Сістэматык жывой прыроды | |
---|---|
Аўтар найменняў шэрага батанічных таксонаў. У батанічнай (бінарнай) наменклатуры гэтыя назвы дапаўняюцца скарачэннем «Murch.».
Персанальная старонка на сайце IPNI |
Сэр Родэрык Імпі Мурчысан (англ.: Roderick Impey Murchison; 19 лютага 1792 — 22 кастрычніка 1871) — вядомы шатландскі геолаг, які ўпершыню апісаў і даследаваў сілурыйскі, дэвонскі і пермскі геалагічныя перыяды.
Нарадзіўся ў Тарадэйле, Шатландыя. Наведваў сярэднюю школу ў Дарэме, затым ваенны каледж у Грэйт Марлоў для падрыхтоўкі да войска. У 1808 ён высадзіўся з Артурам Уэлінгтанам ў Галісіі і ўдзельнічаў у бітвах пры Ролісе і Вімейру. Затым пад камандаваннем сэра Джона Мура ён прыняў удзел у адступленні да Ла-Каруньі і фінальнай бітве. У 1815 годзе, пасля васьмі гадоў службы, ён выйшаў у адстаўку і ажаніўся з Шарлотай Х'юганін, дачкой генерала Х'юганіна. Яны правялі два гады ў кантынентальнай Еўропе. У 1818 годзе яны пасяліліся ў Англіі, і Мурчысан пазнаёміўся з Гемфры Дэві, які пераканаў яго заняцца геалогіяй. Ён уступіў у Лонданскае геалагічнае таварыства і неўзабаве праявіў сябе як адзін з найбольш актыўных яго членаў. Сярод яго калег былі Адам Седжвік, Уільям Конібер, Уільям Бакленд, Уільям Фітан і Чарлз Лаель. Даследуючы разам з жонкай геалогію поўдня Англіі, ён звярнуў асаблівую ўвагу на скалы паўночнага захаду Сэсекса і прылеглых Хэмпшыра і Сурэя, пра якія, з дапамогай Фітана, ён напісаў сваю першую навуковую працу. Звярнуўшы ўвагу на геалогію кантынента, ён разам з Лаелем даследаваў вулканічную вобласць Аверні, часткі паўднёвай Францыі, паўночнай Італіі, Ціроля і Швейцарыі. У супрацоўніцтве з Седжвікам, ён заняўся вывучэннем геалагічнай структуры Альпаў. У 1835 годзе на аснове даследавання выкапняў на мяжы Англіі і Уэльса вылучыў самастойны перыяд, названы сілурыйскім. У 1839 годзе сумесна з А. Седжвікам вылучыў дэвонскі перыяд.
Кратар Мурчысан на Месяцы і некалькі геаграфічных аб'ектаў на Зямлі названы ў гонар Мурчысана.