Каталіцкая царква | |
Сабор Найсвяцейшага Сэрца Ісуса | |
---|---|
Katedrala Srca Isusova | |
43°51′34″ пн. ш. 18°25′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Боснія і Герцагавіна |
Горад | Сараева |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Архідыяцэзія Врхбосны |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Архітэктар | Ёсіп Ванцаш[d] |
Заснавальнік | Ё. Стадлер |
Дата заснавання | 1889 |
Будаўніцтва | 1884—1889 гады |
Статус | Кафедральны сабор архідыяцэзіі Врхбосны |
Стан | Дзеючы храм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сабор Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (басн.: Katedrala Srca Isusova) — каталіцкі сабор у горадзе Сараева, Боснія і Герцагавіна. Кафедральны сабор архідыяцэзіі Врхбосны, помнік архітэктуры. Галоўны каталіцкі сабор краіны, месцазнаходжання кафедры кардынала Вінка Пуліча, адзінага баснійскага кардынала.
У 1881 годзе дыяцэзія Врхбосны атрымала статус архідыяцэзіі, тады ж было прынята рашэнне пра будаўніцтва новага сабора, які б адпавядаў статусу кафедральнага сабора архідыяцэзіі. Галоўным ініцыятарам будаўніцтва быў першы архібіскуп Сараева Ёсіп Стадлер, які ў наш час з’яўляецца кандыдатам на кананізацыю. Сабор быў пабудаваны ў неагатычным стылі ў 1884—1889 годзе па праекце архітэктара Ёсіпа Ванцаша (Josip Vancaš). У архітэктуры прысутнічае шэраг неараманскіх элементаў. Сабор быў асвячоны 14 верасня 1889 года ў імя Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.
У 1932 і ў 1985—1989 у саборы праводзіліся рэстаўрацыйныя працы. Сабор пацярпеў ад бамбардзіровак падчас аблогі Сараева. Па заканчэнні вайны храм быў адрамантаваны. У красавіку 1997 года падчас свайго візіту ў Боснію і Герцагавіну сабор наведваў Папа Ян Павел II.
Сабор уяўляе сабой трохнефную базіліку з папярочным трансэптам. Даўжыня сабора складае 41,9 метра, шырыня — 21,3[1]. Па баках фасада размешчаны дзве квадратныя ў плане вежы з гадзіннікамі, завершаныя шатровымі дахамі з крыжамі. Вышыня кожнай вежы — 43,2 метра[1]. На першым паверсе заходняй вежы знаходзіцца баптыстэрый, а ва ўсходняй размяшчаецца лесвіца на хоры і да званоў. На званіцах сабора знаходзяцца 5 званоў, якія былі адліты ў Любляне і паднесены сараеўскаму сабору як дар ад славенскага народа. Галоўны фасад упрыгожаны характэрным гатычным акном-ружай і трохвугольным франтонам па цэнтры.
У інтэр’еры сабора вылучаюцца пяць вітражоў, зробленых па замове Ванцаша ў Інсбруку. Кожны вітраж мае памеры 5,75 м на 1,33 метра[1]. Цэнтральны вітраж над галоўным алтаром адлюстроўвае сцэну, калі сотнік Лонгін пікаю прабіў бок Ісуса на крыжы, па баках ад яго знаходзяцца вітражы «Тайная вячэра» і «Ісус — Цар Сусвету». Вітражы ў бакавых нефах прысвечаны святым Маргарыце Марыі Алакок і Юліяне Льежскай , з чыімі імёнамі звязана з’яўленне свят Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Цела і Крыві Хрыстовых. Рукавы трансэпта таксама ўпрыгожаны вітражамі меншага памеру.
Галоўны алтар зроблены з белага італьянскага мармуру, упрыгожаны статуямі святых і разьбой. Вянчае алтар скульптура Хрыста, які паказвае на Сваё Святое сэрца. Бакавыя алтары ў канцы левага і правага нефаў прысвечаны Бязгрэшнаму Зачаццю Дзевы Марыі і Святым Кірылу і Мяфодзію, асветнікам славян. Васьмігранная кафедра біскупа ссунута ў бок левага нефа, выканана таксама з белага мармуру і багата ўпрыгожана разьбой.
У саборы пахаваны архібіскуп Ёсіп Стадлер.