Прапануецца перанесці ў Плошча-2006. Магчыма, назва не адпавядае нормам мовы або правілам наймення артыкулаў у Вікіпедыі. Абмеркаваць перанос можна на старонцы размоў, старонцы Вікіпедыя:Да перайменавання. Перайменаваць у прапанаваную назву. |
Пратэсты ў Мінску 19—25 сакавіка 2006 года | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Мітынг апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка 2006 года. | |||||||||||||
| |||||||||||||
Бакі канфлікту | |||||||||||||
Апазіцыя і яе прыхільнікі | Урад Беларусі | ||||||||||||
Ключавыя фігуры | |||||||||||||
Аляксандр Мілінкевіч Аляксандр Казулін |
Аляксандр Лукашэнка Сяргей Сідорскі Уладзімір Навумаў Сцяпан Сухарэнка | ||||||||||||
Лік удзельнікаў | |||||||||||||
да 30 000 удзельнікаў (на піку) | |||||||||||||
Страты | |||||||||||||
дзясяткі пацярпелых больш за 500 арыштаваных |
Пратэсты ў Мінску 19—25 сакавіка 2006 года (таксама «Джынсавая рэвалюцыя»[1], «Васільковая рэвалюцыя»[2][3], «Плошча-2006»[4][5]) — акцыі пратэсту, якія праходзілі ў Беларусі з-за нязгоды часткі насельніцтва з ходам правядзення і афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.
Тэрмін «джынсавая рэвалюцыя» з’явіўся пасля выпадку, які адбыўся 16 верасня 2005 года падчас акцыі ў памяць зніклых палітыкаў. Пасля таго, як супрацоўнікі міліцыі адабралі ў пратэстуючых партрэты зніклых палітыкаў і бела-чырвона-белыя сцягі, актывіст моладзевага руху «Зубр» Мікіта Сасім узняў над галавой замест сцяга ўласную джынсавую кашулю як сімвал супраціву дыктатуры[6]. Пазней «Зубр» прапаноўваў апранаць джынсавую вопратку штомесяц 16-га чысла, у дзень успамінаў пра знікненні людзей у Беларусі.
Супрацьстаянне абранага ў 1994 годзе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з апазіцыяй пачалося ў пачатку яго кіравання. Прычынай былі як ідэалагічныя рознагалоссі, так і імкненне Лукашэнкі дзейнічаць у абыход парламента, у якім ён не меў адназначнай падтрымкі[7]. Дзеянні прэзідэнта прывялі да супрацьстаяння з парламентам. Тым не менш, у 1995 і 1996 гадах прэзідэнт, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, здолеў правесці ў сваю карысць два рэферэндумы, у выніку якіх ён, сярод іншага, атрымаў права на роспуск парламента. Нягледзячы на рэкамендацыйны характар рэферэндуму 1996 года парламент быў распушчаны, а новы набраны без выбараў з ліку парламентарыяў, згодных у яго ўвайсці[8].
Частка дэпутатаў, якія не прызналі роспуск парламента, працягнула праводзіць пасяджэнні старога парламента, а ў 1999 годзе сфарміравала альтэрнатыўны выбаркам і паспрабавала арганізаваць прэзідэнцкія выбары. Арганізаваныя апазіцыяй выбары не адбыліся[9]. У 2000 годзе адбыліся выбары ў новы парламент, сфарміраваны ў 1996 годзе ўказам прэзідэнта. Выбары былі байкатаваны большасцю праціўнікаў прэзідэнта, якія працягнулі дзейнасць у якасці непарламенцкай апазіцыі[9]. Апазіцыйныя мітынгі (напрыклад, Чарнобыльскі шлях) разганяліся міліцыяй. У 1999 годзе адбыліся знікненні апазіцыйных палітыкаў , расследаванні якіх так і не былі завершаны.
У 2004 годзе ў выніку новага рэферэндуму было знята абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Лукашэнка атрымаў магчымасць удзельнічаць у выбарах 2006 года. Значныя антыпрэзідэнцкія мітынгі з затрыманнем удзельнікаў праводзіліся і напярэдадні выбараў 2006 года. Актывісты апазіцыйнага руху «Зубр» расклейвалі ўлёткі з заклікамі да звяржэння Аляксандра Лукашэнкі і ўдзелу ў акцыі пратэсту ў дзень выбараў.
Пратэстны рух узначалілі кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, у ім прымалі ўдзел апазіцыйныя арганізацыі «Зубр», «Малады Фронт», «Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)» і іншыя.
19 сакавіка, у дзень выбараў, быў праведзены мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, які пачаўся пасля закрыцця выбарчых участкаў, але яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбараў[10]. На мітынгу, у якім прынялі ўдзел па розных ацэнках ад 8[11] да 30[12] тысяч чалавек, гучалі заклікі да правядзення сумленных выбараў, звяржэння ўлады Лукашэнкі, лозунг «Жыве Беларусь!».
Аляксандр Казулін у сваім выступе паведаміў, што, параіўшыся з Аляксандрам Мілінкевічам, яны вырашылі пайсці на Плошчу Перамогі, каб ускласці кветкі, пасля чаго завяршыць мітынг. Ён таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца на наступны дзень у 18:30 у цэнтры Мінска[13]. Падчас правядзення мітынгу сутычак з міліцыяй і затрыманняў зафіксавана не было[11].
У ноч на 20 сакавіка Цэнтрвыбаркам апублікаваў вынікі папярэдняга падліку 100 % выбарчых бюлетэняў: яўка склала 92,6 % (6 614 998 грамадзян), Аляксандра Лукашэнку падтрымалі 82,6 % выбаршчыкаў (прыкладна 5 460 000 грамадзян), Аляксандра Мілінкевіча — 6 % (каля 400 000 грамадзян), Сяргея Гайдукевіча — 3,5 % (каля 250 000 грамадзян), Аляксандра Казуліна — 2,3 % (каля 154 000 грамадзян)[14].
20 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску зноў адбыўся мітынг, які сабраў ад 6 да 10 тысяч чалавек. У гэты дзень на плошчы была прынята «Дэкларацыя народа Беларусі» з патрабаваннем паўторных выбараў[15]. У гэты ж дзень дэманстранты пачалі ўсталёўваць палаткі.
Перад удзельнікамі мітынгу выступілі лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей, дэпутат Дзярждумы Расіі Уладзімір Рыжкоў , пісьменнік Уладзімір Арлоў, дэпутат Гомельскага гарсавета Юрый Глушакоў[15] і іншыя.
На плошчы быў арганізаваны палаткавы гарадок, які складаўся з дзевятнаццаці палатак. У Мінск прыехалі прадстаўнікі апазіцыйных рухаў з іншых рэгіёнаў Беларусі[16].
Каля палаткавага гарадка з’явіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. Імі было затрымана больш за сто чалавек за дастаўку прадуктаў на плошчу[17]. Улады ўжывалі і іншыя метады уздзеяння: выключэнне ўдзельнікаў-студэнтаў з навучальных устаноў[18], закрыццё ўстаноў каля плошчы (ўдзельнікам акцыі даводзілася шукаць прыбіральні ў іншых месцах, дзе іх арыштоўвала міліцыя). Дэманстранты скандзіравалі лозунгі: «Міліцыя з народам» і «КДБ з народам».
Увечары палаткавы гарадок наведалі амбасадары з Вялікабрытаніі, Германіі, Латвіі, Літвы, Славакіі, Францыі і Чэхіі[19]. Акцыі падтрымкі прайшлі не толькі ў некаторых беларускіх гарадах, але і ў Расіі. Так, у Екацярынбургу прадстаўнікі праваабарончай асацыяцыі «Голод» правялі мітынг у падтрымку беларусаў, якія не пагадзіліся з вынікамі выбараў[20].
Ноччу ўлады адключылі асвятленне на плошчы[21].
Колькасць людзей, якія прымалі ўдзел у акцыі пратэсту, павольна скарачалася. Раніцай 22 сакавіка паміж лідарамі апазіцыі Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным узніклі рознагалоссі: Казулін прапаноўваў прыбраць палаткі з плошчы і працягнуць пратэставаць 25 сакавіка, Мілінкевіч выступаў за захаванне палаткавага гарадка[22].
У вячэрні час у палаткавым гарадку знаходзілася каля трох тысяч чалавек, каля трохсот[23] з іх знаходзілася там ноччу, днём і раніцай[24].
Працягваліся затрыманні мітынгоўцаў, адбываліся сутычкі з праціўнікамі апазіцыі[25]. Паведамлялася пра гвалт і прыніжэнні з боку праваахоўных органаў у дачыненні да затрыманых апазіцыянераў[26].
23 сакавіка колькасць дэманстрантаў вырасла, колькасць палатак павялічылася да 35[25]. Уначы, калі пратэстуючых на плошчы было найменш, міліцыя абвясціла аб ліквідацыі гарадка і прапанавала ўдзельнікам добраахвотна прайсці да аўтазакаў. Мітынгоўцы аказалі пасіўнае супраціўленне, сеўшы на зямлю і трымаючыся адзін за аднаго. У выніку міліцыя для затрымання ўдзельнікаў была вымушана ўжыць сілу. Ліквідацыя гарадка заняла 15—20 хвілін[25][27].
Па афіцыйных дадзеных было арыштавана больш за 500 чалавек. Затрыманых павезлі ў спецпрыёмнік-размеркавальнік на 1-м завулку Акрэсціна, дзе над імі пачаліся суды[28].
25 сакавіка міліцыя стала затрымліваць удзельнікаў акцыі пратэсту, якія своечасова сышлі з палаткавага гарадка. Па некаторых дадзеных, затрыманых збівалі[29].
А 12 гадзіне прыкладна 2,5 тысячы чалавек паспрабавалі прайсці на Кастрычніцкую плошчу для правядзення новай несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту. Супрацоўнікі міліцыі адцяснілі іх з плошчы, апазіцыя была вымушана правесці мітынг у размешчаным непадалёк парку Янкі Купалы[30]. Там колькасць мітынгоўцаў павялічылася да 7—10 тысяч чалавек, прысутнічалі Мілінкевіч і Казулін. У канцы мітынгу Казулін заклікаў мітынгоўцаў працягнуць акцыю пратэсту ля спецпрыёмніка-размеркавальніка на вуліцы Акрэсціна (па версіі афіцыйных уладаў заклікаў узяць яго штурмам), пачалося шэсце. На ўчастку паміж Тэатрам музычнай камедыі і будынкам адміністрацыі Маскоўскага раёна мітынг быў разагнаны супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія ўжылі пры разгоне дубінкі, светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і слёзатачывы газ[31][32]. Колькасць мітынгоўцаў на той момант складала прыкладна 2—3 тысячы чалавек (па версіі афіцыйных уладаў не больш за 900 чалавек), з іх каля 100 чалавек, у тым ліку Казулін, былі затрыманы.
На гэтым актыўная хваля пратэстаў завяршылася, наступны буйны мітынг апазіцыі адбыўся толькі 26 красавіка 2006 года («Чарнобыльскі шлях»).
Акцыі пратэсту не прынеслі чаканых вынікаў. Прэзідэнт Лукашэнка пачаў свой трэці тэрмін праўлення. У якасці прычын правалу называюць жорсткія захады ўладаў і раз’яднанасць лідараў апазіцыі. З-за жорсткага падаўлення акцый пратэсту Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўрасаюз увялі санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі[33].
Паслявыбарчыя пратэсты на Кастрычніцкай плошчы былі задакументаваны беларускім рэжысёрам Юрыем Хашчавацкім у фільме «Плошча».
У лістападзе 2006 года польскі рэжысёр Мірослаў Дэмбінскі выпусціў дакументальную стужку «Урок беларускай мовы», прысвечаную ўдзелу апазіцыі ў прэзідэнцкіх выбарах.