Сусветная ліга за свабоду і дэмакратыю кіт.: 世界自由民主聯盟總會 англ.: World League for Freedom and Democracy | |
---|---|
Штаб-кватэра | Кітайская Рэспубліка, Тайбэй |
Тып арганізацыі | міжнародная арганізацыя |
Кіраўнікі | |
прэзідэнт | Жаа Інцы |
генеральны сакратар | Сё Вэньхуан |
Заснаванне | |
канферэнцыя | 7 лістапада 1966 года |
web.archive.org/web/2006… |
Сусветная антыкамуністычная ліга (анг. World Anti-Communist League) — антыкамуністычная арганізацыя, заснаваная ў 1966 г. у Тайбэй на Тайване. Ад 17 верасня 1994 г. вядомая як Сусветная Ліга за свабоду і дэмакратыю.
Ініцыятарам стварэння Лігі быў дыктатар Тайваня Чан Кайшы. Сусветная антыкамуністычная ліга (САЛ) займалася фінансавым і матэрыяльным прасоўваннем правых арганізацый у барацьбе з камунізмам. Вялікую ролю ў стварэнні Лігі згуляла разведка южнакарэйскай дыктатуры прэзідэнта Пак Чон Хі, так званае Карэйскае нацыянальнае агенцтва выведкі, а таксама Царква аб'яднання[1][2][3][4][5]. Кожны год арганізацыя праводзіла канферэнцыі працягласцю ў некалькі дзён, таксама праводзіліся навучанні ў сферы псіхалагічнай вайны. Сусветная антыкамуністычная ліга актыўна ўдзельнічала ў Халоднай вайне з антыкамуністычных і антысавецкіх пазіцый.
Адной з найбольш актыўных галін Лігі была Рада Спалучаных Штатаў па сусветнай свабодзе (анг. United States Council for World Freedom), якая была заснаваная ў 1980 г. генералам Джонам Сінглаўбам і прадстаўляла ЗША. Генерал Сінглаўб быў старшынёй Лігі з 1984 г. па 1986 г. У 1980 г. да Рады дырэктараў Сусветнай антыкамуністычнай Лігі належаў сенатар Джон Мак-Кейн. Лігу падтрымлівалі прэзідэнты ЗША Джіммі Картэр і Рональд Рэйган. Асабліва актыўнай Ліга была ў Лацінскай Амерыцы, дзе яна, напрыклад, падтрымлівала дзейнасць антыкамуністычных партызанаў Контрас у Нікарагуа.
У СССР САЛ падвяргалася крытыцы як цэнтр самай крайняй рэакцыі, «ударны атрад імперыялізму і фашызму». Пры гэтым аб канкрэтных дзеяннях Лігі ў савецкім друку паведамлялася вельмі скупа, а у перыяд распаду СССР некаторыя аўтары паказвалі на Лігу як на сілу крымінальнай фашызацыі постсавецкай прасторы.
З Сусветнай антыкамуністычнай лігай супрацоўнічаў Беларускі вызвольны фронт — беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя, заснаваная Радаславам Астроўскім.
Ад 17 верасня 1994 г. арганізацыя стала вядомая як Сусветная ліга за свабоду і дэмакратыю. У 2000-х гадах дзейнасць арганізацыі практычна цалкам звялася да прадстаўнічых мерапрыемстваў і ўрачыстага святкавання Сусветнага дня свабоды 23 студзеня (дата вяртання 14 тысяч тайваньскіх жаўнераў у Кітайскую Рэспубліку з палону Карэйскай вайны ў 1954 годзе).