Прэсбургскі мір 1805 года (ням.: Pressburger Frieden; фр.: Traité de Presbourg) — мірны дагавор паміж Францыяй і Аўстрыяй, заключаны 26 снежня 1805 года ў Прэсбургу (Браціслава) пасля разгрому Аўстрыі ў Аўстэрліцкай бітве і яе поўнага паражэння ў вайне Трэцяй кааліцыі.
Паводле Прэсбургскага міру, Аўстрыя саступала Напалеону, як каралю Італіі, Венецыянскую вобласць, Істрыю (акрамя Трыеста) і Далмацыю і прызнавала ўсе французскія захопы ў Італіі. Акрамя таго Аўстрыя пазбаўлялася таксама ўсіх сваіх уладанняў на захад ад Карынтыі, якія пераходзілі пад уладу галоўных саюзнікаў Напалеона ў імперыі:
Больш таго, імператар Франц II прызнаў за манархамі Баварыі і Вюртэмберга тытулы каралёў, што вывела іх з-пад улады інстытутаў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Аўстрыя таксама выплачвала Францыі кантрыбуцыю ў суме 40 млн. флорынаў.
У якасці кампенсацыі Аўстрыя атрымлівала адносна невялікую тэрыторыю, якая ўключала Зальцбург і былое абацтва Берхтэсгадэн, а для былога курфюрста Зальцбургскага Фердынанда Габсбурга было створана новае герцагства Вюрцбург.
Змены, прадугледжаныя Прэсбургскім мірам 1805 года, азначалі канец аўстрыйскага панавання ў Свяшчэннай Рымскай імперыі і спрыялі яе роспуску ў 1806 годзе.