Пікардская мова | |
---|---|
Саманазва | picard |
Краіны |
Францыя Бельгія |
Рэгіёны |
Нор-Па-дэ-Кале Пікардыя Валонія |
Афіцыйны статус |
Французская супольнасць Бельгіі (рэг. мова) |
Агульная колькасць носьбітаў | — |
Статус | сур’ёзная пагроза[d][1] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | лацінка |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | pcd |
Atlas of the World’s Languages in Danger | 398 |
Ethnologue | pcd |
Linguasphere | 51-AAA-he |
ELCat | 3276 |
IETF | pcd |
Glottolog | pica1241 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Пікардская мова (пікард.: picard) — раманская мова-ойль, цяпер цесна звязаная з французскай. Гутарковая ў двух рэгіёнах у Францыі — Нор-Па-дэ-Кале і Пікардыя і ў рэгіёне Валонія ў Бельгіі, дзе таксама ўжываецца валонская і стандартная французская мовы. У Пікардыі гэты ідыём завуць picard, аднак у Нор-Па-дэ-Кале ён больш вядомы пад назвай ch’ti (шты) ці ch’timi, а ў Валанс'ене і Лілі яго клічуць rouchi (рушы). Таксама можа выкарыстоўвацца тэрмін «паўночны (пікардскі) патуа».
У Сярэднявеччы, да ўсталявання літаратурнай французскай мовы на аснове дыялекту Парыжа, пікардская мова мела ўласную літаратурную форму, карысталася папулярнасцю і мела значны прэстыж на поўначы цяперашняй Францыі. За найноўшым часам праз рэзкае звужэнне сферы выкарыстання падчас моўнай палітыкі ўрада Францыі па цэнтралізацыі мовы (дырыжызм) ідыём уяўляе сабой дыялект уласна французскай мовы і абмежавана выкарыстоўваецца толькі ў рэгіянальным фальклоры для надання нацыянальнага каларыту.
Пікардская мова, як і іншыя раманскія мовы, развілася на аснове народнай латыні часоў позняй антычнасці. Размяшчаючыся на перыферыі раманскага арэала Еўропы ўздоўж рамана-германскай моўнай мяжы, яна адчула моцны ўплыў суседніх германскіх моў, у першую чаргу нідэрландскай. Сярэднявечная пікардская мова займала прамежкавае становішча паміж нармандскай мовай на захадзе і валонскай на ўсходзе (найбольш германізаванай з усіх тутэйшых раманскіх ідыёмаў). Германцы склалі значную частку насельніцтва Пікардыі, Шампані і Нармандыі ў часы ранняга Сярэднявечча. Праз то, што яны займалі вышэйшыя сацыяльныя пазіцыі ў Франкскай дзяржаве за аўтахтонных гала-рымлян, прэстыж мясцовай раманскай мовы быў высокі, бо менавіта ёй у першую чаргу авалодвалі германцы. Сярэднявечныя летапісцы адзначалі, што прэстыж пікардскай мовы быў настолькі высокі, што панаванне гэтай мовы пачыналася «ля паўночных варот Парыжа». Пры гэтым на перыферыі пікардскага арэала германская мова захоўвалася даволі доўга. Горад Кале быў нідэрландамоўным да канца XVI стагоддзя, што дазволіла англічанам кантраляваць яго да 1588 г. (Гл. Брытанскі Кале). Дзюнкерк і шматлікія сельскія акругі былі двухмоўнымі ці нават пераважна нідэрландамоўнымі да пачатку XX стагоддзя.
Пікардская мова не выкладаецца ў школах (за выключэннем пазакласных кружкоў для валанцёраў) і не з'яўляецца агульнаўжывальнай нават на поўначы Францыі. Тым не менш, яна вывучаецца на філалагічных факультэтах універсітэтаў у паўночнафранцузскіх гарадах Ліль і Ам’ен у складзе раманістыкі і параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Пісьмовая пікардская мова абмежавана выкарыстоўваецца на шыльдах у невялікіх гарадах і пасёлках, вусная — у дыялектнай гутарцы, фальклоры, прыказках і прымаўках, рознага роду абрадах.
Французская супольнасць Бельгіі (La Communauté française de Belgique) указам 1990 года прызнала пікардскую мову рэгіянальнай мовай, нароўні з валонскай, латарынгскай, шампанскай і латарынгскай франкскай мовамі. Пры гэтым пікардская не выкладаецца ў франкамоўных школах. Колькасць тых, хто размаўляе на ёй, няспынна скарачаецца, а большасць носьбітаў, для каго гэта мова родная, старэйшыя за 50 гадоў.