Рыкард Ёханес Сандлер (шведск.: Sandler Johannes Rickard; 29 студзеня 1884 — 12 лістапада 1964) — шведскі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Адзін з лідараў Сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі Швецыі.
У 1912—1914 гадах быў рэдактарам часопіса «Тыдэн». З 1912 па 1917 год абіраўся членам ніжняй палаты Рыксдага, з 1919 года — член верхняй палаты. У 1918—1920 гадах статс-сакратар міністэрства фінансаў. У 1920-я гады Р. Сандлер некалькі разоў займаў высокія пасады ў шведскім ўрадзе — міністра фінансаў (1920), міністра без партфеля (1921—1923), міністра гандлю (кастр. 1924 — студз. 1925) і прэм’ер-міністра (студз. 1925 — чэрв. 1926). Калі сацыял-дэмакраты ў 1932—1936 і 1936—1939 гадах фарміравалі ўрад у Швецыі, Р. Сандлер займаў пасаду міністра замежны спраў у верасні 1932 — снежні 1939 года, з перапынкам на некалькі месяцаў летам 1936 года. У 1939 годзе, у знак пратэсту выйшаў са складу ўрада, бо лічыў, што Швецыя аказвае недастатковую падтрымку Фінляндыі ў час савецка-фінляндскай вайны.
Аўтар перакладу трох тамоў «Капітала» К. Маркса на шведскую мову, працы пра СССР «Практычнае ажыццяўленне сацыялізму» і інш. прац па сацыяльных пытаннях.