Сан-Мігел | |
---|---|
парт. São Miguel | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 744,55 км² |
Насельніцтва | 137 830 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 185,12 чал./км² |
Размяшчэнне | |
37°48′35″ пн. ш. 25°12′51″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Азорскія астравы |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Сан-Міге́л (парт.: São Miguel) — найбуйнейшы востраў усходняй групы Азорскіх астравоў у Атлантычным акіяне. Плошча - 744,55 км². Насельніцтва (2011 г.) - 137 830 чал.
На востраве Сан-Мігел знаходзіцца адна са сталіц Азорскіх астравоў — горад Понта-Дэлгада.
Востраў Сан-Мігел — адзін з найбольш усходніх астравоў Азорскага архіпелага. Знаходзіцца ў 137,3 км на паўднёвы ўсход ад вострава Тэрсейра, у 253,6 км на паўднёвы ўсход ад вострава Фаял, у 1399 км на захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Даўжыня з захаду на ўсход — 62 км. Найбольшая шырыня — 15,9 км.
Складзены двума вулканічнымі масівамі сушы, падзеленымі цэнтральным горным хрыбтом, што ўзнік у выніку ціску паміж рухаючыміся тэктанічнымі плітамі. Найвышэйшы пункт — вулканічны пік Вара (1105 м). Значная частка ўзбярэжжа скалістая, аднак сустракаюцца пясчаныя пляжы. Дажджавая вада запаўняе кратары і месцамі ўтварае невялікія, але маляўнічыя азёры.
Клімат міжземнаморскі мяккі знаходзіцца пад уздзеяннем паветраных мас і акіянічных плыняў. На працягу года сярэдняя дзённая тэмпература выгаецца ад +14 °C да +26 °C. Сярэднегадавая норма ападкаў — 985,6 мм.
Адкрыты партугальскімі мараплаўцамі ў 1427 г. Першае паселішча ўзнікла ў 1440 г. Каланісты, партугальцы і фламандцы, займаліся вырошчваннем пшаніцы для забеспячэння партугальскіх гарнізонаў у Афрыцы, вытворчасцю раслінных фарбавальнікаў для экспарта ў Фландрыю. З іншых краін былі ўвезены тытунь, ананасы, бананы, ямс, перац, што вырошчваюцца на Сан-Мігелі і ў наш час.
У 1522 г. у выніку моцнага землятруса, большасць паселішчаў была разбурана, аднак хутка адноўлена. У 1582 - 1640 гг. акупаваны іспанцамі. У XVI - XVII стст. пацярпеў ад нападаў французскіх, англійскіх і асманскіх карсараў. У XVIII - XIX стст. Сан-Мігел быў адным з найбольш буйных пастаўшчыкоў памяранцаў у Вялікабрытанію. У 1831 - 1832 гг. астравіцяне падтрымалі выступленні ў Партугаліі ў абарону каралевы Марыі і ліберальных свабод. На Сан-Мігелі фарміраваліся атрады для вызвалення Порту.
У 1975 г. Понта-Дэлгада, найбуйнейшы горад на востраве, быў пераўтвораны ў адну са сталіц Азорскіх астравоў. У ім знаходзіцца выканаўчая ўлада аўтаноміі.
Традыцыйная галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Глебы вострава Сан-Мігел надзвычай прыдатны для земляробства. Мясцовыя сяляне на працягу года забяспечваюць іншыя еўрапейскія краіны свежымі садавіной, гароднінай, кветкамі. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі значна большую ролю адыгрываюць турызм і транспартнае абслугоўванне.