Горад
| ||||||||||||||||||||||||
Порт-Блэр (англ.: Port Blair ⓘ хіндзі: पोर्ट ब्लेयर) — горад на востраве Паўднёвы Андаман, сталіца і найбуйнейшы населены пункт саюзнай тэрыторыі Андаманскія і Нікабарскія астравы.
Клімат у горадзе трапічны, вільготны, з адносна сухім сезонам у студзені—красавіку. У год выпадае 3100—3150 мм, сярэднямесячная тэмпература ад +25,5°С да +28,0 °C (сярэднегадавая — +26,4 °C).
У 1789 годзе ўлады Бенгаліі заснавалі выпраўленчую калонію на востраве Чэтэм у паўднёва-ўсходнім заліве Вялікага Андамана, названую Порт-Блэр, у гонар лейтэнанта Арчыбальда Блэра, брытанскага марскога афіцэра з Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Праз два гады калонію перанеслі на паўночна-ўсходняе ўзбярэжжа Вялікага Андамана і пераназвалі ў Порт-Корнуаліс, у гонар адмірала Уільяма Корнуаліса. У калоніі было шмат захворванняў і высокая смяротнасць, таму ўлады закрылі калонію ў маі 1796 года.
У 1940-х гг у Порт-Блэры размяшчалася штаб-кватэра Індыйскай нацыянальнай арміі пад кіраўніцтвам Субхаса Чандры Боса, з 1943 па 1945 гады тэрыторыя была акупавана Японіяй.
Горад пацярпеў ад цунамі, выкліканага снежаньскім землетрасеннем 2004 года, аднак у дастатковай ступені захаваўся і выкарыстоўваўся як база для аказання дапамогі пацярпелым на архіпелагу.
Паводле перапісу 2011 года, у Порт-Блэры пражывала 100 608 чалавек.[2]
У наш час у горадзе развіта суднабудаванне і рыбалоўства, працуе лесаперапрацоўчы завод. Порт-Блэр вядомы таксама саматужнымі вырабамі з розных матэрыялаў (дрэва, скура, металы).[3]
Порт-Блэр папулярны сярод турыстаў, побач з горадам размешчаны беласнежныя пляжы, у горадзе знаходзяцца буйны дайвінгавы цэнтр, а таксама антрапалагічны, лясны і марскі музеі.[4] Будынак былой турмы выкарыстоўваецца як турыстычны атракцыён.