Табуаэран

Табуаэран
англ. Tabuaeran
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча33,73 км²
Найвышэйшы пункт3 м
Насельніцтва1 992 чал. (2020)
Шчыльнасць насельніцтва59,06 чал./км²
Размяшчэнне
3°51′36″ пн. ш. 159°21′52″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Лайн
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Табуаэран (Ціхі акіян)
Табуаэран
Табуаэран
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Табуаэран (англ.: Tabuaeran), або Фанінг (англ.: Fanning) — атол у Паўночнай групе астравоў Лайн. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча — 33,73 км². Насельніцтва (2020 г.) — 1992 чал.

Табуаэран уяўляе сабою тыповы каралавы атол, які складаецца з некалькіх астравоў, што месцяцца вакол шырокай лагуны. Прырода, у тым ліку каралавы рыф, значна збеднена дзейнасцю чалавека. Эндэмічны лес не захаваўся. Большую частку сушы займаюць насаджэнні какосавай пальмы. Фаўна прадстаўлена пераважна птушкамі і крабамі.

Першымі часовымі насельнікамі былі, відавочна, палінезійцы, пасля якіх на востраве захаваліся рэшткі каменнага мура.

11 чэрвеня 1798 г. атол быў адкрыты амерыканскім капітанам Эдмундам Фанінгам і атрымаў яго імя.

У сярэдзіне XIX ст. на Табуаэран перасяліліся выхадцы з астравоў Кука, якія займаліся вырошчваннем какосаў. Мясцовыя плантацыі кантраляваліся аўстралійскай кампаніяй Fanning Island Plantations Ltd.

У 1855 г. быў абвешчаны пратэктарат Вялікабрытаніі. У 1885 г. брытанцы афіцыйна далучылі атол да сваіх тэрыторый. У 1939 г. уключаны ў склад брытанскай калоніі Астравы Гілберта і Эліс.

У 1888 г. на атоле была пабудавана кабельная станцыя, што абслугоўвала трансціхаакіянскую лінію сувязі. У 1914 г. яна была захоплена і знішчана дэсантам з нямецкага крэйсера «Нюрнберг». У пачатку 1950-ых гг. станцыя зачынена.

У 1979 г. Табуаэран увайшоў у склад Кірыбаці. Урад гэтай дзяржавы выкупіў акцыі Fanning Island Plantations Ltd. У 1980-ыя гг. пачалося перасяленне тунгару з астравоў Гілберта.

Эканоміка і інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

На атоле існуе 9 паселішчаў. Адміністрацыйны цэнтр у вёсцы Паелау. Большасць насельнікаў — тунгару. Яны займаюцца вырошчваннем какосаў і ловам рыбы. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць турызм.

Са знешнім светам атол звязаны суднаходнай лініяй.