Талышы (толышон, tolışon, تالش) | |
Агульная колькасць | каля 236400 тыс. (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Іран — 157 400 Азербайджан — 76 000 |
Мова | талышская |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | гілянцы, мазендэранцы, белуджы |
Талышы (саманазвы: толышон, tolışon), або талешы ( تالش) — народ на поўдні Азербайджана і паўночным захадзе Ірана. Агульная колькасць (2013 г.) — каля 236 400 тыс.[1].
Большасць даследчыкаў гісторыі і мовы талышоў лічаць іх нашчадкамі старажытных кадусіяў, аўтахтоннага насельніцтва паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Каспійскага мора[2][3]. Згодна з гэтай гіпотэзай, талышы маюць адзінае паходжанне з гілянцамі. Часам продкамі талышоў таксама называюцца старажытныя мідзяне[4].
Вывучэнне генетыкі азербайджанскіх талышоў[5] паказала іх першасную блізкасць да індаеўрапейскіх народаў Каўказа і Блізкага Усходу — курдаў, персаў і асецінаў, у крыху меншай ступені — да іншых суседзяў: азербайджанцаў, армян, горскіх народаў, туркменаў.
Праблема ўзнікнення назвы народа «талышы» выклікае шмат спрэчак. Яна з’явілася толькі ў эпоху сярэднявечча. Большасць вучоных тлумачаць яе або рознымі формамі маўлення назвы «кадусіі», або арабскім тэрмінам, якім першапачаткова пазначалі жыхароў сучаснага паўночна-заходняга Ірана[6].
У сучаснасці талышы насяляюць пераважна памежныя прыморскія і часткова перадгорныя раёны Ірана і Азербайджана. Асновай традыцыйнай гаспадаркі з’яўляецца земляробства. Талышы вырошчваюць рыс, кукурузу, тытунь, чай, садавіну і гародніну. Важнымі заняткамі таксама лічацца пчалярства, шаўкаводства, рыбалоўства, збор дзікіх яблыкаў, вінаграду, часныку і інш. Жывёлагадоўля адыгрывае другарадную ролю. Трымаюць кароў, зебу, авечак і коз. У мінулым талышы-горцы займаліся сельскай гаспадаркай толькі ў цёплы сезон, а ўзімку працавалі на раўнінах дробнымі гандлярамі, носчыкамі, вугальшчыкамі. Сярод традыцыйных рамёстваў асаблівае месца займаюць ткацтва і пляценне.
Асноўны тып паселішча — вёска. Забудова залежыць ад геаграфічных уласцівасцяў населеных пунктаў. На ўзбярэжжы пераважае раскіданая планіроўка, у перадгор’ях — скучаная. Сялянская сядзіба ўключае хаціну, свіран, падобны да альтанкі на па́лях лям. Раней жыхары ўзбярэжжа будавалі хаціны з чароту і гліны, горцы — з дрэва. Часцяком пад адным дахам з чатырма пахіламі месцілася жытло і хлеў. Хаціны ацяпляліся з дапамогай адкрытага агменю.
Традыцыйная вопратка складаецца з баваўнянай кашулі, шырокіх штаноў і невялікага лямцавага капялюшыка ў мужчын, доўгай кашулі па-над спадніцай, кофты і хусткі ў жанчын. Існуе спецыяльны жаночы строй для працы на рысавых палетках. Ён складаецца з кароткіх штаноў, кашулі і нарукаўнікаў. Талышскія жанчыны любяць разнастайныя ўпрыгожванні — каралі, падвескі, старадаўнія манеты.
Талышская народная кухня дастаткова разнастайная. Штодзённай стравай лічыцца вараны дробны рыс, які часцяком замяняе пшанічны хлеб. Акрамя таго, з рысу гатуюць плоў, разнастайнае начынне для мяса і рыбы, куды таксама дадаюць спецыі, арэхі, гародніну. Мяса і рыбу ўжываюць з гароднінай і рознымі падлівамі. Супы не вельмі распаўсюджаны, часцей гатуюцца з трыбухаў. Папулярныя напоі — кісламалочны айран і чай.
Традыцыйныя сем’і малыя нуклеарныя. У Азербайджане да 1920-х гадоў, а ў Іране і ў наш час практыкуецца палігінія. Мужчыны часцяком жэняцца двойчы, што важна для вядзення гаспадаркі. Асноўную працу на рысавых палетках выконваюць жанчыны. Згодна са звычаёвым правам, спадчына перадаецца па мужчынскай лініі.
Талышскі фальклор адметны казкамі і паданнямі.
Талышская мова належыць да паўночна-заходняй іранскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. У 1928 г. была распрацавана пісьмовасць на аснове лацінкі. На ёй у савецкім Азербайджане было надрукавана 19 выданняў, што з’явілася важным для фарміравання літаратурнай мовы. У канцы 1930-х гг. сталы друк на талышскай мове перарваўся. У пасляваенны перыяд азербайджанскія талышы карысталіся кірыліцай, з 1991 г. таксама пішуць на азербайджанскай лацініцы. У Іране выкарыстоўваюць пісьмо на аснове фарсі. Талышская мова не мае афіцыйнага статусу ні ў Азербайджане, ні ў Іране. У Іране выкладаецца ў асобных школах.
Літаратура прадстаўлена паэзіяй і прозай. Перакладам талышскай паэзіі на беларускую мову займаўся Рыгор Барадулін.
Большасць вернікаў сярод талышоў Азербайджана — мусульмане-шыіты, сярод талышоў Ірана — суніты.
Паводле перапісу 2009 г. толькі 11 жыхароў Беларусі назвалі сябе талышамі. З іх 7 чал. вызначылі талышскую мову як родную[7]. У Мінску дзейнічае аддзяленне Міжнароднага фонда адраджэння талышскай культуры[8].