Станіслаў Ляшчынскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Stanisław Leszczyński | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Ян Ігнацы Ляшчынскі[d] | ||||||
Пераемнік | Кшыштаф Мікалай Тавянскі[d] | ||||||
|
|||||||
|
|||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
20 кастрычніка 1677[1] |
||||||
Смерць |
23 лютага 1766[1] (88 гадоў) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Ляшчынскія[3] | ||||||
Бацька | Рафал Ляшчынскі | ||||||
Маці | Ганна з Ябланоўскіх[d] | ||||||
Жонка | Кацярына Апалінская[4] | ||||||
Дзеці | Марыя Ляшчынская[3] і Ганна Ляшчынская[d] | ||||||
Веравызнанне | каталіцтва | ||||||
Член у | |||||||
Аўтограф | |||||||
Узнагароды | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Станіслаў Ляшчынскі (польск.: Stanisław Leszczyński; 20 кастрычніка 1677 — 23 лютага 1766) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1704—1706; 1733).
Нарадзіўся ў сям'і польскага магната, палітычнага дзеяча і вялікага падскарбія кароннага Рафала Ляшчынскага і Анны з Ябланоўскіх, праз якую меў сваяцкія сувязі з родам Сабескіх. Атрымаўшы добрую адукацыю, павандраваўшы па Еўропе і вярнуўшыся ў Польшчу, Станіслаў атрымаў дробную пасаду старасты, а ў 1699 — пазнаньскага ваяводы, распачаў актыўную дзейнасць на соймах. У 1698 пабраўся шлюбам з Катарына з Апалінскіх са значнага магнацкага роду. Меў дачок Ганну і Марыю.
Пасля смерці Яна Сабескага 17 чэрвеня 1696 года ў Рэчы Паспалітай распачалася барацьба за сталец. На яго прэтэндавалі розныя асобы, якія імкнуліся атрымаць падтрымку ў магнатаў краіны. Найбольш вострая барацьба была паміж дзвюма групоўкамі, якія падтрымлівалі саксонца Аўгуста Ветына (вылучэнца Расіі і Аўстрыі) і француза Франсуа Людовіка дэ Бурбон графа Конці (вылучэнца Францыі). Адбылася падвоеная элекцыя, на адным сойме абралі Конці, а на наступны дзень пры дапамозе расійскіх войскаў на іншым сойме абралі Аўгуста, які быў каранаваны. Аднак падобны вынік не задаволіў значную частку магнатаў, і ў краіне стварылася моцная апазіцыя, да якой належалі і Ляшчынскія.
У 1700 распачалася Паўночная вайна, напачатку паспяховая для Швецыі. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Моцны быў саюзнікам Пятра I, у наступным 1701 шведскія войскі з'явіліся на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, унутраная апазіцыя Аўгусту перайшла на бок шведаў. Аўгуст уцёк, Карл XII дамогся абвяшчэння ў лютым 1704 бескаралеўя і прызначэння новых выбараў. Кандыдатуры мажлівых каралёў разглядаў Карл XII.
Прэтэндэнтаў на карону было шмат. На разгляд Карлу трапілі кандыдатуры старэйшых сыноў Яна Сабескага Якуба і Канстанціна, а таксама вылучэнца Францыі (саюзніцы Швецыі) Франсуа Людовіка дэ Бурбона графа Конці. Аднак, па шэрагу розных акалічнасцей абранне ніводнага з іх не магло ажыццявіцца. Карлу патрэбны быў новы кароль, які б цалкам залежаў выключна ад яго. У такіх абставінах Карл XII звярнуў увагу на маладога Ляшчынскага. Супраць кандыдатуры мусілі паўстаць Патоцкія, Любамірскія, Радзівілы і іншыя значныя роды краіны, якія лічылі сябе больш вартымі каралеўскага пасаду. Аднак штыкі шведаў былі тады больш красамоўным аргументам, і таму 12 ліпеня 1704 пад наглядам шведскіх войскаў у Варшаве на адпаведным сойме адбылася афіцыйная элекцыя Станіслава Ляшчынскага. Праўда, яна была зроблена насуперак традыцыі, бо дакумент пра абранне адмовіўся падпісаць прымас Міхал Радзяёўскі, замест яго гэта зрабіў пазнаньскі біскуп Мікалай Свянціцкі. Яшчэ перад элекцыяй новы кароль абвясціў, што перадасць сталец больш законнаму прэтэндэнту Якубу Сабескаму, калі той будзе вызвалены.
У верасні 1705 пад наглядам шведскіх войскаў сабраўся Каранацыйны сойм у Варшаве, і 3 кастрычніка ў касцёле Св. Яна Станіслаў урачыста падпісаў pacta conventa, а на другі дзень архібіскуп львоўскі Канстанцы Зялінскі правёў каранацыю Ляшчынскага. Каранацыя прайшла з пэўным адыходам ад традыцый, яна прайшла не ў Кракаве, а ў Варшаве, і праводзіў яе не прымас, а архібіскуп львоўскі, што надавала ёй рысы нелегетымнасці. Неўзабаве пасля каранацыі была падпісаная мірная дамова паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй. Кароль Станіслаў залежаў ад Карла не толькі палітычна, але і матэрыяльна, бо амаль адразу пасля элекцыі прыхільнікі Аўгуста захапілі і вынішчылі маёнткі Ляшчынскага. Таму ён быў вымушаны пазычаць грошы за мяжой ці ў Карла.
Такім чынам, у Рэчы Паспалітай было адразу два выбраныя і ўмоўна легетымныя каралі. Хоць Аўгуст часова адмовіўся ад вяртання стальца і знаходзіўся ў роднай Саксоніі, аднак Карл XII у 1706 робіць выправу ў Саксонію. У выніку Альтранштацкага міру Аўгуст адмовіўся ад стальца і афіцыйна прызнаў за караля Станіслава. Але ў выніку гэтай дамовы на волю выйшлі браты Сабескія, што ўскладніла становішча Ляшчынскага, бо ён раней абяцаў перадаць сталец Якубу Сабескаму. Але перамоў аб перадачы стальца нават не вялося, бо Карла задавальняла кіраванне Станіслава.
Аднак кіраванне Станіслава не задавальняла Пятра I, саюзніка Аўгуста і ворага Карла. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту і перашкодзіць прасоўванню шведаў да межаў Расіі. Шведскае войска намагалася даць расійскаму генеральную бітву, аднак гэта не ўваходзіла ў планы рускіх — расійскія войскі ўнікалі сутыкненняў. Пасля Палтаўскай бітвы 7 ліпеня 1709 Ляшчынскі застаўся без падтрымкі. Аўгуст жа, даведаўшыся пра перамогу Пятра I, з 10-тысячным войскам увайшоў у Рэч Паспалітую.
Ляшчынскі 19 жніўня 1709 выдаў маніфест, згодна з якім прапанаваў прызначыць новыя выбары. Аднак гэта супярэчыла планам Пятра I. Пад пагрозай наступу расійскага і саксонскага войскаў, Станіслаў выехаў да Шчэціна, на тэрыторыю Памор'я, якое тады мела нейтральны статус і куды яшчэ раней была перавезеная каралеўская сям'я. У снежні 1710 Карл XII, які яшчэ знаходзіўся ў турэцкім палоне, абвясціў Ляшчынскага генеральным упаўнаважаным у Швецыі, з тым, каб той сабраў там войска і рушыў у Рэч Паспалітую. Пасля гэтага ў Пятра і Аўгуста з'явіліся падставы для нападу на Памор'е. Станіслаў Ляшчынскі ўцёк у Швецыю, дзе яго сустрэлі не вельмі добра, бо благім было ўжо стаўленне да Карла. Але Станіслаў усё ж праз некаторы час з 10-тысячным войскам пайшоў на Памор'е, аднак выправа не была ўдалая.
Тымчасова Аўгуст хоць меў моц, але не меў каралеўскага тытулу, бо выракся яго. Станіслаў жа не меў моцы, але быў адзіным на той час каралём Рэчы Паспалітай. Першым былі прыкладзены намаганні, каб другі выракся стальца. Аўгуст забраў у дрэздэнскіх банкіраў распіскі Ляшчынскіх на вялікія сумы грошай і аддаў іх асабістаму ворагу Станіслава Флемінгу, які заняў усе маёнткі Ляшчынскіх, прапануючы вярнуць іх за адмову ад стальца і нават прыплаціць. 5 снежня 1712 быў падпісаны Рыбніцкі дагавор, паводле якога Ляшчынскі пагаджаўся адмовіцца ад прэтэнзій на сталец і вяртаў Аўгусту Альтранштацкі акт, за што той абвяшчаў амністыю прыхільнікам Станіслава, выплачваў яму 100 тыс. дукатаў адначасавова, а таксама па 150 тыс. талераў штогод. Землі Ляшчынскага павінны былі вярнуцца да яго толькі са згоды Рэчы Паспалітай. Але на гэту дамову патрабаваўся дазвол Карла, і Станіслаў паехаў да яго. Швед жа не жадаў слухаць пра капітуляцыю, да таго ж хутка султан загадаў арыштаваць Карла. Станіслава султан таксама пакінуў пры сабе, праўда, з прапановай дапамагчы ў вяртанні кароны. За гэту паслугу ён патрабаваў аддаць Асманскай імперыі Украіну. Але пакуль ішлі гэтыя перамовы, туркі заключылі мір з Пятром I, і Ляшчынскі мусіў уцячы ў Швецыю. Сюды ж праз некаторы час прыбыў Карл XII, які даў свайму былому вылучэнцу невялікі маёнтак на ўтрыманне і пенсію.
Ляшчынскі шукаў грошы, бо шведы часцяком забываліся выплачваць яму пенсію, і абараняўся ад замахаў на сваё жыццё, якія рабіў уладальнік маёнткаў Станіслава, яго вораг Флемінг. Да гэтага ў 1717 памерла васемнаццацігадовая дачка Станіслава Ганна, а на наступны год Карл XII. Ляшчынскі пераехаў у Францыю. У 1719 кароль Рэчы Паспалітай атрымаў дазвол на жыццё ў Францыі ў невялікім Вісембургу разам з сям'ёй і дваром, а таксама невялікае штогадовае грашовае ўтрыманне ў 20 тыс. ліўраў. У жніўні 1725 адбыўся шлюб дачкі Станіслава Марыі з каралём Людовікам. Станіслаў Ляшчынскі як каралеўскі цесць адразу атрымаў новую штотыднёвую пенсію ў 2 тыс. ліўраў. Ён не ўдзельнічаў у палітыцы, а зрабіўся філосафам.
1 лютага 1733 памёр Аўгуст II. Было абвешчанае чарговае беcкаралеўе, і Ляшчынскі атрымаў магчымасць заняць каралеўскі сталец з дапамогай Францыі. Аднак хоць Аўгуст II і не меў вялікай падтрымкі, яго сын здабываў сабе сталец з дапамогай Расіі. 20-тысячнае расійскае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла яму на дапамогу. У гэты час нібыта пачала свой рух невялікая французская дапамога Ляшчынскаму, сам Станіслаў, пераапрануўшыся гандляром, праехаў праз Германію і нечакана для ўсіх з'явіўся ў Кракаве падчас Элекцыйнага сойму, на якім прысутнічала дваццаць тысяч шляхты. 12 верасня 1733 прымас абвясціў Станіслава каралём. Аднак ваеннай дапамогі ў яго не было і ён не мог супрацьстаяць расійскаму войску, якое праз некалькі дзён з'явілася каля Кракава. Станіслаў вымушаны быў уцячы да мора ў Гданьск, каб чакаць французскай дапамогі.
5 кастрычніка 1733 у Кракаве з дапамогай расійскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст Саксонскі, які і быў неўзабаве каранаваны. Расійскія войскі рушылі на Гданьск, каб знішчыць Станіслава. Станіслаў так і не дачакаўся французскай дапамогі, бо ў гэты час пачалася франка-аўстрыйская вайна. У лютым 1734 пачалася аблога Гданьска рускімі. Амаль паўгода цягнулася абарона горада, але ніякай дапамогі не было. Калі ж не засталося ніякай надзеі, Ляшчынскі ўцёк, пераапрануўшыся селянінам, у Прусію, а адтуль — у Францыю.
Франка-аўстрыйская вайна скончылася мірам у верасні 1734, па яго ўмовах Станіслаў Ляшчынскі захоўваў тытул караля, аднак замест Рэчы Паспалітай атрымоўваў заваяваную французамі Латарынгію. Рэальна кіраваць гэтай правінцыяй яго дапусцілі не адразу. Некалькі гадоў з ім вялі перамовы, і ў выніку была падпісаны дагавор, згодна з якім Ляшчынскі не мог атрымліваць прыбыткі ад гаспадаркі Латарынгіі, а жыў толькі на афіцыйна прызначаную ўрадам пенсію, нібы чыноўнік. Кароль тут меў вялікія і прыгожыя палацы, працягваў сваю мецэнацкую і філасофскую дзейнасць — вядомая яго палеміка з Русо.
У 1737 С. Ляшчынскі арганізаваў у Люневілі рыцарскую акадэмію (корпус кадэтаў), дзе на ўласныя сродкі вучыў 30 маладых шляхцічаў з Латарынгіі і гэтулькі ж з Рэчы Паспалітай. Карона прадстаўляла 18 юнакоў, а Вялікае Княства Літоўскае — 12. Наборам моладзі з ВКЛ займаўся віцебскі кашталян Сымон Сіруць, тагачасны сакратар караля Станіслава ў Люневілі. Берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч у сваім «Дыярыюшы», апавядаючы пра ініцыятыву экс-караля, пісаў, што ў акадэміі маюць адбывацца «ўсе ваенныя практыкаванні па архітэктуры militaris et civilis», геаметрыі, геаграфіі, мовах розных замежных, выездцы коннай, танцах, фехтаванні і іншых розных ведаў"[5].
Пасля смерці Аўгуста III 86-гадовы Ляшчынскі прапанаваў французскаму ўраду зноў падтрымаць яго ў якасці прэтэндэнта на сталец, аднак яго кандыдатуру адмовіліся разглядаць.
23 лютага 1766 Станіслаў Ляшчынскі памёр. Пахаваны ў горадзе Нансі, дзе жыў апошнімі гадамі і дзе яму пастаўлены помнік.