Генерал-губернатарства | |||||
Тайвань | |||||
---|---|---|---|---|---|
台灣 | |||||
|
|||||
|
|||||
|
|||||
Сталіца | Тайхоку | ||||
Мова(ы) | Японская мова, Тайванская мова | ||||
Афіцыйная мова | японская мова | ||||
Рэлігія | Сінтаізм | ||||
Грашовая адзінка | Taiwanese yen[d] | ||||
Валюта | тайванская ена | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тайвань знаходзіўся пад кіраваннем Японіі з 1895 па 1945 год. У 1895 годзе востраў стала японскай калоніяй па ўмовах Сіманасекскага мірнага дагавора. Цягам наступных 50 гадоў выспай кіравала японская каланіяльная адміністрацыя. Пасля паразы Японіі ў Другой сусветнай вайне ён увайшоў у склад Кітайскай Рэспублікі.
Японія стала разглядаць магчымасць заваёвы Тайваня з канца XVI стагоддзя, калі Таётомі Хідэёсі пачаў палітыку заморскай экспансіі. З-за хвароб і ўзброенага супраціву першабытнікаў некалькі спроб уварвання на востраў скончыліся няўдала. У 1609 годзе Сёгунат Такугава адправіў на востраў Харуна Арыма для даследавання тэрыторыі. У 1616 годзе Мураяма Тоан узначаліў няўдалае ўварванне на востраў.
У лістападзе 1871 года 69 чалавек на борце судна з Каралеўства Рукю былі выкінуты на бераг моцным ветрам на паўднёвым ускрайку вострава Тайвань. У пацярпелых крушэнне паўстаў канфлікт з людзьмі з племя паіван, у выніку чаго многія рукюсцы былі забіты. У кастрычніку 1872 года Японія запатрабавала кампенсацыі ад Цынскага ўрада, матывуючы гэта тым, што рукюсцы з'яўляюцца падданымі Японіі. У маі 1873 года японскія дыпламаты прыбылі ў Пекін і падалі свае вымогі, але цынскі ўрад неадкладна іх адпрэчыў, матывуючы гэта тым, што Каралеўства Рукю з'яўляецца незалежнай дзяржавай. Японцы адмовіліся ісці і запатрабавалі, каб цынскі ўрад пакараў «варвараў з Тайваня». Ім было растлумачана, што на Тайвані ёсць два віды першабытнікаў: тыя, якія непасрэдна кіруюцца ўрадавымі службоўцамі, і «дзікія варвары, якія знаходзяцца па-за ўплывам кітайскай культуры, якімі немагчыма кіраваць непасрэдна». Цынскія ўлады ясна далі зразумець японцам, што Тайвань знаходзіцца пад уладай імперыі Цын, нават калі асобныя насялялыя там плямёны і не схільныя ўплыву кітайскай культуры. Таксама японцам былі прыведзены прыклады выпадкаў з розных краін свету, калі першабытнікі, якія жывуць на тэрыторыі, што фармальна ўваходзіць у склад якой-небудзь дзяржавы, не адпавядаюць паноўнай культуры краіны.
У красавіку 1874 года японскі ўрад адправіў больш за 3 тысячы чалавек на Тайвань у складзе карнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Сайго Цугуміці. Даведаўшыся пра наяўнасць на востраве японцаў і іх баях з першабытнікамі (было забіта 30 першабытнікаў і 12 японцаў, яшчэ 531 японскі салдат памёр ад хвароб), цынскі ўрад з мая 1874 года пачаў перапраўляць на Тайвань войскі для ўзмацнення мясцовага гарнізона. У лістападзе 1874 года, усвядоміўшы сваю негатовасць да вайны з Кітаем, і атрымаўшы кампенсацыю ў памеры 500'000 лянаў срэбра, Японія вывела войскі.
У 1895 годзе, пасля Япона-кітайскай вайны, у адпаведнасці з Сіманасекскім дагаворам Тайвань быў перададзены Японіі. Адразу пасля падпісання дагавора абодва ўрады паслалі на Тайвань сваіх прадстаўнікоў для ажыццяўлення працэдуры перадачы, увесь працэс павінен быў заняць не больш за два месяцы. Цырымонія перадачы адбывалася на борце японскага карабля, бо кітайскія прадстаўнікі асцерагаліся варожых дзеянняў з боку жыхароў Тайваня. Новая японская каланіяльная адміністрацыя дала насельнікам Тайваня два гады для таго, каб тыя маглі прыняць рашэнне: застацца пад японскім кіраваннем ці пакінуць востраў.
Першы перыяд японскага кіравання характарызуецца высокім узроўнем партызанскага змагання з боку мясцовых жыхароў. У выніку на сесіі Парламента Японіі ў 1897 годзе нават абмяркоўвалася пытанне пра тое, ці не прадаць Тайвань Францыі. У гэты перыяд пост генерал-губернатара Тайваня звычайна быў заняты прадстаўніком вайсковых колаў.
У 1898 годзе генерал-губернатарам Тайваня быў прызначаны генерал Кадама Гэнтаро, з якім прыбыў таленавіты палітык Гота Сімпэй, які ўзначаліў грамадзянскую каланіяльную адміністрацыю. У той час разглядалася два варыянты кіравання Тайванем. Першы падыход, якога прытрымліваўся Гота, сцвярджаў, што з пункту гледжання біялогіі асіміляцыя тубыльцаў немагчыма, таму Японіі трэба выкарыстоўваць брытанскія прынцыпы кіравання калоніямі; іншымі словамі, для Тайваня трэба распрацаваць абсалютна новы збор законаў, ім няможна кіраваць таксама, як уласна Японіяй. Процілеглы падыход, прыхільнікам якога быў будучы прэм'ер-міністр Хара Такасі, разглядаў тайванцаў і карэйцаў як «амаль японцаў», здольных інтэгравацца ў японскае грамадства і, такім чынам, меркаваў магчымым прымяненне да іх тых жа законаў і правілаў, што і да іншых японцаў. З 1898 па 1906 год, пакуль тайванскую адміністрацыю ўзначальваў Гота, быў папулярны першы падыход, і так было, пакуль у 1918 годзе Хара Такасі не стаў прэм'ер-міністрам.
Сярэдзіна 1910-х — кіраванне пад дэвізам «Тайсё» — гэта перыяд дэмакратызацыі ў жыцці Японіі. У 1919 годзе генерал-губернатарам Тайваня ўпершыню стаў грамадзянскі чалавек — Дэн Кэндзіро. Перад адбыццём на Тайвань ён сустрэўся з прэм'ер-міністрам Харам, які даў «добра» на правядзенне палітыкі «До:ка» («інтэграцыі»), фармальна абвешчанай у кастрычніку 1919 года. У адпаведнасці з гэтай палітыкай, Тайвань разглядаўся як працяг уласна японскіх астравоў, і яго насельнікі павінны былі ўсвядоміць сваё месца і абавязкі ў якасці падданых Японскай імперыі.
У рамках гэтай палітыкі, што праводзілася наступныя 20 гадоў, былі створаны мясцовыя органы ўлады, заснавана школьная сістэма, забаронены целавыя кары, стымулявалася выкарыстанне японскай мовы. Гэта рэзка кантраставала з дачыненнем ранейшай адміністрацыі да мясцовых патрэб, калі ўсе клопаты зводзіліся да «чыгунак, вакцынацыі і вадавода».
Пасля пачатку войны з Кітаем Тайванем ізноў сталі кіраваць вайскоўцы, а тайванскія рэсурсы пачалі выкарыстоўвацца ў вайсковых цэлях. Для гэтага была патрэбна супраца з боку тайванцаў, якіх трэба было цалкам убудаваць у японскае грамадства. Таму каланіяльная адміністрацыя кінула ўсе сілы на правядзенне палітыкі «Да:мінка ундо:» («Рух інтэграцыі ў імперыю»), накіраванай на поўную япанізацыю тайванцаў. Мясцовых жыхароў сталі прымушаць выкарыстоўваць японскую мову, насіць японскае адзенне, жыць у японскіх дамах і звяртацца ў сінтаізм. З 1942 года, пасля пачатку баявых дзеянняў на Ціхім акіяне, тайванцаў сталі заклікаць уступаць у Японскую імператарскую армію і Японскі імператарскі флот; у 1945 годзе быў уведзены паўнаварты заклік у армію.