Ра́бін (ад іўр.: רַבִּי (раббі) — настаўнік) — служыцель культу ў іўдаізме, суддзя па пытаннях рэлігійнага і сямейнага жыцця ў яўрэйскай абшчыне. Калегія рабінаў — рабінат — тлумачыць прадпісанні Талмуда, прыстасоўвае іх да сацыяльных умоў, імкнецца кіраваць духоўным і палітычным жыццём народных мас, практычна выконваць шэраг дзяржаўных функцый.
Інстытут рабінаў аформіўся ў раннім сярэднявеччы ў дыяспары. У сярэднія вякі і ў новы час рабін кіраваў не толькі рэлігійным, але і палітычным і эканамічным жыццём яўрэйскай абшчыны. У XVI—XVII стст. у Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім рабін часам кіраваў ешыботам. У Расійскай імперыі статус рабіна вызначаўся дзяржаўнымі пастановамі. Паводле палажэння аб яўрэях 1835 г. рабін павінен быў весці метрычныя кнігі і выконваць абрады. Паводле закона 1857 г. пасаду рабіна маглі займаць толькі выпускнікі рабінскіх вучылішчаў. На пачатку 1990-х г. у Беларусі рабінаў са спецыяльнай духоўнай адукацыяй практычна не было.
Цяпер іудзейскія рэлігійныя абшчыны арганізаваны ў Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне Рэспублікі Беларусь (ІРА ў РБ), адміністрацыйным кіраўніком якога з’яўляецца старшыня, а найбольшым аутарытэтам у справах веры карыстаецца галоўны рабін ІРА ў РБ.