Самасір | |
---|---|
індан. Samosir | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 630 км² |
Насельніцтва | 130 568 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 207,25 чал./км² |
Размяшчэнне | |
2°35′ пн. ш. 98°49′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | возера Тоба |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Самасі́р (індан.: Samosir) — востраў на возеры Тоба на інданезійскім востраве Суматра. Плошча — 630 км². Насельніцтва (2012 г.) — 130 568 чал.
Самасір займае значную частку возера Тоба. З’яўляецца пятым па велічыні азёрным востравам у свеце. Як і само возера, мае вулканічнае паходжанне, Сфарміраваўся у выніку мегавывяржэння, якое адбылося 73±4 тыс. гадоў таму. Характэрна сейсмічная актыўнасць. Значныя землятрусы адбываліся ў 1892, 1916, 1920—1922 і 1987 гг.
Рэльеф узгорысты, на поўначы і захадзе больш падняты, чым на ўсходзе. У цэнтральнай узгорыстай частцы вылучаецца плато (да 780 м над узроўнем возера Тоба), дзе захаваліся лясы. Ёсць некалькі ўнутраных азёр. Самыя вялікія з іх — Сідыхоні і Аек-Натананг.
Для берагоў характэрна чаргаванне скальных выступаў і пляжаў. На захадзе існуе кароткая перамычка, якая амаль злучае Самасір з асноўнай часткай вострава Суматра, з-за чаго ў літаратуры Самасір часцяком называюць паўвостравам. На самой справе, перамычку пераразае вельмі вузкі праліў. На поўначы ад Самасіра знаходзяцца некалькі дробных астраўкоў Тао.
Самасір здаўна насялялі батакі, якія згодна паданню паходзяць з гары Букіт-Пусук на заходнім беразе возера Тоба. Галоўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі земляробства і рыбалоўства. Батакі карысталіся доўгімі лодкамі, выдзеўбанымі з суцэльнага ствала дрэва. Да нашых дзён захоўваецца арыгінальнае спеўнае і ткацкае мастацтва мясцовых жыхароў, а таксама манументальныя магільні іх правадыроў.
У XVII ст. востраў і наваколлі возера Тоба былі падпарадкаваны адзінай валадарскай дынастыі. Аднак яе ўлада не была безумоўнай. Паміж вёскамі ўспыхвалі сталыя канфлікты.
У 1860-ых гг. нямецкія місіянеры распаўсюдзілі на востраве лютэранства. Сідабутар, першы валадар Самасіра, які прыняў хрысціянства, пахаваны ў вёсцы Тамок.
У 1907 г. валадар батакаў Сі Сінга Мангараджа XII пацярпеў паразу ад галандцаў, і мясцовыя землі былі далучаны да валоданняў Нідэрландаў. З 1930-ых гг. пачалося навуковае вывучэнне культуры самасірцаў.
У 1945 г. Самасір увайшоў у склад Інданезіі.
Традыцыйна батакі Самасіра займаюцца сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам. Працуе ферма па гадоўлі рыбы. У апошнія дзесяцігоддзі найбольш імкліва развіваецца турызм. Фактычна, Самасір і возера Тоба з’яўляюцца самымі прыцягальнымі аб’ектамі турыстычнай галіны на Суматры. Турыстаў прыцягваюць лагодны клімат, прыгажосць мясцовых пейзажаў, а таксама культурная спадчына батакаў. На востраве пабудавана этнаграфічная вёска, арганізуюцца фестывалі і экалагічныя экскурсіі.
Галоўны турыстычны цэнтр Тук-Тук, а таксама вёскі Сіманінда, Амбарыта (Амбарытра) і Тамок звязаны сталай паромнай пераправай з горадам Парапат на ўсходнім беразе возера. Горад Пангуруран на Самасіры звязаны з заходнім берагам дарогай. Наогул, на востраве пабудавана даволі развітая сетка камунікацый.