Сара Лідман нарадзілася на поўначы Швецыі, у Андрэаса і Эны Лідман. У гэтай сям’і было яшчэ дзве дачкі — Лісбет і Тура[8]. Пасля падрыхтоўчых класаў Сара ў 1931 годзе пайшла ў няпоўную сярэднюю школу, якую скончыла ў 1936 годзе. У 1937—1938 гадах вучылася ў дадатковых, у старэйшых класах сярэдняй школы. З 1940 па 1942 завочна атрымлівала адукацыю ў Хермудскам інстытуце карэспандэнцыі і 29 мая 1942 года здала выпускны экзамен.
У 1942—1944 гады Сара Лідман вучылася ў практычнай школе ў Марыанэлундзе, здала выпускны экзамен 7 чэрвеня 1944 года. У 1945 годзе яна паступіла ва Упсальскі універсітэт, затым з-за хваробы вымушаная была перапыніць навучанне і ў 1948 годзе пачала вучыцца ў Лундскім універсітэце. У 1949 Сара атрымала ступень кандыдата філасофіі ў першай з гэтых навучальных устаноў і да 1952 года вучылася ў другой. Спецыялізавалася, у прыватнасці, на французскай мове і літаратуры (летам 1947 прайшла моўную практыку ў Грэноблі), па нарвежскай мове і літаратуры (1950, 1951) і па педагогіцы (1952)[9].
Яшчэ ў студэнцкія гады Сара Лідман падзарабляла працуючы бібліятэкарам. Атрымаўшы ў 1952 поўную вышэйшую адукацыю, у наступным годзе яна дэбютавала раманам «Смаляная даліна» і з тых часоў рэгулярна друкавалася, атрымлівала літаратурныя прэміі, друкавалася ў мас-медыя і супрацоўнічала з тэатрамі і Шведскім радыё. У 1965, 1972, 1974, 1979 і 1995 гадах пісьменніца наведвала В’етнам і вынікам гэтага наведвання сталі артыкулы і іх зборнікі, адзначаныя пратэстам супраць ўмяшання ЗША ў Індакітай. Акрамя напісання артыкулаў супраць такой палітыкі, яна выступала як удзельніца Трыбунала Расэла-Сартра і актыўны член палітычнай групоўкі «Левыя 68 года». Яе ведалі як чалавека, які горача агітуе і ўпарта дамагаецца жаданага. У 1960 годзе Лідман паехала ў Паўднёва-Афрыканскі Саюз, каб «сустрэць новых людзей і знайсці новыя праблемы». Там яе абвінавацілі ў парушэнні расавых законаў (захаваўся дакумэнтавана допыт)[10] і ў наступным годзе прымусілі з’ехаць з краіны. У 1963 Лідман змагалася з расізмам ўжо ў Кеніі. У канцы 1960-х яна падтрымлівала гарнякоў-страйкоўцаў Кіруны і іншых руднікоў. Пасля перайшла ад камуністычных поглядаў на памяркоўныя і занялася аховай навакольнага асяроддзя. Ужо перад смерцю пісьменніца выступіла супраць вайны ў Іраку. Такую дзейнасць Сары Лідман і сваё сумеснае жыццё з ёй у другой палове 1950-х апісаў Івар Лу-Юхансан у рамане «Блакітная панна».
У 1955—1963 гадах пісьменніца належала да членаў літаратурнай акадэміі «Грамадства Дзевяці» і засядала ў крэсле № 8. З 1975-га года і да самай смерці яна жыла ў сваім родным доме ў Місэнтрэске.
У 1953 годзе Сара Лідман дэбютавала раманам «Смаляная даліна», у якім адлюстравала будні вёскі Экстрэск паэтычнай мовай, якая грунтуецца на паўночна-шведскіх дыялектах і біблейскіх тэкстах[11]. «Край марошкі» (1955) — гэта шырокае эпічнае апісанне беднай вестэрботэнскай супольнасці лесаводаў. Раманы «Парасткі пад дажджом» (1958) і яго працяг «Насіць амелу» (1960) адзначаюцца псіхалагічным рэалізмам з сімвалістычнымі адценнямі. У 1960-х гадах этычная праблематыка атрымала палітычную афарбоўку. У раманах «Я і мой сын» (1961) і «З пяццю дыяментамі» (1964) гаворыцца аб расавай дыскрымінацыі[12].
Сваімі рэпартажамі «Сустрэчы ў Ханоі» (1966), «Руднік. Карціна Уда Урбума» (1968), «Наземныя і падземныя сябры» (1969) і «Птушкі ў Намдзіне» (1972) Лідман прыняла ўдзел у тагачасных спрэчках на сацыяльна-палітычныя пытанні, стаўшы на бок левага сацыялістычнага крыла і развіваючы тэму салідарнасці з беднякамі і эксплуатаванымі. У рамане «Твой слуга слухае» (1977) пісьменніца вярнулася да цыклу пра жыццё ў Вестэрботэне і апісала каланізацыю Поўначы Швецыі ў 1870-х гадах. То быў першы твор у так званым «Чыгуначным эпасе», які складаецца з пяці частак: «Дзіця гневу» (1979, адзначаны Літаратурнай прэміяй Паўночнага Савета), «Камень Набота» (1981), «Дзіўны чалавек» (1983) і «Жалезная карона» (1985). У іх моцна і пераканаўча сінтэзаваны правінцыйнае і ўніверсальнае сродкамі своеасаблівай паэтычнай прозы. Галоўным героем гэтых твораў выступае Дзідрык Мортэнсан — селянін, які дзякуючы сваёй настойлівасці і мэтанакіраванасці дамогся ўлады ў гэтай мясцовасці. Энтузіяст жалезнай дарогі, ён лічыць яе сродкам пераадолець ізаляванасць паселішча ад астатняга свету. У рэшце рэшт яго абвінавачваюць у злоўжываньнях і па іроніі лёсу вязуць у турму адным з першых цягнікоў. У гэтым цыкле многае ўзята з гісторыі роду Сары Лідман. Апошнім з серыі выйшаў у свет раман «Хвіліна невінаватасці» (1999).
Асабісты архіў Сары Лідман захоўваецца ў даследчым архіве бібліятэкі ўніверсітэта Умеа. Яе шматлікія п’есы не дачакаліся публікацыі і да гэтага часу знаходзяцца ў стане рукапісаў і машынапісаў. Некаторыя з іх у свой час перадаваліся па радыё і тэлебачанні.
П’еса на матэрыяле «Парасткаў пад дажджом». Рукапіс. Не пастаўлена. 1950-я гады
Job Klockmakares dotter — «Дачка гадзіншчыка Іова». Машынапіс, пастаўлена ў гарадзкім тэатры Гётэбарга (1954, 1955), у тэатрах «Рыкстэатэрн» (1956) і «Камартэатэрн» (1956)
Aina — «Айна». Рукапіс, пастаўлена ў Каралеўскім драматычным тэатры і ў гарадскім тэатры Гётэбарга (1956, 1957), а таксама ў «Рыкстэатэрне» (1960)
De vilda svanarna — «Дзікія лебедзі». Машынапіс інсцэніроўкі казкі Андэрсана. Пераклад на нямецкую Фрэды Эльмы і Сары Лідман. Пастаўлена на тэлебачанні сіламі тэатраў «Камартэатэрн» (1971, 1972), «Трэндэлаг тэатэр» (1975, 1976) і «Рыкстэатэрн» (1979)
Balansen och Skogen — «Раўнавагу і лес». Пастаўлена ў тэатры «Данстэатэр» (1975)
Din tjänare мы чуем, Vredens barn — «Твой слуга слухае», урыўкі з рамана «Дзіця гневу». Для тэатральнай пастаноўкі апрацавалі Лейф Сундберг і Сара Лідман. Рыхтавалася для тэатра «Норботэнстэатэрн» (1981)
Hästen och tranan — «Конь і журавель». Машынапіс. Пастаўлена і перададзена па тэлебачанню сіламі тэатраў «Вестэрботэнстэатэрн» (1983), «Норботэнстэатэрн» і іншых
Järnkronan — «Жалезная карона». Машынапіс. Пастаўлена не менш чым у двух версіях (1987)