую дзейнасць, а потым штрафавалі ці адпраўлялі ў высылку альбо ў турму[25]. Таксама адмова Сведкаў Іеговы ад армейскай службы прыводзіла да іх турэмнага зняволення і нават аднаго смяротнага выраку, замененага пазней на некалькі год турмы[26][27]. Пасля таго, як Еўрапейскі суд па правах чалавека неаднаразова пацвердзіў права Сведкаў Іеговы Грэцыі на свабоду вераызнання, вышэй азначаныя праблемы паступова зніклі да канца 1990-х гг[28].
У такіх краінах былога СССР, як Арменія, Азербайджан, Беларусь, Туркменістан і Узбекістан у 1990-х гг і далей Сведкі Іеговы сутыкаліся пераважна з праблемай адмовы ў праве на альтэрнатыўную грамадзянскую службу і крытыкай іх вучэнняў у СМІ.
У 1997 г. пачалася хваля судовых разбіральніцтваў супраць Сведкаў Іеговы ў Расіі.
З 1998 г. пачаліся напады на Залы Царствы і жылыя дамы Сведкаў Іеговы ў Грузіі з боку альтэрнатыўных праваслаўных актывістаў. Гэта праблема скончылася пасля змены ўлады ў выніку Рэвалюцыі ружаў (2003), калі арганізатараў і ўдзельнікаў такіх пагромаў пачалі адпраўляць у турму, і пазней урад Грузіі прынёс афіцыйныя прабачэнні ахвярам дыскрымінацыі[29].
У першыя два дзясяцігоддзі ХХІ ст. Сведкі Іеговы сутакаліся з процідзеяннем рэлігійных апанентаў у асобных штатах Індыі, што выражалася ў нападах натоўпу і часам адмовы паліцыі прымаць заявы ад пацярпелых і праводзіць следства.[30]. У Давангеры 20 снежня 2011 г. натоўп індуістаў напаў на дом, дзе знаходзіліся дзве жанчыны са Сведкаў Іеговы. Паліцыя падтрымала хуліганаў і затрымала пацярпелых жанчын у абвінавачванні ў блюзнерстве[31]. 6 снежня 2011 г. у г. Мадыкеры (штат Карнатака) тры Сведкі падвергліся нападу натоўпу і зноў паліцыя заняла бок хуліганаў[32].
Дзейнасць Сведкаў Іеговы забаронена ў Сінгапуры з 1972 г., пераважна па прычыне іх адмовы ўдзельнічаць у патрыятычных цырымоніях і служыць у арміі[33][34]. У 1990-х адбылося некалькі выпадкаў арыштаў вернікаў за правядзенне набажэнстваў і валоданне літаратурай Таварыства вартавой вежы, а таксама перакладам Бібліі, зробленым Сведкамі Іеговы[35][36]. У 2000-10-х гг. дыскрымінацыя Сведкаў Іеговы выражалася пераважна ў выключэнні са школ вучняў, звальненні з работы дзяржслужачых, а ў турму адпраўлялі пераважна за адмову ў абавязковай армейскай службе.
11 кастрычніка 2007 года ў Таджыкістане была забаронена дзейнасць Сведкаў Іеговы на падставе адмовы ад удзелу ў вайсковай службе і веры ў ісціннасць сваёй рэлігіі, пасля чаго вернікі сутыкнуліся з арыштамі, турэмным зняволеннем, дэпартацыяй, штрафамі. Камітэт па правах чалавека ААН вынес некалькі рашэнняў 7 ліпеня і 7 верасня 2022 г паводле якіх Таджыкістан абавязаны аднавіць рэгістрацію рэлігійнага аб’яднання Сведкаў і выплаціць кампенсацыю пацярпелым ад пераследванняў[37].
У Расіі пераследванні Сведкаў Іеговы аднавіліся ў канцы 2000-х гг. пасля змены ў заканадаўстве па працідзеянню экстрэмізму. На падставе новых законаў спачатку былі забаронены некаторыя выданні, а ў 2017 г. Вярхоўны суд Расіі забараніў дзейнасць юрыдычных структур Сведкаў Іеговы. У сувязі з пераследаваннем Сведкаў Іеговы ў азначаны час адбыліся некалькі судовых рабіральніцтваў, якія набылі міжнародны рэзананс:
Па прыкладу Расіі забаранілі дзейнасць Сведкаў Іеговы Паўднёвая Асеція (2017) і ДНР (2018).
У 2016—2019 гг. з увядзеннем альтэрнатыўнай грамадзянскай службы ў Арменіі, Беларусі і Паўднёвай Карэі прызыўнікоў з ліку Сведкаў Іеговы перасталі прыцягваць да крымінальнай адказнасці за адмову ад вайсковай службы. Але праблема адсутнасці АГС застаецца для Сведкаў Іеговы і іншых пацыфістаў у Туркменістане[38][39], Азербайджане, Турцыі і Таджыкістане[40]. Таксама права Сведкаў Іеговы на свабоду сходаў застаецца абмежаваным у Туркменістане[41][42], Узбекістане і Таджыкістане[43][44]. У Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане і Беларусі за 2010-я гг. Сведкі Іеговы сутыкаліся з пераследаваннем асобных вернікаў і зрывам некаторых рэлігійных сустрэч[45].
У кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 года ЕСПЧ прыняў рашэнні па некалькіх судовых разбіральніцтвах паміж некаторымі Сведкамі Іеговы з Азербайджана і Украіны, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, паводле якіх гэтыя дзве краіны мусілі выплаціць ім грашовую кампенсацыю[46].
16 ліпеня 2020 года падчас судовага слухання Канстытуцыйным судом Эквадора справы аб пераследванні Сведкаў Іеговы гарадка Сан-Хуан-дэ-Ілуман мясцовым самакіраваннем і святаром юрысты Сведкаў Іеговы ўпершыню ўдзельнічалі ў справе па відэасувязі ў якасці экспертаў[47].
9 сакавіка 2023 года на вуліцы Дыльбёгэ ў горадзе Гамбург (ФРГ) адбыўся ўзброены напад былога Сведкі Іеговы на Залу Царства, дзе ён забіў 7 чалавек, параніў яшчэ 25 і скончыў жыццё самагубствам.
29 кастрычніка 2023 года ў г. Керала (Індыя) ў месцы правядзення рэгіянальнага кангрэса Сведкаў Іеговы ўзарваліся 3 бомбы, у выніку чаго 8 чалавек загінулі ці памерлі ад ран пазней і яшчэ каля 50 чалавек атрымалі раненні. Быў затрыманы падазроны ў ажыццяўленні злачынства. Пасля тэракту індыйскі філіял Сведкаў Іеговы правёў спецыяльнае мерапрыемства прысвечанае суцяшэнню пацярпелых ад гэтай трагэдыі[48].
22 снежня 2022 губернатар Осла і Вікена аб’явіў аб рашэнні пазбавіць рэгістрацыі аб’яднанне Сведкаў Іеговы ў Нарвегіі. 30 снежня 2022 г. акружны суд Осла прыпыніў працэдуру пазбаўлення рэгістрацыі аб’яднання да разгляду справы судом[49]. 4 сакавіка 2024 г. акружны суд Осла пакінуў у сіле рашэнне аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання Сведкаў Іеговы. Гэта азначае пазбаўленне дзяржаўных субсыдый, якія даюцца ўсім зарэгістраваным рэлігійным арганізацыям, і адсутнасць права рэгістраваць шлюбы прадстаўнікамі дадзенай канфесіі[50]. Прычынай пазбаўлення рэгістрацыі стала пазіцыя Сведкаў Іеговы наконт выключэння са сходу нераскайваючыхся грэшнікаў. Прадстаўнікі арганізацыі намераны абскардзіць рашэнне суда.
Сайт на тэму аперацыі «Поўнач» з дакументамі, кнігамі, відэа і 3D-выставай (руск.) (укр.) (англ.)